ДУХО́НІН (Мікалай Мікалаевіч) (13.12.1876—3.12.1917),
расійскі ваен. дзеяч. Ген.-лейтэнант (1917). З дваран Смаленскай губ. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1896) і Акадэмію Генштаба (1902). У 1-ю сусв. вайну камандаваў палком, памочнік (са снеж. 1915) і ген.-кватэрмайстар (з чэрв. 1916) штаба Паўд.-Зах. фронту, нач. штаба Паўд.-Зах. (чэрв.—жн. 1917) і Зах. (жн.—вер. 1917) франтоў, нач. штаба пры вярх. галоўнакамандуючым А.Ф.Керанскім (з 23.9.1917). Выконваў абавязкі вярх. галоўнакамандуючага пасля Кастр. рэвалюцыі (16—22.11.1917; зняты з пасады сав. ўладамі за адмову неадкладна ўступіць у мірныя перагаворы з герм.-аўстр. камандаваннем). 3.12.1917 арыштаваны; забіты на вакзале ў Магілёве натоўпам салдат і матросаў, якія даведаліся пра вызваленне ім з турмы ў Быхаве кіраўнікоў Карнілава мяцяжу 1917 (ген. Л.Г.Карнілава, А.І.Дзянікіна і інш.).
т. 6, с. 266
«ДУХО́ЎНАЕ ПРЫЧА́СЦЕ СВЯТЫ́Х БАРЫ́СА І ГЛЕ́БА»,
польска-бел. школьная драма эпохі барока. Аўтар невядомы. Уваходзіць у рукапісны зб. канца 17 ст. «Аршанскі кодэкс». Паст. ў Полацку і, магчыма, у Оршы да 1693. У аснове сюжэта падзеі 11 ст. ў Полацку і Кіеве (феад. міжусобіцы, пашырэнне хрысціянства). Рэчаіснасць і вобразы гал. герояў святых Барыса і Глеба пададзены ўмоўна. Твор уключае антыпралог, пралог і 4 інтэрмедыі. У інтэрмедыях адлюстравана жыццё бел. грамадства канца 17 ст. Дзейныя асобы драмы селянін («хлоп»), гарбар, салдат, яўрэй, хлопцы-парабкі, якія гавораць па-беларуску, прадстаўлены людзьмі абмежаванымі. Мяркуючы па змесце, аўтар — католік-езуіт, прыхільнік ідэалогіі пануючых класаў. Твор апубл. І.Ляванскім у «Старапольскай драматургіі» (Варшава, 1963. Т. 6).
Літ.:
Мальдзіс АІ. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 175—192.
т. 6, с. 266
ДУХО́ЎНАСЦЬ,
уласцівае асобе або сац. групе імкненне да пазнання Сусвету, месца і ролі ў ім чалавека, стаўленне да чалавечай асобы і яе творчасці як да вышэйшай мэты і каштоўнасці развіцця грамадства, падпарадкаванне матэрыяльных здабыткаў і інтарэсаў духоўным, маральна-эстэт. здабыткам і каштоўнасцям. Існуюць 3 формы Д.: Д. асобнага індывіда (асобы); Д. сац. групы (напр., інтэлігенцыі) ці грамадства ў цэлым; Д. Бога, абсалютнай ідэі (у Платона, Г.Гегеля). Д. асобы ствараецца ў працэсе духоўнай працы; таму духоўныя адрозненні паміж людзьмі значна большыя, чым біялагічныя. Індывід. Д. становіцца сама сабой і няўхільна развіваецца пры актыўным уключэнні асобы ў духоўную сферу, культуру сац. групы і грамадства, якую яна можа засвоіць і тым самым узбагаціць сваю духоўную сутнасць у працэсе сацыялізацыі, адукацыі і выхавання. Носьбіт індывід. Д. — сац.-псіхалагічны свет пэўнай асобы, грамадскай Д. — сац. супольнасць (група, этнас, нацыя, народ). Д. грамадства трэба разглядаць як інтэграваную цэласнасць у непарыўным адзінстве з мноствам разнастайных індывід. Д. Напр., грамадская Д. бел. народа — сукупнасць духоўных прэдыкатаў, уласцівых гэтаму народу, адзінаму творцу сваёй гісторыі і культуры.
Я.М.Бабосаў.
