МА́САВАЯ СВЯДО́МАСЦЬ,
спецыфічны від грамадскай свядомасці, уласцівы вял. колькасці людзей (масам). Складваецца пад уплывам непасрэдных умоў жыцця людзей, падзей і працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве, пануючай ідэалогіі і інш. Уключае пашыраныя ў грамадстве ідэі, погляды, уяўленні, сац. пачуцці людзей і характарызуецца статычнасцю, супярэчлівасцю, размытасцю межаў, раптоўнымі зменамі ў адных выпадках і пэўным акасцяненнем (стэрэатыпамі) — у іншых. Стан М.с. адлюстроўвае грамадская думка, настрой і дзеянні мас. Гл. таксама Масавая культура.
т. 10, с. 164
МА́САВАЯ СІ́ЛА, аб’ёмная сіла,
сіла, якая дзейнічае непасрэдна на часцінкі (элементарныя аб’ёмы) дадзенага цела і лікава прапарцыянальная масам гэтых часцінак. Прыкладам М.с. з’яўляецца сіла цяжару.
т. 10, с. 164
МА́САВЫ АДБО́Р,
адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял. настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.
А.І.Ерашоў.
т. 10, с. 164
МА́САВЫ ЛІК,
колькасць нуклонаў (пратонаў і нейтронаў) у атамным ядры. Абазначаецца A і звычайна паказваецца індэксам уверсе злева ад сімвала хім. элемента, напр., запіс 32S адпавядае ізатопу серы з A = 32 (ізатопы аднаго хім. элемента маюць розны М.л.). Гл. таксама Атам, Ядро атамнае.
т. 10, с. 164
МАСА́ДА (стараж.-яўр.),
старажытнаіудзейская крэпасць каля паўд. берага Мёртвага мора ў Ізраілі. Засн. ў канцы 2 ст. да н.э. Пры Ірадзе I (73—4 да н.э.) пабудаваны палацавы комплекс і дадатковыя ўмацаванні. М. была апошняй апорай паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73. Пры раскопках у 1963—65 знойдзена шмат рэчаў матэрыяльнай культуры, у т. л. рымскія і іудзейскія манеты, гліняныя чарапкі з надпісамі фарбай, папірусы і надпісы на скуры, на якіх змешчаны гасп. запісы, пісьмы, літ.-рэліг. тэксты на стараж.-яўр., арамейскай і грэч. мовах.
т. 10, с. 164
МАСАДЫ́К (Махамед) (1880, Тэгеран — 5.3.1967),
іранскі паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р права. Скончыў Лазанскі ун-т (Швейцарыя, 1914). З 1920 ген.-губернатар правінцый Фарс і Іранскі Азербайджан, на розных міністэрскіх пасадах. У 1925 пакінуў усе дзярж. пасады, пратэстуючы супраць абвяшчэння Рэзашаха Пехлеві правіцелем Ірана. Пасля адрачэння Рэза-шаха (1941) вярнуўся ў палітыку, дэпутат меджліса (парламента) з 1944. У 1949 стварыў арг-цыю Нац. фронт, якая выступала за нацыяналізацыю Англа-іранскай нафтавай кампаніі (АІНК). Дамогся прыняцця ў сак. 1951 меджлісам закона аб нацыяналізацыі АІНК. З крас. 1951 прэм’ер-міністр Ірана. Ажыццявіў шэраг радыкальных рэформ, у выніку канфлікту вакол АІНК разарваў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй. У 1953 прымусіў шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, не згоднага з яго палітыкай, пакінуць Іран. 19.8.1953 скінуты ваеннымі і асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, потым пад хатнім арыштам.
т. 10, с. 164
МАСА́Ж (франц. massage),
комплекс прыёмаў механічнага дазіраванага раздражнення паверхні цела чалавека з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі. Рэфлекторна ўплывае на функцыян. стан нерв. сістэмы, актывізуе абмен рэчываў, паляпшае кровалімфазварот і скарачальную здольнасць мышцаў. Бывае агульны (усяго цела) і мясцовы (асобных ч. цела). Адрозніваюць лячэбны М. (назначаецца ўрачом пры комплексным лячэнні хвароб і траўмаў), спартыўны (трэніровачны, папярэдні, аднаўленчы), гігіенічны (садзейнічае ўмацаванню здароўя), касметычны (памяншае завяданне скуры, праяўленне дэфектаў скуры твару і інш.). Паводле тэхнікі выканання М. падзяляюць на класічны, сегментарны, кропкавы, фінскі, шведскі. Робяць рукамі ці спец. апаратамі. Асн. прыёмы М. — пагладжванне, расціранне, размінанне, вібрацыя і інш.
т. 10, с. 164
МАСАЛІ́ЦІНАВА (Варвара Восіпаўна) (29.7.1878, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 20.10.1945),
расійская актрыса. Сястра М.В.Масаліцінава. Нар. арт. Расіі (1933). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1901). Працавала ў Малым т-ры. У творчасці спалучала глыбокі псіхалагізм, быт. дакладнасць, заснаваную на жыццёвых назіраннях, з яркай выразнасцю знешняга малюнка вобраза. Сярод роляў: Няніла Сідараўна, Манефа, Кукушкіна («З чужога шалу галава кружыцца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.Астроўскага), Хлёстава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Дзямідзьеўна («Нашэсце» Л.Лявонава). Знялася ў фільмах «Паны Скацініны» (1927), «Навальніца» (1934), «Дзяцінства Горкага» (1938) і «У людзях» (1939; Дзярж. прэмія СССР 1941).
т. 10, с. 164
МАСАЛІ́ЦІНАЎ (Канстанцін Іракліевіч) (3.6.1905, г. Варонеж, Расія — 24.1.1979),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1955). Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Варонежскі муз. тэхнікум (1929). Адзін з арганізатараў (1942) і маст. кіраўнік (да 1964) Варонежскага рус. нар. хору. Збіраў сял. фальклор, запісаў больш як 500 нар. песень Варонежскай вобл. Майстар хар. кампазіцый і апрацовак. Сярод твораў: опера-песня «Зямля спявае» (1960), араторыя «Зямля мая» (1970), 3 кантаты, хары, рамансы, песні, апрацоўкі рус. нар. песень. Аўтар кн. «З рускай песняй — па жыцці» (1975), артыкулаў пра нар. творчасць. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Літ.:
Емельянова Н.Н. Композитор К.И.Массалитинов. М., 1976.
т. 10, с. 164
МАСАЛІ́ЦІНАЎ (Мікалай Восіпавіч) (24.2.1880, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 22.3.1961),
расійскі і балгарскі акцёр, рэжысёр. Брат В.В.Масаліцінавай. Нар. арт. Балгарыі (1948). Скончыў драм. школу пры Малым т-ры ў Маскве (1907). У 1907—19 акцёр МХТ. Сярод роляў: Скалазуб («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава). З 1925 у Балгарыі, да 1944 гал. рэжысёр, рэжысёр Нар. т-ра ў Сафіі. Паставіў спектаклі «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Квадратура круга» В.Катаева, «Платон Крэчат» А.Карнейчука, «Царская міласць» К.Зідарава і інш. З роляў: Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Матыяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана). Дзімітраўская прэмія 1950.
т. 10, с. 164