ВЕРАВЫЗНА́ННЕ,
1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэліг. вучэння якой-н. царквы. У краінах, дзе ажыццёўлена свабода сумлення, усім грамадзянам дадзена права свабодна выбіраць любое з веравызнанняў, арганізоўвацца ў рэліг. суполкі, выяўляць у набажэнствах і пропаведзях свае рэліг. перакананні. Рэліг. свабода, упершыню абвешчаная ў час Франц. рэвалюцыі 1789—99, з цягам часу пашырылася на інш. краіны. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае «права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў».
2) Рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізац. структуру. Падрабязна распрацаванае з дагматычнымі ўстанаўленнямі, выкладзенае ў спец. палажэннях веравучэнне наз. канфесіяй. У сучасным разуменні веравызнанне — прыналежнасць да пэўнай царквы ў веравучэнні і абраднасці. Звычайна тэрмін «веравызнанне» ўжываецца ў дачыненні да рэліг. кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу — хрысціянства, іудаізм, іслам, будызм. На Беларусі дзейнічаюць арг-цыі і абшчыны, вернікі якіх належаць да праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай, стараверскай, новаапостальскай цэркваў, евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, сведкаў Іеговы, іудзейскай, мусульманскай рэлігій і інш. Веравызнанні і іх дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (1992).
Ю.В.Бажэнаў, Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 93
ВЕРАГО́ДНАСЦЬ,
абгрунтаванасць, доказнасць і бясспрэчнасць ведаў. Тэрмін выкарыстоўваецца ў логіцы, гнасеалогіі, тэорыі імавернасцяў, прававой навуцы. Верагодныя суджэнні падзяляюцца на асэртарычныя (канстатуюць рэальнае становішча спраў) і ападыктычныя (сцвярджаюць неабходную сувязь з’яў). У філас. і логіка-метадалагічных даследаваннях верагоднасць найчасцей выкарыстоўваюць для характарыстыкі абгрунтаваных, даказаных ведаў і як сінонім ісціны. Найб. поўны і глыбокі крытэрый верагоднасці ведаў — грамадска-гіст. практыка. У эксперым. прыродазнаўстве верагоднымі ведамі лічаць тыя, што набылі эмпірычнае пацвярджэнне ў ходзе назіранняў і доследаў. Лагічны крытэрый верагоднасці ведаў звязаны з правільнасцю апрацоўкі эмпірычных даных і лагічных аперацый з ведамі, верагоднасць якіх устаноўлена раней. Верагодныя веды (суджэнні) трэба адрозніваць ад імавернасных, адпаведнасць якіх рэчаіснасці сцвярджаецца толькі ў якасці іх магчымай характарыстыкі (у выпадку ўвядзення колькасных крытэрыяў вызначаецца ступень такой магчымасці, гл. Імавернасць).
У.К.Лукашэвіч.
т. 4, с. 93
ВЕРАКРУ́С
(Veracruz),
горад на У Мексікі, на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва, у штаце Веракрус. Засн. ў 1519 Э.Картэсам. 327,5 тыс. ж. (1990). Гал. марскі (пераважна імпарт) порт краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр гал. нафтаздабыўнога раёна. Нафтаперапр. і нафтахім. прам-сць, каляровая (выплаўка алюмінію) і чорная металургія, металаапрацоўка, зборка аўтамабіляў. Развіты таксама суднабудаванне, трубапракатная, харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), баваўняная, джутавая прам-сць. Рыбалоўства. Курорт і цэнтр замежнага турызму. Арх. помнікі 16—18 ст.
т. 4, с. 94
ВЕРАМЕ́ЙКІ,
вёска ў Беларусі, у Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл., чыг. ст. на лініі Крычаў—Магілёў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на Пн ад г. Чэрыкаў, 69 км ад Магілёва. 1645 ж., 633 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан і сав. актывістаў.
т. 4, с. 94
ВЕРАМЕ́ЙЧЫК Канстанцін Міхайлавіч
(26.5.1912, г. Кастрама, Расія — 3.3.1990),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1930 у самадзейнасці. З 1935 у т-рах Кастрамы і Бранска. З 1946 у т-ры імя Я.Купалы, у 1947—54 і 1957—73 у Рус. драм. т-ры БССР, у 1955—57 у Бел. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Выконваў пераважна эпізадычныя ролі. Створаныя ім вобразы вызначаліся яскравасцю і акрэсленасцю: Кукушкін, Палойка («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Радзіёнаў («Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава), Усцін («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава), Пётр («Лада цемры» Л.Талстога), Прытыкін («Варвары» М.Горкага), Мітрафанаў («Барабаншчыца» А.Салынскага), Менас («Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра) і інш.
т. 4, с. 94
ВЕРАМЕ́ЙЧЫК Уладзімір Міхайлавіч
(н. 1.11.1937, в. Петрыцкае Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1964). З 1955 на пед. рабоце. Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Прыпяць» (1973), «Яснасць» (1978), «Люблю!» (1981), «Клянуся Прыпяццю» (1988), кнігі публіцыстыкі «Гарызонты сельскіх педагогаў: Запіскі дырэктара школы» (1984). Выступае і як сатырык. Творы Верамейчыка прысвечаны роднаму Палессю, жыццю і працы калгаснікаў, вясковых настаўнікаў, чарнобыльскай трагедыі.
т. 4, с. 94
ВЕРАМЕ́Й-ПАБЯДЗІ́НСКІ
(сапр. Верамей) Мікалай Сцяпанавіч (1898, в. Кавальцы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1939),
удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Невельскую настаўніцкую семінарыю, Пражскі электратэхн. ін-т (1929). З 1919 чл. Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), з 1922 — Бел. рэв. арг-цыі (БРА), з 1923 — КПЗБ. Супрацоўнічаў з бел. рабоча-сял. пасольскім клубам «Змаганне». У 1930 ЦК КПЗБ накіраваў яго ў БССР. Быў арганізатарам і дырэктарам энергет. ін-та ў Мінску (1930). З 1931 у польск. секцыі Камінтэрна ў Маскве; з канспіратыўных меркаванняў яму дадзена прозвішча Пабядзінскі. 18.8.1933 арыштаваны і высланы ў г. Арцёмаўск Хабараўскага краю, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957.
Г.А.Каханоўскі.
т. 4, с. 94
ВЕРА́НДА
(англ. veranda ад інд.),
адкрытая або закрытая прыбудова да дома з боку ўваходных дзвярэй. Гістарычна развілася з ганка. З’яўляецца дадатковым гасп. памяшканнем. Часта выкарыстоўваецца як летняя кухня, часам у верандзе адгароджваецца кладоўка. На Беларусі пашырана з 19 ст. ў гарадах і мястэчках; сустракалася ў вясковым буд-ве ў заможных сялян. Найб. пашырэнне атрымала з 1920-х г. Цяпер веранды бытуюць па ўсёй Беларусі, найб. на ПдУ. Тыповыя веранды зашклёныя (памерам 10—15 м²). Некаторыя хаты маюць 2 веранды — на вуліцу і панадворак. Ніжняя частка каркаса веранды ашалёўваецца дошкамі, фарбуецца; верхняя звычайна зашклёная. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі, з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.
У.С.Гуркоў.
т. 4, с. 94