Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕМБРА́ННЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗДЗЯЛЕ́ННЯ,

метады раздзялення вадкіх і газавых сумесей, якія ажыццяўляюць з дапамогай селектыўна пранікальных (раздзяляльных) мембран. Растворы раздзяляюць метадамі адваротнага осмасу, ультрафільтрацыі, дыялізу, электрадыялізу, выпарвання праз мембрану, калоідныя сістэмы — метадамі мікрафільтрацыі і ультрафільтрацыі.

М.м.р. заснаваны на рознай пранікальнасці мембран адносна кампанентаў сумесі, якую раздзяляюць. Рухальнай сілай працэсаў раздзялення з’яўляецца градыент ціску, канцэнтрацыі, эл. патэнцыялу, т-ры з розных бакоў мембраны. Рухальную сілу працэсу раздзялення, селектыўнасць і тэрмін выкарыстання мембран памяншае т.зв. канцэнтрацыйная палярызацыя — павелічэнне канцэнтрацыі кампанента з найменшай скорасцю пранікальнасці каля паверхні мембраны. Для паслаблення ўплыву гэтай з’явы ў мембранных апаратах сумесь, якую раздзяляюць, эфектыўна перамешваюць. М.м.р. выкарыстоўваюць для апраснення марской вады, ачысткі прамысл. і быт. сцёкавых вод, канцэнтравання і ачысткі раствораў высокамалекулярных злучэнняў, у т. л. біялагічна актыўных, стэрылізацыі паветра, раздзялення і абагачэння тэхн. газаў (напр., пры сінтэзе аміяку) і інш.

Літ.:

Дытнерский Ю.И. Мембранные процессы разделения жидких смесей. М., 1975;

Хванг С.-Т., Каммермейер К. Мембранные процессы разделения: Пер. с англ. М., 1981;

Кестинг Р.Е. Синтетические полимерные мембраны: Пер. с англ. М., 1991.

А.​В.​Більдзюкевіч.

т. 10, с. 281

МЕМБРА́ННЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,

гл. ў арт. Біяэлектрычныя патэнцыялы.

т. 10, с. 281

МЕМБРА́НЫ БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ,

гл. Біялагічныя мембраны.

т. 10, с. 282

МЕ́МЛІНГ ((Memling) Ганс) (каля 1430—40, г. Зелігенштат, Германія — 11.9.1494),

нідэрландскі жывапісец Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у Рагіра ван дэр Вейдэна, зазнаў уплыў яго і Я. ван Эйка. З 1465 працаваў у Бруге. У творчасці спалучаў познагатычныя і рэнесансавыя рысы. Аўтар рэліг. кампазіцый са складанай разгорнутай пабудовай, якім уласцівы характарнасць вобразаў і драматычнасць перадачы пачуццяў: трыпціхі «Страшны суд» (каля 1473), «Трыпціх Джона Дона» (1468), «Трыпіх Іаана» (1479), «Алтар Адрыяна Рэйнса» (1480), «Трыпціх Якаба Фларэнса» (каля 1489—90), «Алтар Укрыжавання» (1491), карціны «Пакуты Хрыстовы» (1470), «Пакуты св. Себасцьяна» (каля 1470), «Сем радасцей Марыі» (1480), «Дабравешчанне» (1482), «Мадонна з дзіцем» (1487). Гуманіст. скіраванасць творчасці М. выявілася ў выявах данатараў у рэліг. творах і партрэтах: пажылога чалавека (каля 1470), Т.​Партынары, М.​Партынары (абодва каля 1472), маладога чалавека (каля 1475), Б.​Улендэрберг (каля 1478), «Трыпціх Вілема Морэльса» (1484), «Алтар Марціна ван Ньювенхове» (1487). Звяртаўся да адлюстравання аголенай натуры («Вірсавія», «Пыхлівасць», абедзве каля 1485), пейзажа (размалёўкі рэлікварыя св. Урсулы, 1480), анімалістычных матываў («Коні і малпа», 1480-я г.).

В.​Я.​Буйвал.

Г.Мемлінг. Мадонна з дзіцем. Левая створка «Алтара Марціна ван Ньювенхове». 1487.

