ДУХО́ЎНАСЦЬ,
уласцівае асобе або сац. групе імкненне да пазнання Сусвету, месца і ролі ў ім чалавека, стаўленне да чалавечай асобы і яе творчасці як да вышэйшай мэты і каштоўнасці развіцця грамадства, падпарадкаванне матэрыяльных здабыткаў і інтарэсаў духоўным, маральна-эстэт. здабыткам і каштоўнасцям. Існуюць 3 формы Д.: Д. асобнага індывіда (асобы); Д. сац. групы (напр., інтэлігенцыі) ці грамадства ў цэлым; Д. Бога, абсалютнай ідэі (у Платона, Г.Гегеля). Д. асобы ствараецца ў працэсе духоўнай працы; таму духоўныя адрозненні паміж людзьмі значна большыя, чым біялагічныя. Індывід. Д. становіцца сама сабой і няўхільна развіваецца пры актыўным уключэнні асобы ў духоўную сферу, культуру сац. групы і грамадства, якую яна можа засвоіць і тым самым узбагаціць сваю духоўную сутнасць у працэсе сацыялізацыі, адукацыі і выхавання. Носьбіт індывід. Д. — сац.-псіхалагічны свет пэўнай асобы, грамадскай Д. — сац. супольнасць (група, этнас, нацыя, народ). Д. грамадства трэба разглядаць як інтэграваную цэласнасць у непарыўным адзінстве з мноствам разнастайных індывід. Д. Напр., грамадская Д. бел. народа — сукупнасць духоўных прэдыкатаў, уласцівых гэтаму народу, адзінаму творцу сваёй гісторыі і культуры.
Я.М.Бабосаў.
т. 6, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)