МАСА́Ж (франц. massage),
комплекс прыёмаў механічнага дазіраванага раздражнення паверхні цела чалавека з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі. Рэфлекторна ўплывае на функцыян. стан нерв. сістэмы, актывізуе абмен рэчываў, паляпшае кровалімфазварот і скарачальную здольнасць мышцаў. Бывае агульны (усяго цела) і мясцовы (асобных ч. цела). Адрозніваюць лячэбны М. (назначаецца ўрачом пры комплексным лячэнні хвароб і траўмаў), спартыўны (трэніровачны, папярэдні, аднаўленчы), гігіенічны (садзейнічае ўмацаванню здароўя), касметычны (памяншае завяданне скуры, праяўленне дэфектаў скуры твару і інш.). Паводле тэхнікі выканання М. падзяляюць на класічны, сегментарны, кропкавы, фінскі, шведскі. Робяць рукамі ці спец. апаратамі. Асн. прыёмы М. — пагладжванне, расціранне, размінанне, вібрацыя і інш.
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)