т. 6, с. 266
ДУХО́ЎНА-РЫ́ЦАРСКІЯ О́РДЭНЫ,
ваенна-рэлігійныя аб’яднанні, арганізаваныя на ўзор каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Узніклі ў час крыжовых паходаў як брацтвы для дапамогі паломнікам у Палесціне, з 12 ст. — ваен. арг-цыі для аховы і пашырэння хрысц. уладанняў на Усходзе, барацьбы з мусульманамі і язычнікамі. З канца 11 ст. да 1300 заснавана 12 Д.-р.о.: Ордэн коннікаў шпіталя св. Яна Іерусалімскага (шпітальеры, прыбл. з 1070); Ордэн бедных рыцараў Хрыста і Саламонава храма (тампліеры, з 1116 або 1119); Авіскі ордэн (з 1162 або 1166); Ордэн св. Міхаіла (з 1167); ордэн мечаносцаў (з 1202); Ордэн прускіх рыцараў Хрыстовых з Добжыні (з пач. 13 ст.) і інш. Іх члены давалі зарокі ўстрымання, паслушэнства, беднасці, падзяляліся на братоў-воінаў, капеланаў (святароў) і братоў-служыцеляў. Ордэн узначальваў вял. магістр (выбіраўся пажыццёва), якому падпарадкоўваліся камандзіры мясц. аддзелаў (правінцый і бальяжаў) — магістры (прыёры), прэцэптары, камандоры, канэтабль і інш. і пры якім перыядычна склікаўся ген. капітул (савет), які валодаў заканад. уладай. Д.-р.о. былі незалежныя ад мясц. свецкіх і духоўных улад і падпарадкоўваліся непасрэдна рым. папу, які даваў ім значныя прывілеі. Найб. магутнымі былі т.зв. «інтэрнацыянальныя» ордэны (шпітальеры, тампліеры, Тэўтонскі ордэн), якія мелі аддзелы ва ўсіх краінах Зах. Еўропы, уласныя арміі, вял. зямельныя ўладанні і грашовыя сродкі. Пасля страты ў 13 ст. ўладанняў на Усходзе Д.-р.о. перанеслі дзейнасць на Зах. Еўропу, дзе яны сталі адной з вядучых ваен. і паліт. сіл. З умацаваннем каралеўскай улады б.ч. ордэнаў перастала існаваць.
Літ.:
Печников Б.А. «Рыцари церкви»: Кто они? М., 1991.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 6, с. 266
ДУХО́ЎНЫЯ ВЕ́РШЫ,
эпічныя і лірычныя песні на сюжэты старазапаветных, евангельскіх казанняў і міфаў, жыцій святых, рэліг. легенд, апокрыфаў. Выконвалі вандроўныя жабракі, лірнікі. Паэт. формай адны блізкія да былін, другія — да абрадавых песень, трэція — да малітваў. Былі пашыраны ва ўсіх слав. народаў. Першы запіс рус. Д.в. вядомы з 15 ст. У 1848 упершыню некалькі бел. Д.в. разам з рус. апублікаваў П.В.Кірэеўскі. Шмат іх сабралі П.А.Бяссонаў, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў, М.Я.Нікіфароўскі, М.Федароўскі. Эпічныя Д.в. апавядалі пра стварэнне свету, страшны суд, Адама і Еву, Ісуса Хрыста, Лазара, Барыса і Глеба і інш. Лірычныя былі блізкія да малітваў, царк. песень, кантаў. Асабліва папулярнай была песня пра беднага Лазара і багатыра.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 496—531;
Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. Мн., 1967. С. 97—104.
А.С.Фядосік.
т. 6, с. 267
ДУХО́ЎНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
рыхтуюць служыцеляў культу і даюць тэалагічную адукацыю. Першыя Д.н.ў. ўзніклі пры храмах Стараж. Егіпта і Стараж. Вавілона (2-е тыс. да н.э.) для падрыхтоўкі жрацоў (гл. Жрэцтва). Сучасныя Д.н.ў. падзяляюцца на вышэйшыя — тэалагічныя ун-ты і ін-ты, адпаведныя ф-ты пры свецкіх ун-тах, акадэміі; сярэднія — семінарыі, каледжы і ліцэі (хрысц.), медрэсэ (мусульм., бываюць таксама вышэйшымі), вышэйшыя тэалагічныя і каранічныя школы, ешыбот (іудаісцкія); ніжэйшыя — біблейскія, катэхізічныя, каранічныя, манастырскія і інш. школы. Найб. колькасць розных Д.н.ў. маюць сусветныя рэлігіі — будызм, іслам, хрысціянства.
На Беларусі першыя Д.н.ў. ўзніклі ў канцы 16 — пач. 17 ст. (гл. Езуіцкія навучальныя ўстановы, Кальвінісцкія школы). Былі закрытага ці паўзакрытага тыпу. Адукацыя мела пераважна гуманіт. характар. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская вышэйшая духоўная семінарыя (в. Жыровічы Слонімскага р-на), каталіцкіх святароў — Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя У Мінску працуюць Біблейскі ін-т і Біблейская школа Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Тэалагічны ін-т і Біблейскі каледж («Хрыстос для народаў») Саюза хрысціян веры евангельскай, Вышэйшы завочны іудзейскі рэлігійны ешыбот, Вышэйшы духоўны каледж «Эйш Хаторы» («Агонь Торы») іудзейскага рэліг. аб’яднання. Святароў рыхтуе таксама багаслоўскі ф-т Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.
т. 6, с. 267