Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЕДАЎКА́ЗЧЫКАВЫЯ, медаведы (Indicatoridae),

птушкі сям. дзятлападобных. 4 роды, 14 відаў. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары (9 відаў), у Гімалаях і Паўд.-Усх. Азіі Жывуць на дрэвах, у лясах і саваннах. Медаўказчык жаўтаногі (Melignomon eisentrauti) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 20 см. Апярэнне шаравата-бурае або аліўкавае. Крылы вострыя. Дзюба ў адных тоўстая, тупая, у другіх тонкая, вострая. Кормяцца насякомымі, воскам. Паблізу ад пчаліных гнёздаў узнімаюць крык (адсюль назва), што прыцягвае ўвагу медаеда або чалавека. Карыстаюцца рэшткамі воску разбуранага гнязда. Гнездавыя паразіты. Яйцы падкладваюць у гнёзды інш. птушак; птушаняты М. забіваюць птушанят гаспадароў гнязда.

Да арт. Медаўказчыкавыя. Медаўказчык вялікі.

т. 10, с. 248

МЕДЖЛІ́С (араб. сход),

назва вышэйшага заканад. органа ў шэрагу мусульманскіх краін (напр., Іран, Мальдывы), у некат. краінах СНД (Азербайджан, Туркменістан). М. часам называюць Вял. нац. сход (парламент) Турцыі.

т. 10, с. 249

МЕДЖЭ́РДА,

рака ў Паўн. Афрыцы, у Алжыры і Тунісе. Даўж. 460 км, пл. басейна 22 тыс. км². Вытокі ва ўсх. адгор’ях Тэль-Атласа (горы Меджэрда), упадае ў Туніскі зал., утварае дэльту. Вызначаецца рэзкімі ваганнямі расходу: ад 3—4 м³/с летам да 1500—2500 м³/с пасля моцных зімовых дажджоў. На М. вадасховішчы, якія выкарыстоўваюцца для арашэння. Даліна М. — важны с.-г. раён Туніса.

т. 10, с. 249

МЕДЗАЗО́Л,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярэзіна (прыток р. Дняпро, цячэ праз возера), за 18 км на ПнУ ад г. Докшыцы. Пл. 3,02 км², даўж. каля 3 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 9,2 км. Пл. вадазбору 381 км². Схілы катлавіны нізкія, забалочаныя, тарфяністыя, параслі лесам, на Пн выш. 4—8 м. разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, тарфяністыя, на ПдЗ зліваюцца са схіламі, пясчаныя. Дно сапрапелістае. Зарастае.

т. 10, с. 249

МЕ́ДЗІ АКСІДЫ,

злучэнні медзі з кіслародам. Найб. пашыраныя аксід медзі (I), ці геміаксід Cu2O і аксід медзі (II) CuO. Вядомы таксама няўстойлівы сесквіаксід Cu2O3.

Крышт. рэчывы, не раствараюцца ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей — асноўныя аксіды. Геміаксід медзі чырвона-рудога колеру, tпл 1242 °C. (плавіцца без раскладання). У прыродзе мінерал купрыт. Аксід медзі чорнага колеру, пры награванні да 1100 °C раскладаецца на Cu2O (адзін з лабараторных метадаў яго атрымання) і кісларод. У прыродзе мінерал тэнарыт. Выкарыстоўваюць М.а., як пігменты для шкла, керамікі; Cu2O таксама як кампанент фарбаў для аховы падводнай часткі суднаў ад абрастання і фунгіцыд. М.а. таксічныя, ГДК у паветры рабочай зоны 0,1 мг/м³.

т. 10, с. 249

МЕ́ДЗІ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць медзь. Найб. пашыраныя злучэнні адна- і двухвалентнай медзі: медзі аксіды і солі мінер., а таксама некаторых карбонавых кіслот. Солі аднавалентнай медзі бясколерныя рэчывы, не раствараюцца ў вадзе, лёгка акісляюцца; двухвалентнай — раствараюцца ў вадзе, растворы маюць блакітны колер, які абумоўлены ўтварэннем аквакатыёнаў [Cu(H2O)4]​2+. Солі ўтвараюць устойлівыя комплексныя злучэнні з шэрагам малекул і іонаў (напр., аміякаты).

Медзі(ІІ) ацэтату монагідрат, ці мядзянка (CH3COO)2CuH2O — цёмна-зялёныя крышталі. Выкарыстоўваюць як фунгіцыд, пігмент для керамікі, каталізатар полімерызацыі (напр., стыролу), стабілізатар штучных валокнаў. Медзі (II) карбанаты ўтвараюцца пры абменных рэакцыях у водных растворах паміж солямі Cu (II) і карбанатамі інш. металаў; з раствору ў залежнасці ад т-ры і канцэнтрацыі рэагентаў вылучаюцца нерастваральныя асноўныя, ці гідроксакарбанаты: дыгідроксакарбанат CuCO3 Cu(OH)2 або Cu2(OH)2CO3 (у прыродзе мінерал малахіт) і дыгідроксадыкарбанат 2CuCO3 Cu(OH)2 або Cu3(OH)2(CO3), (мінерал азурыт). Сярэдні карбанат медзі CuCO3 атрымліваюць апрацоўкай асн. карбанатаў дыаксідам вугляроду пад ціскам пры т-ры 180 °C. Медзі (II) сульфат CuSO4 — бясколерныя крышталі, tпл 200 °C, пры награванні (каля 650 °C) раскладаюцца. Утварае шэраг гідратаў, найважнейшы — пентагідрат, ці медны купарвас CuSO4 5H2O — сінія крышталі, абязводжваюцца пры т-ры 250 °C. У прыродзе — мінерал халькантыт. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем медзі ці яе аксіду CuO з сернай к-той, абпалам сульфідаў медзі ў прысутнасці кіслароду. Выкарыстоўваюць як пігмент у фарбах, у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін і для пратручвання зерня (гл. Медныя ўгнаенні), для вырабу скуры, у гальванатэхніцы і інш. Медзі сульфіды: сульфід медзі (I), ці гемісульфід Cu2S і сульфід медзі (II), ці монасульфід CuS. Чорныя крышталі, не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў азотнай кіслаце. У прыродзе трапляюцца ў выглядзе мінералаў хальказіну (Cu2S) і кавеліну (CuS). Усе М.з. атрутныя: раздражняюць слізістыя абалонкі, пашкоджваюць страўнікава-кішачны тракт, выклікаюць млоснасць, ірвоту, захворванне печані і інш.

