Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІДРААКУМУЛЮ́ЮЧАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ

(ГАЭС),

гідраэлектрычная станцыя, прызначаная для зняцця пікаў нагрузкі энергасістэмы. Складаецца з двух басейнаў (вадасховішчаў), размешчаных адзін над адным і злучаных трубаправодам. Прынцып дзеяння заключаецца ў ператварэнні эл. энергіі, атрыманай ад інш. электрастанцый, у патэнцыяльную (акумуляваную ў верхнім басейне) энергію вады з наступным ператварэннем яе зноў у эл. энергію. Дае магчымасць рэгуляваць на працягу сутак, тыдня, сезона дзеянне цеплавых, атамных і інш. станцый, выраўноўвае графік і павышае надзейнасць іх работы.

ГАЭС звычайна абсталёўваюць абарачальнымі гідраагрэгатамі. У часы малых нагрузак (напр., ноччу) пры сілкаванні ад энергасістэмы гідрагенератары працуюць як электрарухавікі і прыводзяць у дзеянне гідраўлічныя турбіны, якія са зменай напрамку вярчэння дзейнічаюць як помпы і перапампоўваюць ваду з ніжняга басейна ў верхні. Колькасць акумуляванай энергіі вызначаецца ёмістацю верхняга басейна (можа быць штучным або прыродным, напр., возера) і рабочым напорам. У перыяды пікаў (максімумаў) нагрузкі назапашаная вада з верхняга басейна па трубаправодах паступае ў гідраагрэгаты, якія працуюць пры гэтым у генератарным рэжыме і выпрацоўваюць электраэнергію, аддаючы яе ў энергасістэму, а вада назапашваецца ў ніжнім басейне. Будаваць ГАЭС найб. мэтазгодна паблізу ад цэнтраў спажывання электраэнергіі і з як мага большым напорам. Першай у б. СССР дала ток Кіеўская ГАЭС магутнасцю 225 МВт і напорам 73 м (1970). Сярод буйнейшых ГАЭС: Загорская (Маскоўская вобл., Расія) — 1200 МВт, напор 100 м; Віяндэн (Люксембург) — 900 МВт, 280 м; Круахан (Вялікабрытанія) — 400 МВт, 440 м; Том-Сок (ЗША) — 350 МВт, 253 м; Хоэнвартэ-II (ФРГ) — 320 МВт, 305 м.

Літ.:

Гл. пры арт. Гідраэлектрычная станцыя.

У.М.Сацута.

т. 5, с. 221

ГІДРААКУ́СТЫКА

(ад гідра... + акустыка),

раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджванне гуку ў водным асяроддзі. Гідраакустыка ўключае тэарэт. даследаванні па прагназаванні структуры акустычных палёў, вывучэнне заканамернасцей распаўсюджвання гуку ў воднай прасторы для розных раёнаў Сусветнага акіяна, распрацоўку метадаў і сродкаў вымярэння параметраў гукавых палёў, эксперым. натурныя даследаванні.

