Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІНЕ́Я

(англ. guinea),

англійская залатая манета 17—18 ст. Упершыню выраблена ў 1663 з золата, прывезенага з Гвінеі (адсюль назва). У 1717 адпавядала 21 шылінгу, у 1817 заменена залатым саверэнам. Да 1971 у Вялікабрытаніі мела назву гінея сума ў 21 шылінг, ужывалася таксама ў якасці разліковай адзінкі.

т. 5, с. 250

ГІ́НЗБУРГ Віталь Лазаравіч

(н. 4.10.1916, Масква),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Рас. АН (1966, чл.-кар. з 1953). Чл. акадэмій і навук. т-ваў інш. краін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1938). З 1940 у Фіз. ін-це Рас. АН. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, тэорыі выпрамянення, крышталяоптыцы, тэорыі кандэнсаваных асяроддзяў, радыёфізіцы, фізіцы плазмы, гама- і радыёастраноміі, астрафізіцы касм. прамянёў, праблемах высокатэмпературнай звышправоднасці і інш. Пабудаваў квантавую тэорыю эфекту Чаранкова—Вавілава (1940), прапанаваў фенаменалагічную тэорыю сегнетаэл. з’яў (1945), прадказаў пераходнае выпрамяненне (разам з І.М.Франкам; 1945), распрацаваў паўфенаменалагічныя тэорыі звышправоднасці (разам з Л.Д.Ландау; 1950) і звышцякучасці (разам з Л.П.Пітаеўскім; 1958). Даследаваў праблемы квазараў, пульсараў, нейтронных зорак, чорных дзір, эксперым. праверкі агульнай тэорыі адноснасці і інш. Удзельнічаў у работах па стварэнні тэрмаядзернай зброі ў СССР. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэмія СССР 1953, Вял. залаты медаль імя М.В.Ламаносава Рас. АН 1995.

Тв.:

Распространение электромагнитных волн в плазме. М., 1967;

О теории относительности: Сб. ст. М., 1979;

Теоретическая физика и астрофизика. М., 1987;

О физике и астрофизике. 2 изд. М., 1992.

Літ.:

Андреев А.Р. и др. В.Л.Гинзбург // Успехи физ. наук. 1996. Т. 166. № 10.

М.М.Касцюковіч.

т. 5, с. 250

ГІ́НЗБУРГ Соня Ёселеўна

(13.11.1922, в. Татарск Смаленскай вобл., Расія — 25.8.1994),

бел. вучоны ў галіне нейрафізіялогіі. Д-р мед. н. (1972). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1947). З 1948 у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі, з 1985 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі. Навук. працы па даследаванні эл. актыўнасці і гемадынамікі галаўнога мозга пры парушэнні мазгавога кровазвароту пры дэміэлінізавальных хваробах, пытаннях дыягностыкі метастатычнага пашкоджання галаўнога мозга, ацэнцы функцыян. стану галаўнога мозга пры лакальнай і агульнай гіпертэрміі ў выпадках комплекснага лячэння анкалагічных хворых.

Тв.:

Электрическая активность и гемодинамика головного мозга при окклюзии мозговых артерий. Мн., 1974;

Клинические и экспериментальные вопросы термолучевой терапии. Обнинск, 1989 (у сааўт).

т. 5, с. 250

ГІ́НКГА

(Ginkgo),

манатыпны род голанасенных раслін сям. гінкгавых. Вядомы І від — гінкга двухлопасцевы (G. biloda). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі (радзіма Усх. Кітай, Японія), утварае лясы з інш. дрэвамі. Стараж. рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геал. ўзрост віду каля 50 млн. гадоў). На Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900) як дэкар. расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.

Двухдомнае лістападнае дрэва выш. да 40 м і дыям. ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзістая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см) абкружана тоўстай вонкавай абалонкай, ядомае. Лек. і дэкар. расліна. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Светлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 251

ГІ́НТАЎТ Вітольд Міхайлавіч

(7.3.1922, в. Слабадшчына Мінскага р-на — 25.10.1987),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, механік-вадзіцель танка. Удзельнік баёў на Калінінскім напрамку, пад Ржэвам, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы, Румыніі, баёў у Германіі. Старшына Гінтаўт вызначыўся ў студз. 1944 ў баі пад Вінніцай (Украіна). З 1947 на гасп. рабоце.

т. 5, с. 251

ГІ́НЦБУРГ Аляксандр Ільіч

(1.3.1907, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 15.11.1972),

бел. і рускі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1955), Расіі (1969). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т (1934). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм» (з 1925), імя М.Горкага (з 1943), «Беларусьфільм» (1948—58). Аператар маст. фільмаў «Сустрэчны» (1932, з Ж.Мартавым і У.Рапапортам), «Камсамольск» (1938), «Член урада» (1940), «Валерый Чкалаў» (1941), «Два байцы» (1943), «Канстанцін Заслонаў» (1949), фільмаў-спектакляў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954). Яго аператарскаму майстэрству характэрны лаканізм кампазіцыі ў пабудове кадра, увага да маст. дэталі і пейзажу. Сааўтар сцэнарыя і аператар фільма «Хрустальны чаравічак» (1961), па сваіх сцэнарыях паставіў фільм «Аднойчы ноччу» (1962, з Э.Файкам) і «Гіпербалоід інжынера Гарына» (1966).

т. 5, с. 251

ГІ́НЦБУРГ Ілья Якаўлевіч

(27.5.1859, г. Гродна — 3.1.1939),

рус. скульптар. Вучыўся ў М.Антакольскага (з 1871) і Пецярбургскай АМ (1878—86). Ствараў жанравыя фігуркі («Хлопчык, які збіраецца купацца», 1886), партрэтныя статуэткі дзеячаў рус. культуры («В.В.Верашчагін за работай», 1892). Аўтар надмагілля У.В.Стасава (1908), помнікаў М.В.Гогалю ў с. Сарочынцы Палтаўскай вобл., (Украіна; 1910), Г.В.Пляханаву (1925), Дз.І.Мендзялееву (адкрыты ў 1932).

Літ.:

Скульптор Илья Гинцбург: Воспоминания. Статьи. Письма. Л., 1964.

т. 5, с. 251

ГІ́НЬКАВА ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нехрысць, за 33 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,51 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 290 м, найб. глыб. 43,3 м (3-е па глыбіні на Беларусі), даўж. берагавой лініі 4,84 км. Пл. вадазбору 4,4 км². Схілы катлавіны выш. 20—30 м, вельмі стромкія, пад хмызняком. Берагі супадаюць са схіламі. Мелкаводдзе вузкае. Дно да глыб. 6—10 м пясчанае, потым глеістае. Шырыня паласы расліннасці да 25 м.

т. 5, с. 251

ГІН..., ГІНА..., ГІНЕКА...

[ад грэч. gynē (gynaikos) жанчына],

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да жанчыны, жаночы, напр., гінагенез, гінекалогія, гінатрэзія.

т. 5, с. 249