МЕКСІКА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910—17,
антыкансерватыўная рэвалюцыя, у выніку якой у Мексіцы створаны ўмовы для дэмакр. сац.-эканам. пераўтварэнняў. Выклікана нявырашанасцю агр. пытання, незадаволенасцю многіх мексіканцаў дыктатурай П.Дыяса, засіллем замежнага капіталу ў эканоміцы і інш. Пачалася ў ліст. 1910 з узбр. выступленняў супраць дыктатуры Дыяса ў многіх населеных пунктах. У маі 1911 скінуты ўрад Дыяса, сфарміраваны ўрад, які ўзначаліў лідэр ліберальнай апазіцыі Ф.Мадэра. У выніку дзярж. перавароту ў лют. 1913 уладу захапіў ген. В.Уэрта. У ліп. 1914 пад націскам узбр. сял. атрадаў Ф.Вільі, Э.Сапаты і інш. рэв. сіл скінута дыктатура Уэрты, утвораны ліберальны ўрад В.Карансы (1914—20). Аднак нявырашанасць аграрнага і інш. сац. пытанняў выклікала грамадз. вайну (1914—16), на пач. якой атрады Вільі і Сапаты авалодалі сталіцай і ўстанавілі свой кантроль над б.ч. краіны. У гэтых умовах урад Карансы, што знаходзіўся ў г. Веракрус, у студз. 1915 выдаў агр. закон. Пазней з дапамогай сфарміраваных з рабочых т. зв. чырвоных батальёнаў урад разграміў асн. сілы Вільі і Сапаты. У выніку дзейнасці ў г. Керэтара Устаноўчага сходу (снеж. 1916 — студз. 1917) прынята канстытуцыя Мексікі, што стала завяршэннем рэвалюцыі. Паводле канстытуцыі (апубл. 5.2.1917) устаноўлены суверэнітэт мекс. нацыі над прыроднымі рэсурсамі краіны, адменены прывілеі замежнага капіталу і інш. У 1914 і 1916 мела месца інтэрвенцыя ў Мексіку войск ЗША (гл. таксама Першынга экспедыцыя), якія намагаліся спыніць рэвалюцыю.
Літ.:
Лавров Н.М. Мексиканская революция 1910—1917 гг. М., 1972;
Knight A. The Mexican revolution. Vol. 1—2. Cambridge, 1986.
Н.Р.Кошалева.
т. 10, с. 268
МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,
узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона III аўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.
т. 10, с. 268
МЕКСІКА́НСКІ АГУРО́К,
кветкавая расліна, тое, што чаёт.
т. 10, с. 268
МЕКСІКА́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Gulf of Мехісо; Golfo de Méjico),
паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., каля паўд.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вамі Фларыда, Юкатан і в-вам Куба. Пл. 1555 тыс. км². Пераважаюць глыб. 2000—3000 м, найб. 3822 м. Берагі нізінныя, лагунныя. Прылівы сутачныя, выш. да 0,8 м. Т-ра вады на паверхні 12—25 (люты), 28—29 °C (жн.). Упадаюць рэкі Місісіпі, Рыо-Грандэ. Злучаны Юкатанскім пралівам з Карыбскім м. Сцёк вады з М.з. праз Фларыдскі прал. дае пачатак цячэнню Гальфстрым. На шэльфе здабыча нафты (Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн), вустрыц, крэветак, губак. Гал. парты: Новы Арлеан (ЗША), Веракрус (Мексіка), Гавана (Куба).
т. 10, с. 268
МЕКСІКА́НЦЫ,
народ, асн. насельніцтва Мексікі (78 млн. чал., 1992) і суседніх раёнаў ЗША (13 млн. чал.); пераважна метысы. Гавораць на іспанскай мове. Вернікі ў асн. католікі.
т. 10, с. 269
МЕКТЭ́Б (араб., літар. месца, дзе пішуць),
1) з 7 ст. пачатковая мусульм. школа пры мячэці. З пашырэннем ісламу і развіццём мусульм. місіянерства М. пашыраны ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу, у 9—10 ст. — у Сярэдняй Азіі, Азербайджане, Паволжы, Сібіры. М. ўтрымлівалі на сродкі насельніцтва, навучаліся ў іх пераважна хлопчыкі, настаўнікі — служыцелі культу, мулы. У аснове навучання араб. мова і тэксты Карана; у сучасных М. вывучаюцца і інш. прадметы. Многія М. рэарганізаваны ў пач. агульнаадук. школы. У шэрагу краін ісламу створаны і жаночыя М. — кутабы.
2) Назва сярэдняй агульнаадук. школы ў народаў цюркскай моўнай групы, якія жывуць на тэр. Расійскай Федэрацыі.
т. 10, с. 269