Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЫ́ЗЕЛЬ-ЭЛЕКТРАХО́Д,

марское або рачное самаходнае судна, у якім электрагенератары, што сілкуюць грабныя электрарухавікі, прыводзяцца ў дзеянне дызелямі. Гл. таксама Электраход.

т. 6, с. 279

ДЫЗЕНТЭРЫ́ЙНАЯ АМЁБА,

гл. ў арт. Амёбы.

т. 6, с. 279

ДЫЗЕНТЭРЫ́Я (ад дыз... + грэч. enteron кішка),

крываўка, эпідэмічная хвароба з групы кішачных. Узбуджальнік Д. ў чалавека — дызентэрыйныя бактэрыі (самы пашыраны від Флекснера і Зоне). Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бактэрыяносьбіты. Пашырэнню Д. спрыяюць мухі, парушэнне асабістай гігіены і сан. стану ўстаноў водазабеспячэння і харч. прадпрыемстваў. З харч. прадуктамі і вадой бактэрыі трапляюць у страўнікава-кішачны тракт і выклікаюць спецыфічнае запаленне язваў на слізістай абалонцы тоўстага кішэчніка.

Інкубацыйны перыяд 2—3, часцей 3—7 дзён. Вострая Д. пачынаецца з павышэння т-ры (37—38 °C), агульнай млявасці, дрэннага апетыту, схваткападобнага болю ў ніжняй ч. жывата, вадкага (з крывёю і сліззю) і частага (5—10 разоў у суткі) надворку. У апошні час амаль у 80% хворых Д. бывае са слабымі клінічнымі прыкметамі. Цяжкая форма вострай Д.: высокая ліхаманка, ці гіпатэрмія, часты (30—40 разоў у суткі) надворак і інш. — трапляецца рэдка. Хранічная Д. перыядычна абвастраецца. Лячэнне: шпіталізацыя, лячэбнае харчаванне, антыбіётыкі, аральная дэгідратацыя салявымі растворамі.

Сярод с.-т. жывёл на Д. хварэюць ягняты і парасяты. Заражэнне адбываецца праз корм, пітную ваду і подсціл, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл і бактэрыяносьбітаў.

П.Л.Новікаў.

т. 6, с. 279

ДЫЗЛЕ́ПТЫКІ,

гл. Галюцынагены.

т. 6, с. 279

ДЫЗРАЭ́ЛІ ((Disraeli) Бенджамін) (21.12.1804, Лондан — 19.4.1881),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, пісьменнік.

Лорд Бікансфілд (з 1876). Сын пісьменніка І.Дызраэлі. У 1837—76 дэп. палаты абшчын ад партыі торы (з 1846 кіраўнік фракцыі). Міністр фінансаў у 1852, 1858—59, 1866—68; распрацаваў і ажыццявіў праект выбарчай рэформы (1867). Значная яго роля ў пераўтварэнні партыі торы ў Кансерватыўную партыю Вялікабрытаніі (з 1868 яе лідэр). Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1868 і 1874—80. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, накіраваную на пашырэнне тэр. і ўплыву Брыт. імперыі, у т. л. ў зоне Суэцкага канала (1875). Удзельнічаў у Берлінскім кангрэсе 1878. Аўтар раманаў і навел пра брыт. грамадства: «Вівіян Грэй» (1826—27), «Кантарыні Флемінг» (1832), «Сібіла, або Дзве нацыі» (1845), «Эндыміён» (1880) і інш.

Літ.:

Трухановский В.Г. Бенджамин Дизраели // Вопр. истории. 1990. № 2.

Н.К.Мазоўка.

Б.Дызраэлі.

т. 6, с. 279

ДЫЗУРЫ́Я (ад дыз... + грэч. uron мача),

парушэнне мочаспускання. Звычайна праяўляецца балючасцю ці цяжкасцю вывядзення мачы з мачавога пузыра з прычыны сціскання мочаспускальнага канала гематомай, пухлінай, павялічанай прастатай, пры закупорцы камянямі і інш., а таксама ў выніку функцыян. расстройстваў пры хваробах нерв. сістэмы (спазма і інш.). Іншы раз да Д. адносяць балючыя і частыя мочаспусканні.

т. 6, с. 279