Гукавыя хвалі ў водным асяроддзі распаўсюджваюцца на значныя адлегласці (напр., у дыяпазоне частот 500—2000 Гц далёкасць распаўсюджвання пад вадой гуку сярэдняй інтэнсіўнасці дасягае 15—20 км, у дыяпазоне ультрагуку — 3—5 км). Далёкасць распаўсюджвання акустычных імпульсаў у моры і акіяне абмяжоўваецца рэфракцыяй гуку (скрыўленнем шляху гукавога прамяня) і наяўнасцю лакальных неаднароднасцей (часцінак, бурбалачак паветра і інш.), на якіх яны рассейваюцца і паглынаюцца. Скорасць гуку залежыць у асноўным ад гідрастатычнага ціску і слаістасці, абумоўленай размеркаваннем т-ры і салёнасці вады па глыбіні (мяняецца ў межах 1450—1540 м/с). З гэтай прычыны акустычныя хвалі могуць пераламляцца, а ў асобных выпадках на пэўнай глыбіні з’яўляюцца каналы звышдалёкага распаўсюджвання гуку (да тысяч км). Зменлівасць асяроддзя, яго неаднароднасць, наяўнасць межаў з непрадказальнымі характарыстыкамі, разнастайнасць фіз. працэсаў у водным асяроддзі — аб’ектыўныя фактары, якія ўскладняюць карэктнае апісанне працэсу распаўсюджвання гуку ў вадзе і стварэнне адэкватнай яму мадэлі. Прыкладная гідраакустыка займаецца распрацоўкай гідраакустычных прылад. Найб. пашыраны рэхалоты, гідралакатары, шумапеленгатары і інш. Яны выкарыстоўваюцца для даследавання акіяна, у навігацыйных мэтах, для рыбапрамысловай разведкі, пошукавых работ, вырашэння ваенных задач (пошукі падводных лодак праціўніка, бесперыскопная тарпедная атака і інш.). Распрацаваны і створаны мнагамэтавыя вымяральна-вылічальныя комплексы (вымярэнне часавых параметраў акустычных сігналаў, аналіз структуры шматпрамянёвых сігналаў і часавай стабільнасці характарыстык трас распаўсюджвання гуку працягласцю да некалькіх соцень кіламетраў).

На Беларусі даследаванні па гідраакустыцы вядуцца з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ.

Літ.:

Урик Р.Д. Основы гидроакустики: Пер. с англ. Л., 1978;

Клей К., Медвин Г. Акустическая океанография: Пер. с англ. М., 1980.

А.Ф.Чарняўскі.

т. 5, с. 221

ГІДРААКУСТЫ́ЧНЫ МАЯ́К,

стацыянарная падводная прылада, якая выпрамяняе гукавыя (акустычныя) сігналы з мэтай арыентавання суднаў, глыбакаводных апаратаў і інш. Мае генератар гукавых ваганняў, узмацняльнік магутнасці, электраакустычны выпрамяняльнік, механізм кіравання сігналамі, сінхранізавальную прыладу, крыніцу электрасілкавання. Устанаўліваюць на дне мора, на метал. апорах ці на якары (на зададзенай глыбіні). Далёкасць дзеяння гідраакустычнага маяка каля 20 км.

т. 5, с. 221

ГІДРААЎТАМАТЫ́КА,

комплекс тэхн. сродкаў для стварэння сістэм аўтаматычнага кіравання аб’ектамі і тэхнал. працэсамі з дапамогай рабочай вадкасці пад ціскам. Забяспечвае збор і апрацоўку інфармацыі, фарміраванне каманднага сігналу і пераўтварэнне яго ва ўздзеянне кіравання аб’ектам ці тэхнал. працэсам. У склад сродкаў гідрааўтаматыкі ўваходзяць помпы, фільтры, комплексныя ўстаноўкі забеспячэння рабочай вадкасцю, прыстасаванні для стабілізацыі рабочага ціску і інш. У якасці рабочай вадкасці выкарыстоўваюцца мінер. (найб. пашырана) і сінт. маслы, гліцэрына, вада.

Сістэмы і элементы гідрааўтаматыкі маюць высокую надзейнасць, невял. памеры і масу, забяспечваюць самазмазвальнасць агрэгатаў, бесступеньчатае рэгуляванне скарасцей (на хаду) з малой інерцыйнасцю і аўтам. засцярогай ад перагрузак, магчымасць работы ў цяжкіх знешніх умовах (напр., на машынах з высокімі ўзроўнямі вібрацый і ўдарных нагрузак) і інш.; часта спалучаюцца з пнеўматычнымі, эл., электроннымі прыладамі і прыстасаваннямі, напр., гідраўл. ўзмацняльнік з эл. кіраваннем (электрагідраўзмацняльнік); выкарыстоўваюцца ў мабільных с.-г. (напр., для аўтам. рэгулявання глыбіні апрацоўкі глебы, стабілізацыі работы сістэм крутасхільных трактароў), буд. і дарожных машынах, трансп. сродках, станках і інш.