А.П.Чарнякова.

т. 10, с. 249

МЕДЗЬ (лац. Cuprum),

Cu, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 29, ат. м. 63,546. Прыродная М. складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​63Cu (69,09%) і ​65Cu. У зямной кары 4,7·10​−3% па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе злучэнняў з серай, а таксама самародная М. (гл. Медныя руды). Іоны М. ўдзельнічаюць у шматлікіх фізіял. працэсах; сярэдняя колькасць М. ў жывых арганізмах 2 10​−4% па масе, у крыві чалавека 10​−3 мг/л. Вядомая чалавецтву з глыбокай старажытнасці; лац. назва паходзіць ад назвы в-ва Кіпр, славянская — ад назвы краіны Мідыя, дзе ў старажытнасці здабывалі медную руду.

Мяккі, пластычны і коўкі метал ружова-чырвонага колеру, 1083,4 °C, шчыльн. 8920 кг/м³. Найб. важныя фіз. ўласцівасці М. — высокая цеплаправоднасць і малое эл. супраціўленне (саступае толькі серабру). Хімічна мала актыўная. У сухім паветры не акісляецца, у вільготным (у прысутнасці дыаксіду вугляроду) пакрываецца зеленаватай плёнкай асноўнага карбанату CuCO3 Cu(OH)2. Раствараецца ў азотнай і канцэнтраванай сернай к-тах. Пры награванні на паветры акісляецца з утварэннем медзі аксідаў. Узаемадзейнічае з галагенамі, серай, селенам (гл. Медзі злучэнні). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з вадародам, азотам, вугляродам, крэмніем. Утварае комплексныя злучэнні з аміякам. цыянідамі і інш. Асн. колькасць М. атрымліваюць з сульфідных руд піраметалургічным метадам. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу правадоў, кабеляў, токавядучых частак эл. установак, як кампанент сплаваў (гл. Медныя сплавы).

Літ.:

Онаев И.А., Жакибаев Б.К. Медь в истории цивилизации. Алма-Ата, 1983;

Подчайнова В.Н., Симонова Л.Н. Медь. М., 1990.

Б.В.Корзун.

т. 10, с. 249

МЕДЗЯНІ́ЦЫ,

насякомыя, гл. Лістаблошкі.

т. 10, с. 249

МЕДЗЯНО́СНЫ ПО́ЯС Ц э н тральнай Афрыкі, паласа пластавых радовішчаў медных руд на мяжы Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга; адна з буйнейшых медзяносных правінцый у свеце. Працягласць каля 450 км. Шыр. да 75 км. Адкрыты ў канцы 19 — пач. 20 ст. Асвойваецца з 1920-х г. Запасы медзі 145 млн. т (сярэдняя колькасць металу у рудзе 2,4—3,7%. У межах правінцыі больш за 150 радовішчаў.

т. 10, с. 249

МЕДЗЯРЫ́Т,

у бел. мастацтве стараж. назва гравюры на медзі; тое, што афорт. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Раннія М. на бел. тэмы заказваліся за мяжою (карта Полацкай зямлі, план Полацка, Рым, 1579; карта Вял. кн. Літоўскага, Амстэрдам, 1613). Адным з першых да М. звярнуўся Т.Макоўскі («Панегірык братоў Скарульскіх», Нясвіж, 1604, і інш.). М. стваралі браты А.Тарасевіч (ілюстрацыі да «Разарыума...», Аўгсбург, 1672) і Л.Тарасевіч («Партрэт Г.Зямлі», 1690-я г.), І.Шчырскі, М.Сімкевіч, а таксама замежныя гравёры, якія працавалі на Беларусі: К.Гётке, А. ван Вестэрфельд, П.Эгельхарт. У тэхніцы М. выконваліся панегірычныя гравюры, ілюстрацыі. У бел. кірылічнай кнізе да М. звярталіся С.Собаль (тытул «Актоіха», Кіеў, 1628), М.Вашчанка (ілюстрацыі да «Акафістаў і канонаў», Магілёў, 1693). У тэхніцы М. выконвалі таксама гар. краявіды Полацка, Магілёва, Гродна, Нясвіжа, нар. лубкі, экслібрысы. Іл. гл. таксама да арт. Афорт.

В.Ф.Шматаў.

Да арт. Медзярыт. Л.Тарасевіч. Партрэт Г.Зямлі. 1690-я г.

т. 10, с. 249