Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЭПЕ́ША (франц. dépêche),

1) спешнае паведамленне (дыпламат., ваен. і інш.).

2) Тэлеграма.

т. 6, с. 354

ДЭПО́ (франц. dēpôt літар. склад, сховішча),

прадпрыемства і спецыяльна абсталяваны будынак для стаянкі, абслугоўвання і рамонту рухомага саставу чыгунак (лакаматыўныя і вагонныя Д.), гар. наземнага (трамвайныя і тралейбусныя Д.) і падземнага (Д. метрапалітэна) электратранспарту, а таксама пажарных машын і прыстасаванняў (пажарнае Д.). Для рухомага саставу гар. транспарту ўжываецца таксама назва парк (аўтобусны, тралейбусны, трамвайны паркі).

т. 6, с. 354

ДЭПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,

гл. ў арт. Дэструкцыя палімераў.

т. 6, с. 354

ДЭПРЭ́СІЯ (ад лац. depressio прыгнечанне, падаўленне) у псіхалогіі, афектыўны стан, які характарызуецца адмоўным эмацыянальным фонам, змяненнем матывацыйнай сферы і агульнай пасіўнасцю паводзін. Чалавек у стане Д. суб’ектыўна адчувае цяжкія, пакутлівыя эмоцыі і перажыванні (прыгнечанасць, тугу, смутак, роспач). Характэрнымі з’яўляюцца думкі пра ўласную адказнасць за розныя непрыемныя, цяжкія падзеі ў асабістым жыцці або ў жыцці блізкіх людзей. Валявая актыўнасць, самаацэнка рэзка зніжаны. Адрозніваюць функц. стан Д., магчыма ў здаровых людзей у межах нармальнага псіхічнага функцыянавання, і паталаг. Д. як адзін з асн. псіхіятрычных сіндромаў.

т. 6, с. 354

ДЭПРЭ́СІЯ ў медыцыне,

псіхічная прыгнечанасць з затарможанасцю мыслення, мовы і рухаў. Бывае пры псіхічных і саматычных хваробах, найб. тыповая ў дэпрэсіўнай фазе маніякальна-дэпрэсіўнага псіхозу. Прыкметы: паніжаны настрой (гіпатымія) да глыбокай тугі з трызненнем, нерухомасцю, самаабвінавачваннем. Д. трэба адрозніваць ад звычайнай (фізіял.) рэакцыі чалавека пры непрыемных перажываннях, жыццёвых няўдачах і псіхічных траўмах. Лячэнне: псіхатропныя сродкі, электрасутаргавая тэрапія, псіхатэрапія, хворых на цяжкую Д. лечаць у стацыянарах.

т. 6, с. 355

ДЭПРЭ́СІЯ ў біялогіі,

рэзкае паніжэнне колькасці асобін папуляцыі або віду. Можа быць выклікана зменамі клімату ці інш. абіятычнымі фактарамі, біяцэнатычнымі ўзаемаадносінамі (напр., зніжэнне колькасці ахвяр у выніку павелічэння колькасці драпежнікаў) або ўнутрыпапуляцыйнымі з’явамі (стрэс, эміграцыя і інш.). Тэрмін Д. не прынята ўжываць, калі зніжэнне колькасці асобін адбываецца ў выніку прамога ўздзеяння чалавека. Звычайна Д. мае часовы, нярэдка цыклічны характар (напр., рэгулярныя Д. колькасці лемінгаў у біяцэнозах тундры), аднак у некат. выпадках прыводзіць да поўнага вымірання папуляцыі або віду. Каб прадухіліць іх выміранне, часта патрабуюцца спец. меры аховы.

В.В.Грычык.

т. 6, с. 355

ДЭПУТА́Т (ад позналац. deputatus упаўнаважаны),

асоба, выбраная ў прадстаўнічы орган дзяржавы ці орган мясц. самакіравання; паўнамоцны прадстаўнік пэўнай часткі насельніцтва — выбаршчыкаў свайго выбарнага органа або ўсёй нацыі. Д. працуе ў адпаведным прадстаўнічым органе на прафес. (у большасці дэмакр. дзяржаў) або непрафес. аснове, г. зн. не парываючы з асн. дзейнасцю. Статус Д. ўстанаўліваецца канстытуцыяй і спец. законамі. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паўнамоцнымі прадстаўнікамі ў органах дзярж. улады з’яўляюцца Д. Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Д. мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яго паўнамоцтвы пачынаюцца з дня выбрання і заканчваюцца ў дзень выбрання Д. новага склікання або датэрмінова ў адпаведнасці з заканадаўствам. Д. забяспечваюцца ўмовамі для бесперашкоднага і эфектыўнага ажыццяўлення сваіх правоў і абавязкаў, маюць пэўныя льготы і карыстаюцца дэпутацкай недатыкальнасцю (гл. Імунітэт). Пры неабходнасці Д. можа быць адкліканы сваімі выбаршчыкамі. Адкліканне Д. ажыццяўляецца на падставах, прадугледжаных законам.

В.А.Кадаўбовіч.

т. 6, с. 355

ДЭПУТА́ЦКАЯ НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ,

гл. ў арт. Імунітэт.

т. 6, с. 355