На Беларусі праблемамі гідрааўтаматыкі займаюцца ў БПА, Гомельскім ВА «Гідрааўтаматыка» і інш.

Літ.:

Автоматика и автоматизация производственных процессов. Мн., 1985;

Гидропневмоавтоматика и гидропривод мобильных машин. Мн., 1987;

Справочник по средствам автоматики. М., 1983.

М.П.Савік.

т. 5, с. 221

ГІДРААЭРАМЕХА́НІКА

(ад гідра... + аэрамеханіка),

раздзел механікі, які вывучае законы руху і раўнавагі вадкасцей і газаў, а таксама іх узаемадзеянне паміж сабой і з межавымі паверхнямі цвёрдых цел. Вадкасці і газы разглядаюцца як суцэльнае асяроддзе (без уліку малекулярнай будовы). Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную; уключае гідрамеханіку, аэрамеханіку, газавую дынаміку, пытанні абгрунтавання эксперыментаў і выкарыстання іх вынікаў разглядаюцца ў падобнасці тэорыі і ў мадэліраванні. Вынікі даследаванняў па гідрааэрамеханіцы выкарыстоўваюцца ў ракетна-касм., авіяц. і інш. тэхніцы, пры буд-ве суднаў, турбін, гідратэхн. збудаванняў і інш.

Станаўленне гідрааэрамеханікі як навукі звязана з працамі Л.Эйлера (атрымаў ураўненні руху ідэальнай вадкасці і неразрыўнасці ўраўненне) і Д.Бернулі (устанавіў суадносіны паміж ціскам вадкасці і яе кінетычнай энергіяй; гл. Бернулі ўраўненне). У работах Ж.Лагранжа, А.Кашы, Т.Кірхгофа, Т.Гельмгольца, Дж.Стокса, М.Я.Жукоўскага, С.А.Чаплыгіна і інш. распрацаваны аналітычныя метады даследаванняў безвіхравых і віхравых цячэнняў ідэальнай вадкасці, руху цел у вадкасцях і газах і інш. Асн. дасягненне гідрааэрамеханікі 19 ст. — пераход да даследаванняў руху рэальнай (вязкай) вадкасці, які падпарадкоўваецца ўраўненням Наўе—Стокса; ням. вучоны Л.Прандтль распрацаваў тэорыю пагранічнага слоя (1904). Тэарэт. метады гідрааэрамеханікі грунтуюцца на дакладных (ці набліжаных) ураўненнях, што апісваюць цячэнне вадкасці (газу); выкарыстанне ЭВМ дазваляе рашаць складаныя сістэмы ўраўненняў з улікам многіх фактараў.

На Беларусі праблемы гідрааэрамеханікі распрацоўваюць у Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 6. Гидродинамика. 4 изд. М., 1988;

Прандтль Л. Гидроаэромеханика: Пер. с нем. М., 1949;

Седов Л.И. Механика сплошной среды. Т. 1—2. 4 изд. М., 1983—84.

Б.А.Калавандзін, В.А.Сасіновіч.

т. 5, с. 222

ГІДРАБАРАЦЫ́Т

(ад гідра... + позналац. borax буракс),

мінерал, водны барат кальцыю і магнію CaMg[B3O4(OH)2]2·3H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя, агрэгаты пласцінкава-валакністыя, шчыльныя і тонказярністыя масы. Бясколерны, белы. Бляск шкляны да шаўкавістага. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,167 г/см³. Пашыраны мінерал галагенна- і вулканагенна-асадкавых радовішчаў борных руд. Радовішчы ў Казахстане, Германіі і інш.

Ю.Р.Копысаў.

