Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕГАСПО́РА (ад мега... + спора),

макраспора, вялікая гаплоідная клетка разнаспоравых вышэйшых раслін. Утвараецца ў выніку меёзу мацярынскай клеткі (мегаспарацыту). Дае пачатак жаночаму зарастку (гаметафіту) у папарацепадобных, першаснаму эндасперму ў голанасенных, зародкаваму мяшку ў пакрытанасенных. Першыя стадыі развіцця зарастка адбываюцца ў М., потым яе абалонкі раскрываюцца і ч. зарастка, што нясуць архегоніі, выступаюць наверх. У насенных раслін М. ўтвараюцца па 4 у нуцэлусецэнтр. ч. семязавязі.

т. 10, с. 246

МЕГАСФЕ́Н (Megasthenēs; каля 350, Іонія, М. Азія — каля 290 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык і этнограф. Па даручэнні Селеўка I Нікатара ў 300—290 да н.э. ўзначальваў пасольства пры двары караля Індыі Чандрагупты. Аўтар твора «Індыка» (у 4 кн., захаваліся дробныя фрагменты), у якім шмат каштоўных звестак пра грамадскі лад, рэлігію, звычаі і гісторыю тагачаснай Індыі, а таксама геагр. інфармацыя, у т. л. першыя звесткі пра Гімалаі. Твор М. выкарыстоўвалі ў сваёй працы ант. гісторыкі Дыядор Сіцылійскі, Страбон, Арыян, Пліній Малодшы.

т. 10, с. 246

МЕГВІНЕТУХУЦЭ́СІ (Атар Вахтангавіч) (н. 16.1.1932, Грузія),

грузінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Дзярж. тэатр. ін-т імя Ш.​Руставелі ў Тбілісі (1954). У 1954—61 і з 1972 у Т-ры імя К.​Марджанішвілі ў Тбілісі. Сярод роляў: Уджуш Эмха («Хакі Адзба» Л.​Кіячэлі), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра), Лео («Правінцыяльная гісторыя» Л.​Росеба) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: Джамбулат («Фаціма», 1958), Джакола («Мальба», 1968), цар Георгій («Дзясніца вялікага майстра», 1970), Арзакан («Выкраданне месяца», 1973), Эліёз («Дрэва жадання», 1977), Дата Туташхія (шматсерыйны тэлефільм «Берагі», 1979), Н.​Пірасманішвілі («Добры дзень, усе!», 1980), Пагаў («Брат», 1982) і інш. Дзярж. прэмія Грузіі імя Марджанішвілі 1977. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 10, с. 246

МЕГІ́ДА (сучаснае гарадзішча Тэльэль-Мутэсялім на Пн Ізраіля),

старажытны горад і крэпасць на скрыжаванні важных у старажытнасці гандл. шляхоў Пярэдняй Азіі. Узнікненне М. адносяць да сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Да канца 2-га тыс. да н.э. належаў ханаанеям. У пач. 2-га тыс. да н.э. ў М. знаходзіўся егіпецкі намеснік; у 1502 да н.э. фараон Тутмос III разрабаваў М. У канцы 2-га тыс. да н.э. М. заваяваны ізраільцянамі. Пасля разбурэння ў 732 да н.э. Тыглатпаласарам III тут узнікла асірыйская крэпасць. Да 6—4 ст. да н.э. адносяцца рэшткі персідскага горада.

т. 10, с. 246

МЕ́ГІЯН,

горад у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе (Расія). Размешчаны на р. Об (прыстань), за 15 км ад чыг. ст. Мегіян. 41,8 тыс. ж. (1996). Аэрапорт. Здабыча нафты і газу. Гіст.-этнагр. музей.

т. 10, с. 246

МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ КНЯ́СТВА,

княства ў Зах. Грузіі ў 16—19 ст. Вылучылася з Імерэцінскага царства. Да пач. 17 ст. ў склад М.к. ўваходзіла і Абхазія. Спачатку М.к. кіравалі князі з дынастыі Дадыяні, у канцы 17 ст. іх скінуў род Чыкавані, прадстаўнікі якога прынялі прозвішча Дадыяні. У 1803 уладар Грыгорый прыняў рас. падданства. Пасля Мегрэльскага паўстання 1857 у М.к. ўведзена прамое рас. кіраванне. Юрыд. скасавана ў 1867.

т. 10, с. 246

МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857 Выклікана рэзкім узмацненнем феад. эксплуатацыі прыгонных сялян падуладнага Расіі Мегрэльскага княства (на З Грузіі) пасля Крымскай вайны 1853—56. Пачалося ў канцы 1856 пад кіраўніцтвам каваля У.​Мікавы. 24 мая сяляне (10—20 тыс. чал.) захапілі цэнтр княства г. Зугдыды, адмовіліся выконваць феад. павіннасці, патрабавалі скасавання ўлады мясц. князёў і перадзелу памешчыцкіх зямель, спадзеючыся пры гэтым на заступніцтва рас. цара. Паўстанне задушана ў вер. 1857 рас. войскамі і атрадамі памешчыкаў, 38 кіраўнікоў сасланы ў глыб Расіі. Рас. ўлады ўвялі ў Мегрэльскім княстве сваё кіраванне і пачалі падрыхтоўку да адмены прыгоннага права ў Грузіі.

т. 10, с. 246

МЕГХАЛА́Я,

штат на ПнУ Індыі. На Пд мяжуе з Бангладэш. Пл. 22,5 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (1997), пераважна народнасці кхасі, джантыя, гара і інш. Адм. ц.г. Шылонг. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і (масіў Шылонг выш. да 1961 м). Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў месцамі больш за 10 000 мм за год, у Чэрапунджы каля 12 000 мм (сусветны максімум). Натуральная расліннасць — трапічныя лясы і хмызнякі. Большая ч. насельніцтва вядзе ляднае земляробства. Вырошчваюць рыс, кукурузу, проса, бульбу. Садоўніцтва (апельсіны). Шаўкаводства. Лесанарыхтоўкі. Невял. здабыча вугалю.

т. 10, с. 246