ВЕ́БІ-ШЭБЕ́ЛІ,
Уабі-Шэбэле ў Эфіопіі, Уэбі-Шабеле ў Самалі, рака ва Усх. Афрыцы. Даўж. 2490 км, пл. бас. 200 тыс. км². Пачынаецца на паўн.-зах. ускраіне плато Самалі, перасякае яго; каля г. Магадыша паварочвае на ПдЗ і цячэ паралельна берагу Індыйскага ак.; за 40 км ад узбярэжжа губляецца ў балотах. Сярэдні расход вады каля 320 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Вебі-Шэбелі гарады Беледуэйне, Булабардэ, Джоўхар. Парты Магадыша і Марка (Самалі).
т. 4, с. 53
ВЕ́БЛЕН
(Veblen) Тарстэйн (30.7.1857, Ката, штат Вісконсін, ЗША — 3.8.1929),
амерыканскі вучоны-эканаміст і сацыёлаг. Праф. Чыкагскага, Станфардскага і Місурыйскага ун-таў. Погляды яго супярэчлівыя: спалучаюць крытыку некат. бакоў капіталізму, фін. алігархіі і «гуляшчага класа» з дробнабурж. утапізмам. Асновай сац. развіцця лічыў матэрыяльную вытв-сць, але зводзіў яе толькі да тэхналогіі, спрошчана трактаваў сувязь паміж тэхнікай і сац.-культ. працэсамі: грамадства разглядаў як прамысл. машыну з пэўнымі эканам. ін-тамі, а яго эвалюцыю — як разумовае прыстасаванне індывідаў да больш хуткіх змен у тэхналогіі. Крытыкаваў марксізм, абгрунтоўваў ідэю змяншэння ролі працы і рабочага класа, у развіцці грамадства вырашальнай лічыў ролю інтэлігенцыі, найперш вытворча-тэхн., якой прапаноўваў перадаць кіраўніцтва краінай (стварыць «савет тэхнікаў»). У канцы жыцця ад часткі гэтых утапічных ідэй адмовіўся, але яны выкарыстаны ў тэхнакратычных тэорыях. Погляды Веблена, асабліва яго тэорыя «гуляшчага класа», адставання культуры ад тэхнікі, спрыялі развіццю немарксісцкай амер. сацыялогіі.
т. 4, с. 53
ВЕВЯРЫ́ЦА,
векша, старажытнаруская плацежная адзінка. Назва ад вавёрчынай шкуркі, што з’яўлялася таварам-грашамі. У 10—11 ст. гэта манетны фрагмент (0,33—0,50 г) куфіцкага дырхема або зах.-еўрап. дэнарыя. У 12—13 ст. устарэлы тэрмін, што азначаў зусім нязначную, мізэрную суму.
т. 4, с. 53
ВЕВЯРЭ́СК,
летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.М.Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.В.Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.
т. 4, с. 53
ВЕ́ГА,
α Ліры, зорка нулявой зорнай велічыні (0,0 візуальнай зорнай велічыні). Адна з самых яркіх зорак Паўн. паўшар’я неба. Свяцільнасць у 50 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 8 пс. З Альтаірам і Дэнебам утварае т.зв. вял. летні трохвугольнік, добра бачны на летнім небе.
т. 4, с. 53
«ВЕ́ГА»,
назва міжнароднага праекта і аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для даследавання планеты Венера і Галея каметы. АМС «Вега-1» і «Вега-2», у аснову якіх пакладзена канструкцыя АМС «Венера», запушчаны адпаведна 15 і 21.12.1985.
З дапамогай АМС «Вега праведзены вымярэнні параметраў атмасферы Венеры, іх пасадачныя модулі ўзялі пробы грунту. Пасля гравітацыйнага павароту АМС праляцелі 6 і 9.3.1986 каля ядра каметы Галея на адлегласці 9 і 8,2 тыс. км адпаведна, перадалі на Зямлю больш за 1000 тэлевізійных здымкаў ядра каметы, а таксама дадзеныя хім. аналізу газавай і пылавой складальных каметы. Зроблены вымярэнні для дакладнага навядзення зах.-еўрап. АМС «Джота». У праекце ўдзельнічалі СССР, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхаславакія.
т. 4, с. 53
«ВЕ́ГА»,
драўляная, парусна-паравая зверабойная шхуна (пабудавана ў 1873; водазмяшчэнне 360 т), на якой рус.-швед. навук. арктычная экспедыцыя Н.А.Э.Нордэншэльда ў 1878—79 упершыню прайшла Паўночна-Усходнім праходам уздоўж паўн. ўзбярэжжа Еўропы і Азіі з З на У з Атлантычнага ак. ў Ціхі ак. Абагнуўшы Еўразію, «Вега» праз Суэцкі канал вярнулася ў Швецыю (з адным зімаваннем за 200 км ад Берынгава м.).
т. 4, с. 53
ВЕ́ГЕНЕР
(Wegener) Альфрэд Лотар (1.11.1880, Берлін — канец ліст. 1930),
нямецкі геафізік. Праф. ун-та ў Грацы (1924). Удзельнік (1906—08, 1912—13) і кіраўнік (1929—30) экспедыцый па даследаванні Грэнландыі. Апошняя экспедыцыя здзейснена для стварэння ў цэнтр. Грэнландыі на выш. каля 3000 м круглагадовай даследчай станцыі «Айсмітэ». Пры вяртанні з яе загінуў у льдах. Навук. працы па тэрмадынаміцы атмасферы і палеакліматалогіі. Аўтар тэорыі дрэйфу мацерыкоў — першай гіпотэзы мабілізму; гл. Вегенера гіпотэза (1912).
Тв.:
Рус. пер. — Возникновение материков и океанов. М.; Л., 1925;
Термодинамика атмосферы. М.; Л., 1935.
т. 4, с. 53
ВЕ́ГЕНЕРА ГІПО́ТЭЗА,
гіпотэза, паводле якой абгрунтоўваецца рух кантынентаў у гарызантальным напрамку. Выказана А.Вегенерам у 1912. У аснове гіпотэзы — падабенства зах. і ўсх. берагоў Атлантычнага ак., якія дакладна сумяшчаюцца. Паводле Вегенера гіпотэзы, каля 200 млн. гадоў назад пачаўся распад і разыходжанне кавалкаў першапачаткова адзінага звышмацерыка Пангея. На падставе тэорыі ізастазіі і геал. даных Вегенер лічыў, што мацерыковыя гранітныя глыбы перамяшчаліся на тысячы кіламетраў па нерухомым базальтавым слоі. Гэта першая гіпотэза мабілізму, якая атрымала развіццё пасля Міжнар. геафіз. года (1957—58) і адкрыцця сувязі паміж працэсамі ў мантыі і зямной кары (гл. таксама Дрэйф кантынентаў).
Т.В.Якубоўская.
т. 4, с. 53
ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА
(англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),
сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Дж.Байран, І.Рэпін, Р.Кент, Б.Шоу, Л.Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.
М.Ф.Сарока.
т. 4, с. 54