Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУ́РКІ,

курганны могільнік дрыгавічоў 11—13 ст. каля хутара Гуркі Брэсцкага р-на. 173 курганы, з іх 25 даследаваны. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на З і У з выцягнутымі ўздоўж тулава рукамі. Знойдзены фрагменты рыфленага ганчарнага посуду з адагнутым венчыкам, глінянае прасліца, сярэбраны віты пярсцёнак, жал. нажы. Адно з пахаванняў воіна, магчыма, не мясц. паходжання.

т. 5, с. 536

ГУ́РКІ,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дубоўкі, каля аўтадарогі Невель—Віцебск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на Пн ад Гарадка, 75 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Грыбачы. 189 ж., 102 двары (1997). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі.

т. 5, с. 536

ГУ́РКІ,

Рамейкі-Гуркі, ваенныя і дзярж. дзеячы ВКЛ і Расіі герба «Гурка». Родапачынальнікам лічыцца Гурка (Гурый) Аляксандравіч Рамейка, які ў 1539 быў намеснікам смаленскім. Яго нашчадкі жылі ў Віцебскім ваяв. Праўнук Гурыя Андрэй (н. каля 1600) у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 трапіў у палон і памёр у Маскве, яго лінія згасла ў 19 ст. Нашчадкі Іосіфа Гуркі (брата Андрэя) пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшлі ў рас. падданства. З іх найб. вядомыя:

Іосіф Аляксандравіч (1782—21.12.1857), ген.-лейтэнант, сенатар (1845).

Уладзімір Іосіфавіч (1795 — 24.1.1852), ген. ад інфантэрыі (1851). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813. У 1820-я г. на штабных пасадах. Планаваўся яго ўдзел у выступленні дзекабрыстаў у Маскве ў снеж. 1825 (быў пад следствам) У 1830-я г. на камандных і штабных пасадах. З 1845 нач. штаба Асобнага Каўказскага корпуса, з 1851 нач. усіх рэзервовых і запасных войск.

Іосіф Уладзіміравіч (28.7.1828, в. Бурнеўка Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1901), сын Уладзіміра Іосіфавіча. Ваен. і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1894). Скончыў Пажаскі корпус (1846). Удзельнік Крымскай вайны 1853—56. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 на чале Перадавога атрада перайшоў Балканы і вызваліў частку паўд. Балгарыі, аднак быў вымушаны адысці, утрымліваў Шыпкінскі перавал. У вер.кастр. 1877 нач. кавалерыі Зах. атрада, завяршыў акружэнне Плеўны. У снеж. 1877 на чале 70-тыс. арміі зноў перайшоў Балканы, якія лічыліся недаступнымі зімой, уступіў у Сафію, разбіў турак пад Тышкісенам і Філіпопалем, заняў Адрыянопаль. Часовы ген.-губернатар Пецярбурга (1879—80) і Адэсы (1882—83). У 1883—94 ген.-губернатар Прывіслінскага краю і Варшавы і камандуючы Варшаўскай ваен. акругай. З 1886 чл. Дзярж. савета. З 1894 у адстаўцы.

Уладзімір Іосіфавіч (1863—1931), сын Іосіфа Уладзіміравіча. З 1902 у МУС, таварыш (намеснік) міністра. Пасля 1917 удзельнік белага руху на Пд Расіі, потым у эміграцыі.

Васіль Іосіфавіч (19.5.1864 — 11.11.1937), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген. ад кавалерыі (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1892). У час англа-бурскай вайны 1899—1902 ваен. агент пры арміі бураў. Удзельнік рус.-японскай вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 5-й арміяй Паўн. фронту, Асобай арміяй Паўд.-зах. фронту (з 1916). З ліст. 1916 да лют. 1917 в.а. нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага, у сак.—маі 1917 камандуючы Зах. фронтам. Зняты з пасады Часовым урадам за манархічныя погляды, высланы за мяжу. Аўтар успамінаў.

Дзмітрый Іосіфавіч (5.10.1872 — ?), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген.-маёр (1915). Скончыў Акадэмію Генштаба (1900). У 1-ю сусв. вайну камандзір гусарскага палка, нач. штаба корпуса, нач. дывізіі. Удзельнік белага руху на ПнЗ, потым у эміграцыі.

А.М.Нарбут.

т. 5, с. 536

ГУРКО́Ў Уладзімір Сяргеевіч

(н. 2.1.1931, в. Шыркі Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1975). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1958). У 1964—91 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Асн. даследаванні ў галіне матэрыяльнай культуры беларусаў — манаграфіі «Сучасная беларуская вёска» (1975), «Бортніцтва на Беларусі» (1980) і «Занятак спрадвеку высакародны» (1987, дзве апошнія з С.Цярохіным).

т. 5, с. 536

Гурко Сяргей Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 375

ГУРЛО́ Алесь

(Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Мінскай вобл. — 4.2.1938),

бел. паэт. Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). З 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920—30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвенак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор’і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, Ш.Руставелі і інш.

Тв.:

Вершы. Мн., 1972;

Нашы птушкі. Мн., 1974.

Літ.:

Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд. Мн., 1963. С. 86—113;

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. Мн., 1980.

т. 5, с. 536

ГУРЛО́ Мікалай Васілевіч

(15.5.1914, г. Днепрапятроўск, Украіна — 4.9.1980),

бел. графік. Вучыўся ў Маскоўскім паліграф. ін-це (1938—41). Працаваў у станковай, кніжнай графіцы, плакаце. Аўтар сатыр. і гумарыстычных малюнкаў для час. «Вожык», «Полымя», «Работніца і сялянка», «Беларусь» і інш. Аформіў кнігі «Мушка-зелянушка» М.Багдановіча (1961), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.Астрэйкі (1959), «На вясёлай хвалі» Э.Валасевіча (1967) і інш. Творчасці ўласцівы актуальнасць праблематыкі, лаканізм, вобразная выразнасць, добразычлівы гумар, сатыр. вастрыня.

А.М.Пікулік.

т. 5, с. 536

ГУ́РНАЎШЧЫНА,

вёска ў Зубкаўскім с/с Клецкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 10 км ад горада і чыг. ст. Клецк, 140 км ад Мінска. 354 ж., 102 двары (1997). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 5, с. 537

ГУ́РНІЯ

(Gurnia),

старажытны горад позняга бронзавага веку на ўсх. беразе в-ва Крыт (Грэцыя); адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Паселішча ўзнікла ў 3-м тыс. да н.э. Каля 1600 да н.э. мінойцы пабудавалі тут палац, вакол якога з 1550 да н.э. ўтвараецца горад. Жытлы гараджан размяшчаліся ўздоўж 3 вуліц, якія акружалі палац і невял. пляцоўку для грамадскіх сходаў. У 15 ст. да н.э. Гурнія — буйны цэнтр. металургіі. Разбураны каля 1400 да н.э.

т. 5, с. 537

ГУРНО́ФЕЛЬ,

вёска ў Галавічпольскім с/с Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 22 км на ПнУ ад г. Шчучын, 80 км ад Гродна, 12 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 347 ж., 125 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (пач. 20 ст.).

т. 5, с. 537