Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАХА́ЛА-ЭЛЬ-КУ́БРА,

горад у Егіпце, гл. Эль-Махала-эль-Кубра.

т. 10, с. 223

МАХАМБЕ́Т УТЭМІ́САЎ (1804, Заходне-Казахстанская вобл., Казахстан — 20.10.1846),

казахскі паэт, удзельнік і натхняльнік сял. антыкаланіяльнага і антыфеад. паўстання ў 1830-я г. Аўтар песень і паэм (каля 40), тэматычна скіраваных супраць сац. і нац. несправядлівасці, дэспатызму прыгнятальнікаў. Яго творы, адметныя гуманіст. пафасам, вызначаліся лаканізмам, афарыстычнасцю, экспрэсіўнасцю вобразаў.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. Алма-Ата, 1957.

Ж.Сахіеў.

т. 10, с. 223

МАХАМЕДЫ́Я,

горад на ПнЗ Марока. Да 1961 наз. Федала. Каля 110 тыс. ж. (1997). Порт на Атлантычным ак. Аэрапорт. Нафтаперапр. з-д. Харч. (кансервавыя, алейныя), металаапр., тэкст. прадпрыемствы. Буйная ЦЭС. Летні марскі курорт.

т. 10, с. 223

МАХАНА́ДЫ,

рака ў Індыі. Даўж. 880 км, пл. басейна 132 тыс. км². Вытокі ва Усх. Гатах, цячэ па паўн.-ўсх. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Бенгальскі зал., утварае з рэкамі Брахмані, Байтарані і інш. агульную дэльту (пл. каля 15 тыс. км²). Сярэдні расход вады 2730 м³/с, у час летніх паводак да 50 тыс. м³/с. Частыя навадненні. М. нясе шмат наносаў. Зімой, у час засухі, М. — вузкая мелкая рака (расход вады каля 30 м³/с). Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Гідравузел Хіракуд. Суднаходная на 150 км ад вусця. На М. — г. Катака.

т. 10, с. 223

МАХАНЁК (Аляксандр Рыгоравіч) (17.3.1934, г. Гомель —22.9.1997),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1975), праф. (1985). Скончыў БДУ (1957). З 1957 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. даследаванні па распрацоўцы квантавамех. метадаў тэорыі ўзбурэнняў, тэарэт. асновах лінейнай і шматфатоннай спектраскапіі іонаў, актывізаваных крышталёў і двухатамных малекул.

Тв.:

Аналитические методы в квантовомеханической теории возмущений. Мн., 1982 (разам з У.С.Каральковым).

Р.А.Уласаў.

т. 10, с. 223

МАХАНЁК (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 28.6. 1954, Мінск),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1998). Скончыў БДУ (1976). З 1981 у Ін-це тэхн. кібернетыкі, з 1996 у Н.-д. аб’яднанні «Кібернетыка» Нац. АН Беларусі (дырэктар прадпрыемства «Інфармацыйныя тэхналогіі»). Навук. працы па аналізе дынамічных працэсаў і аб’ектаў, архітэктуры паралельных размеркаваных выліч. сістэм. Распрацаваў варыяцыйны падыход да рашэння 16-й праблемы Гільберта, метады і алгарытмы кіравання паралельнымі працэсамі ў многапрацэсарных сістэмах.

Тв.:

Параллельная вычислительная система для высокоскоростной реализации логических операций. Мн., 1994.

М.П.Савік.

т. 10, с. 223

МАХАО́Н (Papilio machaon),

дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі рэдкі від, трапляецца на ўзлесках, палянах, поймавых лугах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Крылы (размах да 9 см) жоўтыя з чорным малюнкам, на задніх крылах шырокая чорная аблямоўка з сіняватымі плямамі, каля ўнутр. ніжняга вугла аранжавая пляма. Жылкі чорныя. Вусені зялёныя або бурыя, з чорнымі папярочнымі палоскамі і чырв. крапінкамі; кормяцца і жывуць на раслінах сям. губакветных, парасонавых, складанакветных; матылі кормяцца выдзяленнямі раслін.

С.Л.Максімава.

Махаон: 1 — матыль; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 10, с. 223

МА́ХАР ((Machar) Іозеф Сватаплук) (29.2.1864, г. Колін, Чэхія — 17.3.1942),

чэшскі паэт. Прадстаўнік т.зв. генерацыі 1890-х г., адзін з аўтараў маніфеста «Чэшскай мадэрны». Першы зб. «лірыкі расчараванняў» — «Споведзь» (1887—92). Этычныя і паліт. праблемы ў цэнтры зб-каў «Tristium Vindobona 1—20» (1893), «Галгофа» (1901), рамана ў вершах «Магдалена» (1894) і інш. У гіст. цыкле «Свядомасць стагоддзяў» (ч. 1—9, 1906—26) супрацьпастаўленне антычнасці і хрысціянства, ідэя «моцнай асобы», схільнасць да індывідуалізму і песімізму. Аўтар зб-каў вершаваных фельетонаў і кніг успамінаў пра знакамітых людзей эпохі («Рым», 1907; «Каталіцкія апавяданні», 1911; «Венскія профілі», 1919; «Сорак гадоў з Ірасекам», 1931).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Раны и розы: Стихи четырех чеш. поэтов. М., 1982.

А.У.Вострыкава.

т. 10, с. 223

МАХАРА́ДЖА (санскр.),

тытул правіцеля ў індуісцкіх дзяржавах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Выкарыстоўваўся ў адносінах да правіцеляў незалежных княстваў у адрозненне ад залежных ад яго феадалаў — раджаў. Пасля ліквідацыі ў Індыі княстваў (1950-я г.) іх правіцелі былі афіцыйна пазбаўлены тытулаў М. Зараз захоўваецца як тытул караля Непала.

т. 10, с. 223

МАХАРА́ШТРА,

штат у Індыі, на ПнЗ п-ва Індастан. Пл. 307,7 тыс. км². Нас. больш за 80 млн. чал. (1997), пераважна народ маратхі (77%). Адм., эканам. і культ. цэнтр, буйнейшы горад і порт — г. Бамбей. Тэр. М. ўключае паўн.-зах. ч. Дэканскага пласкагор’я (выш. 300—700 м), хр. Зах. Гаты (да 1038 м), вузкую нізіну на ўзбярэжжы Аравійскага м. Клімат мусонны, гарачы, вільготны на ўзбярэжжы (2000—3000 мм ападкаў штогод), больш засушлівы ва ўнутр. раёнах (600—1000 мм). М. — адзін з найб. прамыслова развітых штатаў Індыі. Вядучая галіна — баваўняная прам-сць (выпускае больш за 30% тканін у краіне). Развіты інш. галіны тэкст. вытв-сці, харч. (цукр., алейная, мукамольная і інш.), маш.-буд., хім. і нафтахім. прам-сць. Здабыча нафты, каменнага вугалю, марганцу, баксітаў. Каля 50% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Вырошчваюць бавоўну (каля 20% збору ў краіне), арахіс, інш. алейныя, цукр. трыснёг. Асн. ч. пасяўной плошчы занята збожжавымі культурамі — джаварам (прасяная культура, каля 30% збору ў краіне), пшаніцай, рысам. Пераважае сухадольнае земляробства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Турызм.

т. 10, с. 223