Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГІ́РГАС (Уладзімір Фёдаравіч) (1835, г. Гродна — 1887),

расійскі ўсходазнавец-арабіст. Скончыў С.-Пецярбургскі ун-т (1858). З 1858 у Парыжы, у 1861—64 у Сірыі і Егіпце вывучаў арабскую мову, л-ру і культуру арабаў. Яго «Справаздача» аб паездцы (1864, рукапіс) — адна з першых у Расіі прац па араб. дыялекталогіі. З 1865 дацэнт, у 1873—85 праф. С.-Пецярбургскага ун-та. Аўтар навук. прац «Нарыс граматычнай сістэмы арабаў» (1873), «Нарыс арабскай літаратуры» (1875), «Арабская хрэстаматыя» (вып. 1—2, 1875—76, разам з В.​Р.​Розенам), «Слоўнік да «Арабскай хрэстаматыі» і «Карана» (1881). Падрыхтаваў да выдання гіст. творы Абу Ханіфы ад-Дынаверы (выйшлі ў 1888).

т. 5, с. 262

ГІ́РГЕЛЬ (Мікалай Сяргеевіч) (н. 1.8.1946, в. Цімошкава Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік. Брат С.С.Гіргеля. Скончыў графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). З 1976 мастак БелТА, з 1991 у газ. «Рэспубліка». Працуе ў жанры карыкатуры, плаката, шаржа. Аўтар зб-каў карыкатур «Сярдзіты аловак» (1978), «Замалёўкі без лакіроўкі» (1989), шаржаў на дзеячаў культуры, навукі, палітыкаў. Малюнкам Гіргеля ўласцівы праблематычнасць (пластычны малюнак), сатыр. вастрыня.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Гіргель. Экалогія. 1989.

т. 5, с. 262

ГІ́РГЕЛЬ (Сяргей Сяргеевіч) (н. 12.2.1944, в. Цімошкава Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1992), праф. (1997). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1968). З 1974 у Гомельскім дзярж. ун-це. Навук. працы па оптыцы, магнітаоптыцы і фізіцы крышталёў. Пабудаваў тэорыю аптычных з’яў у магнітаўпарадкаваных крышталях з улікам іх анізатрапіі, гіратрапіі, паглынання і падрашотачнай структуры.

Тв.:

Поляризация электромагнитных волн в поглощающих магнитоупорядоченных кристаллах (разам з Б.​В.​Бокуцем) // Кристаллография. 1980. Т. 25. № 1;

Чётный эффект Фарадея в магнитоупорядоченных кристаллах // Докл. АН БССР. 1982. Т. 26. № 10.

т. 5, с. 262

ГІРДЫМА́Н,

старажытнае княства на тэр. Албаніі Каўказскай, паміж рэкамі Аракс і Кура ў 4—8 ст. Спрыяльнае геагр. становішча на месцы перасячэння гандл. шляхоў адыгрывала важную ролю ў развіцці Гірдымана. У 5—6 ст. Гірдыман залежаў ад Сасанідаў. У канцы 6 — пач. 7 ст. пры кіраўніках з дынастыі Мехранідаў адбылося ўзвышэнне Гірдымана: пабудавана крэпасць Гірдыман, якая стала сталіцай княства, потым далучаны г. Барда і туды перанесена сталіца. Значны след у гісторыі Гірдымана пакінуў кн. Джаваншыр (638—670). Яго нашчадкі насілі тытул араншахаў. У пач. 8 ст. Гідыман заваяваны араб. халіфатам.

т. 5, с. 262

ГІ́РКА,

фігурная арх. дэталь з цэглы або каменю найчасцей у выглядзе перакуленай пірамідкі. Шырока выкарыстоўвалася ў рус. архітэктуры 16—17 ст. у дэкоры брам, ганкаў, аконных праёмаў. Падвешвалася на схаваным у муроўцы жал. стрыжні і служыла апорай для дэкар. арачак, звычайна размешчаных пад адной вял. аркай.

Гірка.
Гіркі на фасадзе кальвінскага збору ў Смаргоні.

т. 5, с. 262

ГІРКА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

на Пд Азербайджана, у Ленкаранскім р-не. Складаецца з 2 участкаў — асноўнага ў горна-лясным поясе Талыша на хрыбце Улясы (выш. да 1000 м) і раўніннага на Ленкаранскай нізіне. Засн. ў 1936. Агульная пл. Каля 3 тыс. га. Ахоўваецца рэліктавы лес трацічнага перыяду, да 30% відаў раслін у запаведных гаях эндэмікі і рэлікты, генетычна звязаныя з расліннасцю Гімалаяў: жалезнае дрэва, дуб каштаналісты, граб, бук і інш. У фауне каля 50 наземных відаў малюскаў, буйны рэліктавы матыль брамея; шматлікія рэптыліі і амфібіі; з птушак — падвіды, спецыфічныя для Талыша: стракаты дзяцел, сойка, попаўзень, малінаўка і інш., з млекакормячых — каўказская рысь, дзікабраз, дзік, казуля, каменная куніца, буры мядзведзь, вельмі рэдка леапард.

т. 5, с. 262

ГІ́РКІ,

вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Радунь—Астрына. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 88 км ад г. Гродна, 27 км ад чыг. ст. Бастуны. 222 ж., 70 двароў (1996). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 262

ГІ́РЛА (ад укр. гірло — горла),

мясцовая назва рукавоў і праток у дэльце буйных рэк, якія ўпадаюць у Чорнае і Азоўскае моры. Напр., Кілійскае, Сулінскае і Георгіеўскае гірлы ў дэльце Дуная, данскія гірлы каля Таганрогскага зал. Азоўскага м. і інш.

т. 5, с. 262

ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр. ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка

(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),

італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).

Д.Гірландайо. Святы Хрыстафор і дзіця Хрыстос. 1475.

т. 5, с. 262

ГІРЛЯ́НДА (франц. guirlande) у архітэктуры, арнамент, узор у выглядзе перапляценняў кветак і зеляніны. Як дэкар. элемент выкарыстоўвалася ў афармленні фасадаў будынкаў архітэктуры рэнесансу, барока і класіцызму.

Гірлянда на фрызе палаца ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 5, с. 263