Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАВАРО́Т КІ́ШАК,

гл. Непраходнасць кішэчніка.

т. 6, с. 492

ЗАВАРЫ́ЗГІН (Барыс Сяргеевіч) (н. 11.3.1921, Масква),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. авіяцыі (1975). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяц. школу (1942), акадэміі Ваенна-паветр. (1951) і Генштаба (1960). На фронце з 1943. Пам. камандзіра штурмавога авіяпалка ст. лейт. З. вызначыўся ў Бел. аперацыі 1944: удзельнік штурму абароны праціўніка на рубяжы Віцебск—Орша, вызвалення Мінска, ліквідацыі мінскага «катла». Да 1982 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 492

ЗАВАРЫ́ЦКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (14.3.1884, г. Уфа, Башкортастан — 23.7.1952),

расійскі геолаг і петрограф. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1909). У 1939—41 дырэктар Ін-та геал. навук АН СССР. У 1944—52 арганізатар і дырэктар Лабараторыі вулканалогіі АН СССР. У 1946—49 акад.-сакратар аддз. геал.геагр. навук АН СССР. Навук. працы па тэарэт. петраграфіі і геалогіі рудных радовішчаў. Вывучаў патухлыя вулканы Арменіі, стараж. вулканізм Урала, вулканы Камчацка-Курыльскай дугі. Распрацаваў навук. кірунак у петраграфіі — петрахімію. Яго імем наз. мінерал заварыцкіт. Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—4. М., 1956—63.

А.М.Заварыцкі.

т. 6, с. 492

«ЗАВЕ́ЙНІЦА»,

бел. нар. танец, блізкі да «Мяцеліцы». Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Танцоры, нагнуўшыся, парамі прабягаюць пад ручніком, які трымае ў выглядзе аркі адна з пар. Аснова танца — слізготны рух «кроку-бегу» з імклівымі паваротамі і чаргаваннем пар, якія выбягаюць з-пад аркі направа і налева, што стварае ілюзію ўрагану, мяцеліцы.

т. 6, с. 492

ЗАВЕ́ЛЛЕ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дахнарка, за 16 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 0,32 км2, даўж. 1,3 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі 3,8 км. Пл. вадазбору 2,3 км2. Схілы катлавіны выш. 2—5 м (на Пн да 10 м), на У і Пн параслі лесам і хмызняком, на 3 разараныя.

т. 6, с. 492

ЗАВЕ́СНА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (цячэ праз возера), за 43 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,59 км2, даўж. 1,9 км, найб. шыр. больш за 1 км, найб. глыб. 2,4 м, даўж. берагавой лініі 5,5 км. Пл. вадазбору 11,6 км2. Схілы катлавіны выш. да 5 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, параслі хмызняком. На 3 забалочаная пойма шыр. да 200 м, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана пяскамі, апясчаненымі глеямі і сапрапелем. Зарастае.

т. 6, с. 493

ЗАВЕ́Я,

гл. Мяцеліца.

т. 6, с. 493

«ЗАВІВА́ННЕ БАРАДЫ́»,

старадаўні земляробчы абрад у беларусаў і інш. славянскіх народаў. Жнеі пакідалі некалькі нязжатых каласоў, выполвалі ў гэтым месцы траву, надломлівалі сцябліны, скручвалі іх з кавалачкам хлеба з соллю і прыціскалі да зямлі. Паводле павер’я, заставаліся зімаваць у гэтых каласках жыцень і інш. збожжавыя духі, якія давалі жыццё сцяблінам, напаўнялі каласы зернем. Лічылася, што сіла з «барады» перадасца зямлі і забяспечыць добры ўраджай у наступным годзе.

т. 6, с. 493

ЗАВІЛЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Завілейская Літва,

назва ў бел. летапісах 15—17 ст. тэрыторыі каля р. Вілія ў больш раннія часы. Дакладнае месцазнаходжанне не вызначана. У «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» і Хроніцы Быхаўца гаворыцца, што жамойцкія князі рухаліся па З.з. з ПнЗ на Пд і ПдУ, гэта значыць па тэр. на Пд ад р. Вілія. У некат. месцах летапісаў гэта тэр. названа Завілейскай Літвой. У інш. летапісах пад З.з. разумелі правабярэжжа Віліі (на Пн ад яе).

т. 6, с. 493

ЗАВІЛЕ́ЙСКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў у 1791—93, 1795—1842 у Віленскім ваяв. ВКЛ, з 1795 у Віленскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Віленскай губ. Расіі. Цэнтр г. Паставы. У 1842 перайменаваны ў Свянцянскі павет.

т. 6, с. 493