ДЭПРЭ́СІЯ (ад лац. depressio прыгнечанне, падаўленне) у псіхалогіі, афектыўны стан, які характарызуецца адмоўным эмацыянальным фонам, змяненнем матывацыйнай сферы і агульнай пасіўнасцю паводзін. Чалавек у стане Д. суб’ектыўна адчувае цяжкія, пакутлівыя эмоцыі і перажыванні (прыгнечанасць, тугу, смутак, роспач). Характэрнымі з’яўляюцца думкі пра ўласную адказнасць за розныя непрыемныя, цяжкія падзеі ў асабістым жыцці або ў жыцці блізкіх людзей. Валявая актыўнасць, самаацэнка рэзка зніжаны. Адрозніваюць функц. стан Д., магчыма ў здаровых людзей у межах нармальнага псіхічнага функцыянавання, і паталаг. Д. як адзін з асн. псіхіятрычных сіндромаў.
т. 6, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)