МАЯРА́Н (Majorana),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Міжземнамор’і. Стараж. культура М. садовы (M. hortensis) вырошчваецца ў Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

М. садовы ў культуры аднагадовая расліна выш. 20—50 см. Сцёблы прамыя, галінастыя. Лісце дробнае, шараватае, падоўжана-авальнае са шматлікімі залозкамі. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, у кароткіх коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Лісце і кветкі маюць 0,3—0,4% эфірнага алею, іх ужываюць як прыправу, у кансервавай і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Лек., харч., меданосная расліна.

Маяран.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)