Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕ́ДРАЧ,

гл. Ведрыч.

т. 4, с. 56

ВЕ́ДРЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка (працякае праз возера), за 36 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,22 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,5 м, даўж. берагавой лініі 2,25 км. Пл. вадазбору 432 км².

Схілы катлавіны выш. 2—3 м, пад лесам, на Пн і ПдЗ разараныя. Берагі сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Вада празрыстая амаль да дна. Зарастае.

т. 4, с. 56

ВЕ́ДРЫЦКІ БОЙ 1943,

бой паміж партыз. брыгадамі 99-й Калінкавіцкай (камандзір В.А.Караткевіч), 101-й Даманавіцкай (М.А.Чарнавусаў), Васілевіцкай імя П.К.Панамарэнкі (С.А.Смерцін) і ням.-фаш. захопнікамі 23 жн. ва ўрочышчы Ведрыч Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы падрыхтавалі да адпраўкі ў Германію 2 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, нарабаванай у мясц. насельніцтва. Каб разграміць гарнізон, які ахоўваў базу, партызаны блакіравалі яго з боку чыг. ст. Васілевічы, падавілі дзоты ворага з боку магчымага падыходу падмацавання, авалодалі базай, знішчылі большую частку гарнізона, захапілі больш за 500 галоў жывёлы.

т. 4, с. 56

ВЕ́ДРЫЧ,

Ведрач, рака ў Беларусі, у Калінкавіцкім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток Дняпра. Даўж. 68 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Уюнішчы Калінкавіцкага р-на. Асн. прытокі: канава Рэбуска (справа), рэкі Днепрык, Дзяражня (злева). Цячэ па Гомельскім Палессі.

Даліна невыразная, шыр. 0,6—0,8 км. Пойма шыр. 0,3—0,5 км, сухая, лугавая. Ад вытоку 49 км рэчышча каналізаванае. У пойме меліярац. Каналы.

т. 4, с. 56

ВЕ́ДРЫЧ,

вёска ў Беларусі, у Васілевіцкім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр племзавода «Ведрыч». За 50 км ад Рэчыцы, 91 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Васілевічы. 1077 ж., 343 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 4, с. 56

ВЕ́ДЫ,

вынік пазнання прадметаў і з’яў рэчаіснасці, правільнае яе адлюстраванне ў свядомасці чалавека. Як ідэальнае выражэнне ў знакавай форме аб’ектыўных уласцівасцей і сувязей свету, прыроды і грамадства, веды з’яўляюцца перадумовай і непасрэднай мэтай працэсу пазнання, авалодання вопытам і разуменнем, неабходнымі для спасціжэння аб’ектыўнай ісціны і стваральна-творчай дзейнасці людзей. У ходзе гэтага працэсу ажыццяўляецца пераход ад няведання да ведаў, ад аднаго ўзроўню пазнання да другога, больш высокага і дасканалага. Даследаванне прыроды ведаў пачалося ў антычнай філасофіі, якая аддзяляла свет вечных і нязменных сутнасцей — ідэй або форм ад невыразнага і няўстойлівага свету з’яў. Арыстоцель і Платон лічылі, што веды можна мець толькі аб сапраўдным існым («свеце па ісціне»), а зменлівы пачуццёвы вопыт («свет па меркаванні») з’яўляецца крыніцай ілюзій, меркавання і веры. І.Кант на аснове аналізу структуры і межаў навук. пазнання аддзяляў веды ад веры, меркавання, спекулятыўнага мыслення і такіх форм свядомасці, як міф, мова, мастацтва. Г.Гегель зыходзіў з таго, што духоўнае развіццё індывіда паўтарае стадыі самапазнання безасобаснага (сусветнага, аб’ектыўнага) духу, пачынаючы з акта вызначэння пачуццёва дадзеных «рэчаў» і канчаючы «абсалютным веданнем», якое абумоўлівае ўнутр. развіццё ўсіх частак духоўнай культуры чалавецтва — навукі, маралі, рэлігіі, мастацтва і інш. Рацыянальныя элементы гэтага падыходу ўвайшлі ў марксісцкую канцэпцыю ведаў, паводле якой яны — прадукт гіст. развіцця і адлюстравання, характэрнага для ўсіх форм практычнага і духоўнага засваення свету. Прадстаўнікі крытычнага рацыяналізму падкрэслівалі цэласнасць навук. ведаў, разглядалі іх як непарыўны крытычны дыялог паміж рознымі тыпамі навук. тэорый, паміж навукай і ненавукай. Паводле М.Шэлера, веды — гэта акт узыходжання і саўдзелу (любові), які суправаджаецца імгненным спасціжэннем вышэйшай каштоўнасці аб’екта; адваротны шлях ад вышэйшай да ніжэйшай каштоўнасці — нянавісць. А.Конт сфармуляваў «закон трох стадый» гіст. развіцця, паводле якога ўсе думкі людзей праходзяць 3 станы: тэалагічны (рэлігія), метафізічны (філасофія) і «пазітыўнага сінтэзу» (навука). Аб’ектыўную неабходнасць і выключную ролю ведаў у духоўным узвышэнні асобы, удасканаленні сац.-паліт. і нац.-культ. форм жыцця грамадства сцвярджалі бел. філосафы і мысліцелі Ф.Скарына, С.Будны, А.Волан, А.Доўгірд, М.Пачобут-Адляніцкі, К.Семяновіч, А.Скарульскі, К.Нарбут, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі, С.Шадурскі і інш.

