Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАХА́РАЎ Веньямін Міхайлавіч

(н. 22.1.1969, Мінск),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1994). Пасля сканчэння Бел. харэагр. вучылішча (1987) саліст Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Яго танец вызначаюць пластычная выразнасць, высокі скачок, тэмперамент, імкненне да раскрыцця ўнутр. свету герояў. Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Крас і Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Базіль і Эспада, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Тарэра і Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Бог («Стварэнне свету» А.Пятрова), Алі і Конрад, Альберт («Карсар», «Жызэль» А.Адана), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Уладзімір («Страсці» А.Мдывані; Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Лаўрэат міжнар. конкурсаў артыстаў балета імя С.Дзягілева (Масква, 1992, 2-я прэмія С.Ліфара), «Арабеск-92» (Перм, Расія), 7-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Масква, 1993, 2-я прэмія і прыз за лепшае выкананне сучаснай харэаграфіі).

Л.І.Вішнеўская.

В.Захараў у ролі Дэзірэ.

т. 7, с. 10

ЗАХА́РАЎ Георгій Няфёдавіч

(24.4.1908, с. Старое Сямёнкіна Самарскай вобл., Расія — 6.1.1996),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-м. авіяцыі (1940), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Сталінградскую ваен. шкалу лётчыкаў (1933), Ваен. акадэмію Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1930. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1941 на Зах., 3-м Бел. франтах. Камандзір знішчальнай авіядывізіі, у склад якой уваходзіў франц. полк «Нармандыя—Нёман». З. вызначыўся пры вызваленні Віцебска, Оршы, Мінска, Гродна. Да 1961 у Сав. Арміі. Аўтар кніг «Аповесць аб знішчальніках» (1977), «Я — знішчальнік» (1985) і інш.

т. 7, с. 10

ЗАХА́РАЎ Георгій Фёдаравіч

(5.5.1897, с. Шылава Саратаўскай вобл., Расія — 26.1.1957),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген. арміі (1944). Скончыў школу прапаршчыкаў (1916), пяхотныя курсы (1920), курсы «Выстрал» (1923), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1939). У арміі з 1915. У Вял. Айч. вайну з 1941 на розных франтах, у чэрв.ліст. 1944 камандуючы 2-м Бел. фронтам. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54.

Г.Ф.Захараў.

т. 7, с. 10

ЗАХА́РАЎ Іван Антонавіч

(18.9.1898, в. Сямёнаўка Маскоўскай вобл., Расія — 19.3.1944),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Прамакадэмію лёгкай прам-сці СССР (1937). Удзельнік грамадз. вайны. З 1926 на парт. і гасп. рабоце ў Маскоўскай вобл. З 1937 у Віцебску: дырэктар ільнопрадзільнай ф-кі, старшыня гарвыканкома. З крас. 1938 нам. старшыні СНК БССР. У Вял. Айч. вайну выконваў даручэнні ЦК КП(б)Б і БШПР па кіраўніцтве партыз. рухам у Беларусі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1938—40, чл. ЦК КП(б)Б з 1940. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1938.

т. 7, с. 10

ЗАХА́РАЎ Іван Кузьміч

(13.8.1909, в. Ганявічы Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 8.5.1982),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай вобл. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Вышэйшую камуніст. с.-г. школу (Мінск, 1934), Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). З 1941 адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Асвейскага патрыятычнага падполля. У крас. 1942 арганізаваў і ўзначаліў партыз. атрад, у ліп. 1942 — студз. 1944 камандзір Асвейскай партыз. брыгады, адначасова ў чэрв. 1942 — снеж. 1943 1-ы сакратар падп. Асвейскага райкома КП(б)Б. Ў 1944—63 на парт. і прафс. рабоце. Аўтар кнігі «Вайна ў краі азёр» (2-е выд., 1973).

т. 7, с. 10

ЗАХА́РАЎ Канстанцін Фёдаравіч

(крас. 1919, г. Іванава, Расія — 13.1.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Пермскую авіяц. школу (1939). З 1941 на Зах., Цэнтр., Бел. франтах. Лётчык-знішчальнік, камандзір авіяэскадрыллі капітан З. зрабіў 190 баявых вылетаў, збіў 15 самалётаў ворага. 13.1.1944 у баі каля г. Мазыр Гомельскай вобл. падбіты, ахоплены полымем самалёт З. скіраваў на калону варожых войск.

