Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУАНЧЖО́Ў,

Кантон, горад у Кітаі. Адм. ц. правінцыі Гуандун. 3,2 млн. ж., з прыгарадамі каля 4 млн. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны рачны і марскі порт у дэльце р. Чжуцзян. Прамысл. і гандл. цэнтр Паўд. Кітая, цесна звязаны з Сянганам. Пераважае тэкст. (джут, рамі, бавоўна, шоўк), харчасмакавая (цукр., плодакансервавая) і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Чорная металургія, суднабудаванне, маш.-буд. (асабліва с.-г.), хім., цэм. Прадпрыемствы. Саматужныя промыслы. Міжнар. кірмашы. Філіял АН, ун-т. Музеі, Бат. сад. Сярод арх. помнікаў — храм Гуансяосы з жал. пагадай (963). Мемар. зала Сунь Ятсена.

Вядомы з 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі — буйны гандл. порт. З 18 ст. адзіны порт Кітая для абмежаванага гандлю чужаземцаў. У час Англа-кітайскай вайны 1840—42 цэнтр масавага супраціўлення каланізатарам. У 1910 і 1911 у Гуанчжоў адбыліся антыўрадавыя паўстанні. У 1923—26 тут размяшчаліся нац.-рэв. ўрад, камандаванне нац.-рэв. арміі. У 1927 адбылося ўзбр. паўстанне супраць галінданаўскага рэжыму. У 1938—45 акупіраваны яп., у 1945—49 — гамінданаўскімі войскамі. Вызвалены ў 1949 нар.-вызв. арміяй.

т. 5, с. 513

ГУАНЬДЗІ́,

Гуань Юй, Гуань Юньчан, у кітайскай міфалогіі і познім афіц. кульце бог вайны і багацця, апякун вучоных і літаратараў. Яго правобразам быў рэальны Гуань Юй, які жыў у 160—219, праславіўся адвагай і вернасцю свайму правіцелю. Пазней атрымаў тытул вернага і мудрага князя, сапраўднага ўладыкі, які прыносіць мір. Храмавыя выявы Гуаньдзі паказваюць яго седзячы з кнігай Канфуцыя «Вёсны і Восені» ў руках. Яго выявы вывешвалі ў воінскіх шатрах, салдаты насілі іх як талісманы. Вядома каля 1600 дзярж. храмаў Гуаньдзі.

т. 5, с. 513

ГУАНЬДУ́Н,

Квантун, паўднёва-заходні край Ляадунскага паўвострава; тэр. Кітая.

т. 5, с. 514

ГУАЎЯ́РЭ

(Guaviare),

рака на У Калумбіі, левы прыток р. Арынока; у верхнім цячэнні Гуаябера. Даўж. 1300 км, пл. бас. 140 тыс. км². Пачынаецца на Усх. Кардыльеры, цячэ па пласкагор’і Пардаас, дзе ўтварае парогі і вадаспады; ніжняе цячэнне Гуаўярэ — на нізіне Арынока. Сярэдні расход вады 5200 м³/с. Характэрны дажджавыя паводкі. Суднаходная для невял. суднаў да ўпадзення левага прытока р. Ар’яры (з перарывамі каля парогаў).

т. 5, с. 514

ГУАХІ́РА,

Гаахіра (Guajira, Goajira), паўвостраў на Пн Паўд. Амерыкі, у Калумбіі (б. частка) і Венесуэле. Абмываецца Карыбскім м. і Венесуэльскім залівам. Пл. 12 тыс. км². Паверхня пераважна нізінная, на ПнУ гарыстая (выш. да 853 м). Клімат і расліннасць трапічных паўпустынь. Пашавая жывёлагадоўля. Здабыча солі. На Гуахіра мыс Гальінас (самы паўн. пункт Паўд. Амерыкі).

т. 5, с. 514

ГУА́Ш

(франц. gouache ад італьян. guazzo вадзяная фарба),

фарба з тонка расцёртых пігментаў і водна-клеявых сувязных з дамешкай бяліл, а таксама жывапіс гэтымі фарбамі. Ужываецца для жывапісу па паперы, кардоне, фанеры, палатне, шоўку. Узнікла як разнавіднасць акварэлі, адрозніваецца ад яе гушчынёй, непразрыстасцю, матавасцю тонаў, часта спалучаецца з ёю. Была вядома ў Стараж. Егіпце. Шырока выкарыстоўвалася ў сярэднія вякі ў кніжнай мініяцюры, з часоў Адраджэння — для эскізаў, кардонаў фрэсак, партрэтных мініяцюр. Адзін з асн. матэрыялаў плаката, кніжнай графікі, дэкарацый, афарміцельскіх работ. У тэхніцы гуашы працавалі мастакі: А.Тычына, І.Ахрэмчык, Л.Лейтман, М.Тарасікаў, І.Немагай, М.Селяшчук, А.Л ось, У.Шапялевіч і інш.

У.І.Рынкевіч.

т. 5, с. 514

ГУАЯКІ́ЛЬ

(Golfo de Guayaquil),

заліў Ціхага ак., каля зах. берагоў Паўд. Амерыкі (Эквадор). Уразаецца ў сушу на 115 км, шыр. каля ўвахода 160 км, глыб. да 200 м. Прылівы паўсутачныя (да 4,4 м). У заліў упадае р. Гуаяс, у нізоўі якой порт Гуаякіль.

т. 5, с. 514

ГУАЯКІ́ЛЬ

(Guayaquil),

горад у Эквадоры. Адм. ц. прав. Гуаяс. Засн. ў 1531. Нас. 1508 тыс. ж. (1993). Гал. знешнегандл. (50% экспарту і 90% імпарту краіны) порт на р. Гуаяс (за 50 км ад зал. Гуаякіль). Чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: металаапрацоўка і суднабудаванне, харчасмакавая, лесапільная, гарбарна-абутковая, тэкстыльная. 2 ун-ты. Арх. помнікі 16—18 ст.

т. 5, с. 514