Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРАДБАЙКА́ЛЛЕ,

частка Прыбайкалля, размешчаная на З ад воз. Байкал.

т. 12, с. 273

ПЕРАДГІМАЛА́І,

паўднёвая найб. нізкая ступень Гімалаяў у Індыі і Непале, гл. ў арт. Сівалікскія горы.

т. 12, с. 273

ПЕРАДГО́Р’І,

паніжаныя ўскраінныя ўчасткі горных краін, сістэм або хрыбтоў, якія характарызуюцца ўзгоркавым або нізкагорным рэльефам. Уяўляюць сабой пераход ад горнай краіны да прылеглай раўніны. Адносныя перавышэнні складаюць дзесяткі і першыя сотні метраў. Звычайна ўтвораны з больш маладых парод, чым уласна горы, або з прадуктаў іх разбурэння.

т. 12, с. 273

ПЕРАДГО́РНЫ ПРАГІ́Н,

тое, што краявы прагін.

т. 12, с. 273

ПЕРАДЗЕ́ЛЫ ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ у Расійскай імперыі,

спосаб перыядычнага аднаўлення сельскай абшчыннай ўраўняльнасці землекарыстання, якая пастаянна парушалася зменай складу сям’і і колькасці двароў абшчыннікаў. Пры феадалізме П.з. праводзілі або кантралявалі памешчыкі. Пасля сялянскай рэформы 1861 яны сталі выключнай функцыяй пазямельнай абшчыны і вызначаліся патрабаваннем ​2/3 гаспадароў дамоў на сельскім сходзе. П.з. падзяляліся на агульныя, прыватныя і т.зв. перавёрсткі. Агульныя (усіх двароў) П.з. праводзіліся праз шэраг гадоў, прыватныя (перадача зямлі з адной сям’і ў другую пры змене іх люднасці або канфіскацыі надзелаў нядоімшчыкаў) — штогод. Перавёрсткі азначалі прымусовы абмен раўнацэннымі зямельнымі ўчасткамі, каб зменшыць цераспалосіцу. Паводле правіл 1893 агульныя П.з. праводзіліся пад кантролем земскіх участковых начальнікаў не часцей як праз 12 гадоў, а прыватныя дапускаліся толькі ў выключных выпадках. На Беларусі П.з. праводзіліся ва ўсх. паветах, дзе часткова існавала абшчыннае ўладанне ворнай зямлёй і сенажацямі. Размеркаванне надзельных зямель адбывалася пераважна па колькасці наяўных работнікаў (мужчын ці ўсіх) у сям’і. Пасля адмены прыгону агульныя і прыватныя П.з. не атрымалі ў бел. паветах значнага пашырэння і адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем, што ўзмацняла працэс разлажэння сялянства. У ходзе сталыпінскай аграрнай рэформы ў адпаведнасці з законам ад 14.6.1910 усе абшчыны, у якіх не было агульных П.з. з часу іх надзялення зямлёй, былі абавязаны перайсці да падворнага землеўладання. П.з. адрадзіліся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з ажыццяўленнем дэкрэта аб зямлі ад 27.10(9.11). 1917 у вёсцы. Спыніліся з ліквідацыяй сельскай пазямельнай абшчыны ў ходзе суцэльнай калектывізацыі.

В.​П.​Панюціч.

т. 12, с. 273

ПЕРАДКАРПА́ЦКАЯ НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На тэр. Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Чарнавіцкай абласцей Украіны. Пл. 20,8 тыс. км². Тэктанічна звязана з Перадкарпацкім краявым прагінам. Паклады нафты ў палеагенавых пясчаніках на глыб. 1000—4500 м, газу — у верхняюрскіх вапняках, верхнемелавых і міяцэнавых пясчаніках на глыб. 800—1800 м. Прамысл. здабыча нафты з 1881, газу — з 1920. Адкрыта 60 радовішчаў нафты і газу. Цэнтры здабычы і перапрацоўкі — гарады Івана-Франкоўск, Львоў, Барыслаў, Драгобыч, Даліна, Надворная і інш.

т. 12, с. 273

ПЕРАДКАРПА́ЦКІ САЛЯНО́СНЫ БАСЕ́ЙН.

На тэр. Украіны (Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Чарнавіцкай абл.) і Румыніі. Паклады солей у адкладах міяцэнавага ўзросту. Каменная соль здабывалася з 14 ст.; калійныя солі — з 19 ст. Выяўлена 13 радовішчаў калійных солей хемагенна-асадкавага паходжання (Сцебніцкае, Калуш-Галынскае, Барыслаўскае і інш.). Паклады магутнасцю 2—40 м, даўж. да 6—10 км. Агульныя запасы 4,5 млрд. т, руда мае K2O да 9—11%. Калійныя солі прадстаўлены мінераламі каініт, лангбейніт, сільвін і інш. Здабыча вядзецца падземным і адкрытым спосабамі. Цэнтры — гарады Калуш, Сцебнік.

т. 12, с. 274

ПЕРАДКАРПА́ЦКІ СЕРАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

адзін з найбольшых сераносных басейнаў у свеце ўздоўж паўн. і паўн.-ўсх. падножжа Карпат у Польшчы, Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Чарнавіцкай абл. Украіны і паўн.-ўсх. ч. Румыніі. Даўж. 1000 км, шыр. 20—50 км, пл. 40 тыс. км². Прагнозныя рэсурсы ацэньваюцца ў некалькі мільёнаў тон серы. Радовішчы прымеркаваны да карбанатна-сульфатных адкладаў міяцэну; руды маюць да 25% серы. Дробныя радовішчы на Пд Польшчы вядомы з 15 ст. П.с.б. распрацоўваецца з 1958. Здабыча адкрытым і свідравінным спосабам. Цэнтры — г. Новы Раздол і г.п. Шкло (Украіна).

т. 12, с. 274

ПЕРАДКАРПА́ЦЦЕ,

тэрыторыя каля паўн.-ўсх. падножжа Карпат, дзе размешчаны Івана-Франкоўская, Львоўская і Чарнавіцкая вобласці, Украіна.

т. 12, с. 274

ПЕРАДКАЎКА́ЗЗЕ,

тэрыторыя на Пн ад Вял. Каўказа, абмежаваная з Пн Кума-Маныцкай упадзінай, з 3 Азоўскім м. і Керчанскім прал., з У Каспійскім м. Даўж. больш за 900 км, шыр. 300 км. Адрозніваюць Зах. П.: Кубана-Прыазоўская нізіна, Прыкубанская раўніна, Таманскі п-аў; Сярэдняе П.: Стаўрапольскае ўзв. (да 831 м), Церска-Сунжэнскае ўзв. (Сунжэнскі хрыбет да 926 м), горы-лакаліты Мінералаводскай групы — Бештау (1420 м), Машук (992 м) і інш.; Усх. П.: Церска-Кумская нізіна. У П. — Краснадарскі і Стаўрапольскі краі, Расія.

т. 12, с. 274