Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МА́ЯР ((Major) Тамаш) (26.1.1910, Будапешт — 1986),

венгерскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Венгрыі (1950). У 1945—62 дырэктар Нац. т-ра ў Будапешце, з 1962 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1947 праф. Венг. вышэйшай школы тэатр. і кінамастацтва. Прапагандаваў сістэму К.Станіслаўскага. Сярод роляў: Люцыфер («Трагедыя чалавека» І.Мадача), Яга («Атэла» У.Шэкспіра), Іван Васілевіч («Іван Васілевіч» М.Булгакава). Паставіў: «Банк-бан» І.Катаны (1945), «Ворагі» М.Горкага (1949), «Баявое хрышчэнне» Э.Урбана́ (1951), «Трагедыя чалавека» (1955, 1960, 1964) і «Добры чалавек з Сезуана» (1972) Б.Брэхта. З 1941 здымаўся ў кіно.

т. 10, с. 243

МАЯРА́Н (Majorana),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Міжземнамор’і. Стараж. культура М. садовы (M. hortensis) вырошчваецца ў Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

М. садовы ў культуры аднагадовая расліна выш. 20—50 см. Сцёблы прамыя, галінастыя. Лісце дробнае, шараватае, падоўжана-авальнае са шматлікімі залозкамі. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, у кароткіх коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Лісце і кветкі маюць 0,3—0,4% эфірнага алею, іх ужываюць як прыправу, у кансервавай і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Лек., харч., меданосная расліна.

Маяран.

т. 10, с. 243

МАЯРА́Т (позналац. majoratus ад лац. major большы, старэйшы) у цывільным праве, парадак атрымання ў спадчыну нерухомай маёмасці (найперш зямлі), паводле якога яна цалкам перадаецца старэйшаму ў сям’і або ў родзе без права продажу, здачы ў арэнду, дарэння, драблення. Меў на мэце захаванне буйных зямельных уладанняў ад драбнення.

Вядомы ў заканадаўствах стараж. Індыі, афінскім праве і інш.; у краінах Еўропы (Англіі, Францыі, Германіі і інш.) пашыраны з 11—13 ст. У Расіі ўпершыню ўведзены ў 1714 паводле ўказа Пягра I «аб адзінаспадчыннасці» (адменены ў 1730). У 1845 прынцыпы М. пашыраны ва «запаведныя» (атрыманыя ва ўзнагароду ад цара), а таксама на некаторыя родавыя і купленыя маёнткі. М. супярэчыў патрабаванням развіцця рыначнай эканомікі і ў 19 — пач. 20 ст. ў большасці краін скасаваны. Найдаўжэй захоўваўся ў Вялікабрытаніі як аснова лендлардызму.

На Беларусі афіцыйна зацверджаныя М. існавалі з 16 ст. (гл. Ардынацыя). У 19 ст. некат. канфіскаваныя маёнткі раздаваліся рас. урадам на правах М. выхадцам з Расіі дзеля ўмацавання рас. землеўладання ў краі, пры згасанні роду ў мужчынскай лініі зямля вярталася ў казну.

т. 10, с. 243

МА́ЯТНІК,

цвёрдае цела, здольнае пад уздзеяннем прыкладзеных сіл вагацца вакол нерухомага пункта ці восі. Ваганні могуць адбывацца пад дзеяннем сілы цяжару, калі вось М. не супадае з цэнтрам цяжару цела, або пад дзеяннем сіл пругкасці, што ўзнікаюць пры дэфармацыях сціскання-расцяжэння і кручэння.

Адрозніваюць матэматычны маятнік (напр., невял. масіўны груз на доўгім нерасцяжным падвесе), фізічны маятнік (маса цела размеркавана па ўсёй даўжыні падвеса), а таксама спружынны М. (груз, падвешаны на спружыне, здольнай да дэфармацыі сціскання-расцяжэння) і круцільны М. (дыск, падвешаны на лёгкім стрыжні, здольным да дэфармацыі кручэння). Пры гарманічных ваганнях цыклічная частата ω і перыяд Τ = 2π / ω ваганняў М. вызначаюцца інертнымі і пругкімі ўласцівасцямі сістэмы. Напр., для спружыннага М. ω​2 = k/m, дзе k — каэфіцыент жорсткасці спружыны, m — маса грузу; для круцільнага М. ω​2 = D/I, дзе D — модуль кручэння падвеса (гл. Модулі пругкасці), I — момант інерцыі дыска. Уласцівасці М. выкарыстоўваюцца ў розных прыладах для вызначэння часу, момантаў інерцыі, паскарэння свабоднага падзення і інш. дынамічных характарыстык мех. сістэм.

А.І.Болсун.

Да арт. Маятнік: 1 — матэматычны; 2 — фізічны; 3 — спружынны; 4 — круцільны.

т. 10, с. 243

МА́ЯТНІКАВАЯ МІГРА́ЦЫЯ,

рэгулярныя перамяшчэнні людзей з аднаго нас. пункта ў іншы, ад месца жыхарства да месца працы ці вучобы і назад. У аснове М.м. — неадпаведнасць у размяшчэнні вытв-сці і рассяленні насельніцтва. Рэгулярнасць М.м. адпавядае рэжыму прац. дзейнасці або вучобы. Гал. напрамкі — з вёскі ў горад, з малога горада ў буйны. Найб. значная і ўстойлівая ў прыгарадных зонах вял. гарадоў і гарадскіх агламерацый, а таксама ў сельскай мясцовасці урбанізаваных тэрыторый. Часам да М.м. адносяць таксама рэгулярныя паездкі сельскіх жыхароў у цэнтры абслугоўвання, пераважна гарады. Важная ўмова М.м. — развіццё транспарту. У Беларусі М.м. найбольш выражана ў рэгіёнах Мінска і абласных цэнтрах рэспублікі.

т. 10, с. 244