т. 10, с. 282

МЕМУА́РЫ (франц. mémoires ад лац. memoria памяць),

твор, змест якога — успаміны аўтара пра мінулае, пэўныя падзеі, удзельнікам або сведкам якіх ён быў. Да М. належаць літ. партрэты дзеячаў культуры і навукі, нататкі, напісаныя як успаміны; набліжаюцца дзённікі, аўтабіяграфіі і дакументальная літаратура.

Узоры М. — «Новае жыццё» Дантэ, «Споведзь» Ж.​Ж.​Русо, «Былое і думы» А.​Герцэна, «Гісторыя майго сучасніка» У.​Караленкі. На Беларусі М. паявіліся ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. («Дзённік Ф.​Еўлашоўскага», «Дыярыуш» А.​Філіповіча). У новай бел. л-ры вядомы М.: «З папераў Альгерда Абуховіча», М.​Хведаровіча «Памятныя сустрэчы». М.​Лужаніна «Вачыма часу», Я.​Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця», Л.​Геніюш «Споведзь», С.​Грахоўскага «Зона маўчання», П.​Пруднікава «Далёкае, але незабытае». Культ. жыццю Беларусі прысвечаны мемуарныя творы П.​Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», З.​Азгура «Незабыўнае», Я.​Рамановіча «Знаёмыя сілуэты», а таксама шматлікія зб-кі ўспамінаў пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, Ц.​Гартнага, М.​Лынькова, І.​Мележа, В.​Таўлая, Ў.​Галубка, Р.​Шырму і інш. Падзеі Вял. Айч. вайны на Беларусі адлюстраваны ў зб-ках «Буг у агні», «Гераічная абарона», «У баях за Беларусь», «У лясах Беларусі», кнігах В.​Казлова «Людзі асобага складу», У.​Лабанка «У баях за Радзіму», Р.​Мачульскага «Вечны агонь», П.​Калініна «Партызанская рэспубліка», В.​Дзенісевіча «Арлінае племя», а таксама мемуарных творах ваен. дзеячаў А.​М.​Васілеўскага, Г.​К.​Жукава, К.​К.​Ракасоўскага і інш.

Літ.:

Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мн., 1983;

Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982;

Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў Анатаваны паказ. мемуар. літ. 1917—1972 гг. Мн., 1973;

Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі // Склад Л.​Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999.

А.​К.​Гардзіцкі.

т. 10, с. 282

МЕ́МФІ́С (грэч. Memphis, егіп. Менефер ад назвы паселішча каля піраміды фараона Піопі I),

старажытнаегіпецкі горад на левым беразе Ніла (каля сучасных пасёлкаў Бедрахейн і Міт-Рахіне на. ПдЗ ад Каіра). Засн. ў пач. 3-га тыс. да н.э. Менесам пад назвай Белыя сцены (ад аднайм. крэпасці). У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) рэзідэнцыя фараонаў, буйны рэліг., паліт., культ. і рамесніцкі цэнтр Егіпта; захаваў сваё эканам. значэнне і пасля пераносу сталіцы ў Фівы (перыяд Сярэдняга царства). Набыў важнае стратэг. значэнне ў перыяд Новага царства ў сувязі з паходамі егіп. цароў у Сірыю і Палесціну. У перыяд элінізму з узнікненнем г. Александрыя (4 ст. да н.э.) страціў былое значэнне. Захаваліся руіны храма бога Пта (3-е тыс. да н.э.), сфінкс эпохі Новага царства, Серапеум (эліністычны час), 2 калосы Рамсеса II (13 ст. да н.э.). Некропалі М. з пірамідамі і грабніцамі цароў і знаці знаходзяцца паблізу сучасных Гізы, Сакары і інш.

т. 10, с. 282

МЕ́МФІС (Memphis),

горад на ПдУ ЗША, у штаце Тэнесі. Засн. ў 1819. 614,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Місісіпі. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-эканам. цэнтр і трансп. вузел Поўдня ЗША. Прам-сць: маш.-буд. (бавоўнаўборачныя машыны, рухавікі, аўтазборка), хім., шынная, харч., цэлюлозна-папяровая, мэблевая, паліграфічная. Ун-т.

т. 10, с. 282