К.Ф.Захараў.

т. 7, с. 10

ЗАХА́РАЎ Марк Анатолевіч

(н. 13.10.1933, Масква),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1991). Засл. дз. маст. Расіі (1977). З 1973 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола (з 1990 «Ленком»). Паставіў спектаклі: «Іваноў» А.Чэхава (1973), «"Юнона" і "Авось"» А.Вазнясенскага і А.Рыбнікава (1980), «Тры дзяўчыны ў блакітным» Л.Петрушэўскай (1985), «Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема, «Мудрэц» паводле А.Астроўскага (абодва 1989), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1993) і інш. Драм. творам імкнецца надаць сугучную сучасным праблемам трактоўку; спектаклі выразныя структурай, часта насычаны музыкай і танцам. Паставіў тэлефільмы: «Звычайны цуд» (1978), «Той самы Мюнхаўзен» (1979), кінафільм «Забіць дракона» (1989) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1987. Дзярж. прэмія Расіі 1992.

т. 7, с. 10

ЗАХА́РАЎ Мацвей Васілевіч

(17.8.1898, в. Войлава Старыцкага р-на Цвярской вобл., Расія — 31.1.1972),

Маршал Сав. Саюза (1959), двойчы Герой Сав. Саюза (1945, 1971), Герой Чэхаславакіі (1970). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. У арміі з 1918. Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1928) і Генштаба (1937). У Вял. Айч. вайну нач. штабоў 9-й арміі і Гал. камандавання Паўн,Зах. напрамку, нам. нач. Гал. ўпраўлення тылу Чырв. Арміі; са студз. 1942 нач. штаба Калінінскага, у крас.кастр. 1943 — Рэзервовага і Сцяпнога, у кастр. 1943 — чэрв. 1945—2-га Укр. франтоў. Пасля вайны на адказных пасадах ва Узбр. Сілах СССР, у т.л. ў 1960—63 і 1964—71 нач. Генштаба — 1 -ы нам. міністра абароны СССР.

т. 7, с. 10

ЗАХА́РАЎ Расціслаў Уладзіміравіч

(7.9.1907, г. Астрахань, Расія — 15.1.1984),

рускі балетмайстар, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1969).

Д-р мастацтвазнаўства (1970). Праф. (1951). Скончыў маст. вучылішча (1926), тэатр. ін-т (1948, экстэрнам) у Ленінградзе. У 1936—39 кіраўнік балетнай трупы, у 1936—56 балетмайстар і оперны рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. У творчасці імкнуўся да манументальнасці, вял. значэнне надаваў літ. сюжэту, драматызацыі балетнага дзеяння. Сярод пастановак: балеты «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1934) і «Папялушка» С.Пракоф’ева (1945; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1973 і 1965), «Медны коннік» Р.Гліэра (1949); оперы — «Руслан і Людміла» М.Глінкі (1937), «Кармэн» Ж.Бізэ (1943), «Вільгельм Тэль» Дж.Расіні (1942). Аўтар кніг па мастацтве балета. Сярод вучняў: Г.Р.Валамат-задэ, В.Грывіцкас, А.Лапауры, Н.Канюс, М.Лаўроўскі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.

Літ.:

Ивашнев В.И., Ильина К. В.Ростислав Захаров: Жизнь в танце. М., 1982.

Р.У.Захараў.

т. 7, с. 10

ЗАХА́РАЎ Сяргей Сцяпанавіч

(18.9.1901, в. Старое Сямёнкава Уладзімірскай вобл., Расія — 19.11.1990),

бел. вучоны ў галіне земляробства. Д-р с.-г. н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1965). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1931). У 1938—74 заг. кафедры земляробства БСГА. Навук. працы па эфектыўнасці севазваротаў з выкарыстаннем травасеяння, прамежкавых культур, сідэратаў, вапны і сістэм гербіцыдаў.

Тв.:

Занятыя папары і рацыянальнае іх выкарыстанне. Мн., 1960;

Основы земледелия. Мн., 1963;

Земледелие Западной и СевероЗападной зон СССР. М., 1967.

т. 7, с. 11