Працяглая эвалюцыя чалавечых уяўленняў аб свеце вызначыла шматузроўневы характар ведаў.. Як элементы іх структура ўключае паняцці, катэгорыі, тэорыі і інш. формы. Назапашванню навук. ведаў спрыяе пастаяннае ўдасканаленне метадаў навук. даследаванняў, якія падзяляюцца на агульналагічныя (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя і г.д.), тэарэтычныя (фармалізацыя, ідэалізацыя, узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага і г.д.) і эмпірычныя (назіранне, вымярэнне, эксперымент, фіз. мадэліраванне і інш.). Адрозніваюць веды данавуковыя (звычайныя), што канстатуюць факты і вызначаюць штодзённыя паводзіны чалавека, і навуковыя, якія даюць тлумачэнне фактаў, асэнсаванне іх у сістэме паняццяў дадзенай навукі, навук. тэорыі. Акрамя таго ў грамадстве існуюць веды міфалагічныя, мастацкія, рэліг. і інш. (гл. Міфалогія, Мастацтва, Рэлігія). Пазнавальная роля ведаў узрастае з камп’ютэрызацыяй усіх сфер вытв. і духоўна-культ. дзейнасці, што дазваляе перадаваць, захоўваць, кадзіраваць і пераўтвараць разнастайную і багатую інфармацыю, ствараць спец. банкі даных, экспертныя сістэмы і інш. Працэсы атрымання, абгрунтавання і практычнай рэалізацыі ведаў вывучаюцца логікай, метадалогіяй, гнасеалогіяй, псіхалогіяй, а таксама спец. навук. дысцыплінамі (навуказнаўства, сацыялогія ведаў, інфарматыка, кагнітыўная інжынерыя; гл. таксама Свядомасць, Ідэальнае, Пазнанне, Тэорыя пазнання). Пэўныя прац. веды, умельствы і навыкі, правілы і нормы грамадзкіх паводзін перадаюцца з пакалення ў пакаленне сродкамі народнай педагогікі (традыцыі, звычаі, вусная нар. творчасць, сямейнае выхаванне і інш.).

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на атрыманне агульных і прафес. ведаў, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы, яе фундаментальнай падрыхтоўкі ў сферы асноў Навук. практычнага выкарыстання атрыманых ведаў. Пры гэтым ставіцца задача сумяшчэння нац., культ. і рэгіянальнай асноў адукацыі з арыентацыяй на засваенне вышэйшых дасягненняў нац. і сусв. культуры, забеспячэння цеснага адзінства адукацыйных і выхаваўчых задач.

Літ.:

Лекторский В.Л. Субъект, объект, познание. М., 1980;

Ведин Ю.П. Познание и знание. Рига, 1983;

Полани М. Личностное знание: Пер. с англ. М., 1985;

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Героименко В.А., Лазаревич А.А., Титаренко Л.Г. Знание. Компьютер. Общество. Мн., 1992.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 4, с. 56

ВЕ́ДЫ,

народ, карэннае насельніцтва Шры-Ланкі (пераважна ўсх. правінцый). Каля 1 тыс. чал. (1987). Належаць да ведоіднай расы. Мова індаіранскай групы. Сярод вернікаў пераважаюць будысты і індуісты.

т. 4, с. 57

ВЕ́ДЫ

(санскр. веда літар. веды),

ведычная літаратура, помнікі стараж.-індыйскай літаратуры (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Напісаны на стараж.-інд. (ведыйскай) мове. Адлюстроўваюць рэліг. ўяўленні і міфалогію стараж. інд. грамадства. Складаюцца з 4 зборнікаў гімнаў, малітваў і ахвярных формул і паэт строф: «Рыгведа» (Кніга гімнаў), «Самаведа» (Веда мелодый), «Яджурведа» (Веда ахвярапрынашэнняў), «Атхарваведа» (Веда заклінанняў), а таксама з тэалагічных трактатаў (брахманы, араньякі і упанішады). Веды — крыніца звестак па сац.-эканам. і культ. гісторыі стараж. Індыі.

т. 4, с. 57

«Веды»

т. 18, кн. 1, с. 363

ВЕДЫ́ЧНАЯ РЭЛІ́ГІЯ,

ведыйская рэлігія, сістэма поглядаў, якая ўзнікла ў стараж. Індыі на падставе рэлігіі індаарыйскіх плямён і ў канцы 2-га — 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. аформілася ў кананічных тэкстах — Ведах, ранняя стадыя фарміравання індуізму. Для ведычнай рэлігіі характэрны культы агню і продкаў, выкарыстанне пры значных ахвярапрынашэннях св. наркатычнага напою — сомы. Жыццё і светапогляд звязваліся з абрадамі і рытуаламі, ад выканання якіх гаспадаром ці жрацом залежалі адносіны з багамі, дабрабыт асобы, сям’і, грамады, дзяржавы. У ведычнай рэлігіі адсутнічала іерархія багоў. Найб. старэйшымі лічыліся багі Неба і Зямлі (Д’яўс і Прытхіві). Найб. папулярны Бог Індра — цар багоў і наладжвальнік свету. Бог агню Агні шанаваўся як пасрэднік паміж людзьмі і багамі, ахвярадаўца. Багам надаваліся чалавечыя рысы, кожны з іх суадносіўся з пэўнай часткай Сусвету — зямной, паветранай, нябеснай. У ведычнай рэлігіі бяруць пачатак уяўленні пра карму, мэтапсіхоз, тапас (аскеза) і інш. З ведычнай рэлігіі развіўся брахманізм.

А.В.Гурко.

т. 4, с. 57