Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЫХРАІ́ЗМ (ад грэч. dichroos двухколерны),

розная афарбоўка аднавосевых крышталёў, якім характэрна падвойнае праменепераламленне, пры праходжанні святла ўздоўж аптычнай восі і перпендыкулярна да яе. Напр., крышталь апатыту, які асветлены белым святлом, будзе светла-жоўтым, калі глядзець уздоўж восі, і зялёным — упоперак да яе; пры інш. напрамках назірання крышталь афарбаваны ў які-н. прамежкавы колер. Гл. таксама Плеахраізм.

т. 6, с. 304

ДЫХРАМА́ТЫ,

солі дыхромавай к-ты H2Cr2O7. Крышт. рэчывы аранжава-жоўтага колеру (напр., Д. натрыю Na2Cr2O7, tпл 320 °C, т-ра раскладання 400 °C). Раствараюцца ў вадзе (акрамя Д. серабра і вісмуту). Моцныя акісляльнікі. Выкарыстоўваюць як кампаненты выбуховых рэчываў, дубільнікі ў гарбарнай прам-сці, пратраву ў тэкст. прам-сці, для адбельвання маслаў, воску, атрымання арган. злучэнняў і інш. Таксічныя, напр. раствор Д. калію разбурае скурныя покрывы і храстковыя тканкі, ГДК 0,01 мг/м³ [у пераліку на аксід хрому (VI) CrO3].

т. 6, с. 304

ДЫХТА́У,

адна з гал. вяршынь Бакавога хр. ў цэнтр. частцы Вял. Каўказа, у Кабардзіна-Балкарыі, паблізу мяжы з Грузіяй. Выш. 5203 м. Складзена з крышт. парод. Ледавік. Альпінізм.

т. 6, с. 305

ДЫХТОЎНАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,

прылада для вымярэння эфектыўнай дыхтоўнасці і інш. параметраў вагальных контураў. Бывае аналагавы і лічбавы; мае калібраваны генератар ваганняў з вымяральным вагальным контурам і індыкатар рэзанансу. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні суадносін паміж напружаннем на ўзорным кандэнсатары пры рэзанансе і напружаннем, якое пададзена на контур, або на падліку колькасці перыядаў затухальных свабодных ваганняў у контуры (лічбавыя прылады; гл. Затуханне ваганняў). Выкарыстоўваецца для вымярэння параметраў пасіўных (шпуль індуктыўнасці, кандэнсатараў, рэзістараў і інш.) і актыўных (варыкапы, тунэльныя дыёды і інш.) элементаў радыёэлектронных схем.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 6, с. 305

ДЫХТО́ЎНАСЦЬ вагальнай сістэмы,

колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.

У аснову вымярэнняў Д. (гл. Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт P за перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш. Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 10​4, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧ ваганняў — да 10​5.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 6, с. 305