т. 5, с. 222

ГІДРАБІЁНТЫ

[ад гідра... + біёнт(ы)],

расліны, жывёлы і мікраарганізмы, якія насяляюць марскія і мацерыковыя вадаёмы. Да гідрабіёнтаў адносяць таксама арганізмы, што праводзяць у вадзе толькі частку жыццёвага цыкла, — лічынкі і інш. арганізмы з воднай фазай развіцця. Напр., апалонікі і лічынкі стракоз — гідрабіёнты, а дарослыя жабы і стракозы — аэрабіёнты. Гідрабіёнты іншы раз падзяляюць на марынабіёнтаў, якія жывуць у акіяне, і аквабіёнтаў, якія насяляюць прэсныя вадаёмы.

т. 5, с. 222

ГІДРАБІЯЛО́ГІЯ

(ад гідра... + біялогія),

навука пра водныя арганізмы, іх узаемадзеянне паміж сабой і з умовамі асяроддзя, біял. прадукцыйнасць прэсных і акіянскіх вод. Займаецца таксама прыкладнымі пытаннямі (біягігіены, водазабеспячэння, біял. ачысткі вод і інш.). Адрозніваюць гідрабіялогію санітарную, тэхнічную і прамысловую.

У самаст. навуку вылучылася ў 2-й пал. 19 ст., калі з развіццём батанікі і заалогіі пачалі стварацца марскія і прэснаводныя біял. станцыі, была вызначана роля водных арганізмаў у працэсе ачышчэння вадаёмаў (ням. вучоныя А.Мюлер, Ф.Кон, рус. Н.П.Вагнер). Асновы рус. марскіх гідрабіял. даследаванняў закладзены ў 1900-я г. навук.-прамысл. экспедыцыямі М.М.Кніповіча, працамі С.А.Зярнова, К.М.Дзяругіна, Л.А.Зянкевіча і інш. Для развіцця прэснаводнай гідрабіялогіі вял. значэнне мелі працы У.М.Арнольдзі, А.Л.Бенінга, Г.Ю.Верашчагіна, В.Н.Варанкова, В.І.Жадзіна і інш.

На Беларусі даследаванні па гідрабіялогіі пачаліся ў 1904 у Аддзеле іхтыялогіі Рускага т-ва акліматызацыі жывёл і раслін. Вывучэнне вадаёмаў паглыбілася з утварэннем у 1928 н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1979 Бел. н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі) і ў 1946 біял. станцыі БДУ на воз. Нарач. Н.-д. работа па гідрабіялогіі вядзецца таксама ў Ін-це заалогіі Нац. АН, БДУ, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, інш. ВНУ. Вызначана біял. і рыбагасп. прадукцыйнасць усіх асн. рэк і азёр, праведзена лімналагічная і рыбагасп. класіфікацыя прамысл. вадаёмаў (Г.Г.Вінберг, П.І.Жукаў, С.В.Кахненка, М.М.Драко, У.П.Ляхновіч, П.Р.Пятровіч, В.П.Якушка і інш.), ацэнка сан. стану вадаёмаў і здольнасць іх да біял. самаачышчэння (Вінберг, П.В.Астапеня, А.П.Астапеня і інш.). Распрацоўваюцца пытанні біял. прадукцыйнасці рэк, азёр і сажалак, вядзецца аналіз балансу і трансфармацыі рэчываў і энергіі ў водных экасістэмах, вывучаюцца функцыянальныя сувязі ў біяцэнозах (Г.А.Галкоўская, Л.М.Сушчэня, Н.М.Хмялёва).

Літ.:

Петрович П.Г. Очерк развития гидробиологических исследований в Белоруссии // Очерки по истории гидробиологических исследований в СССР. М., 1981.

Л.М.Сушчэня.

т. 5, с. 222

ГІДРАБІЯСФЕ́РА

(ад гідра... + біясфера),

частка біясферы ў межах гідрасферы; сукупнасць арганізмаў (водных жывёл, водных раслін і мікраарганізмаў), якія насяляюць вадаёмы зямнога шара.

т. 5, с. 222

ГІДРАВУ́ЗЕЛ,

комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.

Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.

т. 5, с. 222