МА́РМУР (ад грэч. marmaros бліскучы камень, каменная глыба),
поўнакрышталічная метамарфічная карбанатная горная парода, якая ўтварылася ў выніку перакрышталізацыі вапняку або даламіту. Колер белы, шэры, ружовы, чорны і інш. ў залежнасці ад прымесей. Цв. 3—4. Шчыльн. 1,9—2,8 г/см³. Дробнакрышт. М. адрозніваецца найб. трываласцю і лепшай паліравальнасцю. Белы М. найб. каштоўны (статуарны, скульптурны). Цэніцца таксама М. з дэкаратыўнай структурай: слаістай, паласатай, брэкчыяпадобнай, кангламератавай, маляўнічай афарбоўкай. Выкарыстоўваецца як каштоўны дэкар. камень у буд-ве, дарожна-буд. і вырабны ў скульптурных работах. Здабываецца ў многіх краінах свету, найб. каштоўны для скульптуры ў Італіі (Карарскае радовішча), Грэцыі (Параскае). У буд-ве М. наз. таксама метамарфічныя пароды сярэдняй цвёрдасці, што добра паліруюцца: мармурызаваныя вапнякі, шчыльны даламіт, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, офікальцыт, часам змеявік.
т. 10, с. 122
МАРМУРО́ВАЕ МО́РА (тур. Marmara, ад назвы аднайм. вострава ў гэтым моры, дзе здаўна вялася здабыча мармуру),
міжземнае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай і М. Азіяй. Абмывае берагі Турцыі. Злучаецца пралівам Басфор з Чорным м., пралівам Дарданелы з Эгейскім м. Пл. 12 тыс. км2. Найб. глыб. 1273 м. Утварылася ў выніку разломаў зямной кары, якія падзялілі мацерыкі Еўропы, Азіі і Афрыкі. Берагі пераважна гарыстыя, на Пд і У моцна расчлянёныя, каля паўн. берагоў шмат падводных рыфаў. А-вы Мармара, Прынцавы і інш. Не замярзае; т-ра вады на паверхні зімой 8—9 °C, летам 29 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пн да 26‰ на Пд. Флора і фауна падобныя да міжземнаморскіх. Рыбалоўства. Праз М.м. праходзяць важныя камунікацыі з Чорнага м. ў Міжземнае. На паўн. беразе г. Стамбул.
т. 10, с. 123
МА́РНА (Marne),
рака на Пн Францыі, правы прыток р. Сена. Даўж. 525 км, пл. басейна 12,7 тыс. км2. Пачынаецца на плато Лангр, цячэ ў межах Парыжскага бас., упадае ў р. Сена каля Парыжа. Сярэдні расход вады ў вусці больш за 100 м³/с. Суднаходная ад г. Эперне. Злучана каналамі з рэкамі бас. Рэйна і Соны. У час 1-й сусв. вайны на М. адбыліся Марнскія бітвы.
т. 10, с. 123
МА́РНСКІЯ БІ́ТВЫ ў першую сусветную вайну,
1) буйная сустрэчная бітва паміж саюзнымі англа-франц. і герм. войскамі каля р. Марна 5—12.9.1914. Англа-франц. войскі (усяго 64 дывізіі, 3000 гармат, каманд. ген. Ж.Жофр) сіламі 6-й франц. арміі атакавалі фланг 1-й герм. арміі, потым увялі ў бой астатнія сілы і прыпынілі наступленне герм. часцей (49 дывізій, 3364 гарматы, каманд. ген. Х.Мольтке Малодшы) на Парыж і прымусілі іх адступіць за р. Эна. Перамога англа-франц. войск паклала пач. пералому ў кампаніі 1914 на Зах. фронце і прывяла да правалу герм. стратэг. плана «бліцкрыгу» («маланкавай вайны») па хуткім разгроме праціўніка на Зах. фронце. Перамозе саюзнікаў садзейнічала адцягненне герм. камандаваннем 2 карпусоў і кав. дывізіі з Зах. фронту на рас.-герм. фронт для адбіцця наступлення рас. войск ва Усх. Прусіі (гл. Усходне-Пруская аперацыя 1914).
2) Бітва паміж франц. і герм. войскамі ў сектары р. Марна 15.7—4.8.1918. Пасля спынення 15—17 ліп. франц. войскамі (36 дывізій, 3080 гармат, каманд. ген. Ф.Фош) герм. сіл (48 дывізій, 6353 гарматы, камандуючыя фельдмаршал П. фон Гіндэнбург і ген. Э.Людэндорф), якія наступалі на Парыж, 18 ліп. франц. войскі пры падтрымцы танкаў перайшлі ў контрнаступленне і адкінулі герм. арміі да Эны. Страты герм. войск склалі 120 тыс., саюзнікаў — 60 тыс. чал. У выніку бітвы сарваны герм. план схіліць Антанту да выгаднага для Германіі міру, знікла пагроза акупацыі Парыжа, стратэг. ініцыятыва канчаткова перайшла да саюзнікаў.
т. 10, с. 123
МАРО́ЖАНАЕ,
замарожаны асвяжальны дэсертны прадукт, прыгатаваны з малака, вяршкоў, масла, цукру, сокаў садавіны, арэхаў, яек, пахучых і смакавых рэчываў і інш. харч. сыравіны. М. высокакаларыйнае, добра засвойваецца, мае нязначную колькасць вітамінаў. Асн. віды М.: малочнае, сметанковае, пламбір, фруктова-ягаднае. Некаторыя віды дробнафасаванага М. вырабляюць у шакаладнай глазуры (напр., эскімо). Пры вытв-сці М. з зыходнай сыравіны рыхтуюць сумесь, якую пастэрызуюць, ахалоджваюць і збіваюць у фрызерах, расфасоўваюць, а потым ажыццяўляюць «загартоўку» — далейшае замарожванне да т-ры -10 ці -20 °C.
К.В.Фамічэнка.
т. 10, с. 123
МАРО́З (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 29.2.1944, с. Буда Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл.),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Украіны. Скончыў Укр. с.-г. акадэмію ў Кіеве. Працаваў інжынерам у сельскай гаспадарцы. У 1976—89 на розных пасадах у парт.-дзярж. апараце Украіны. З 1991 дэпутат, у 1994—98 старшыня Вярх. Рады Украіны. З 1994 старшыня Палітсавета Сацыяліст. партыі.
т. 10, с. 123
МАРО́З (Леў Рыгоравіч) (н. 26.1.1933, Мінск),
бел. фізік-тэарэтык. Канд. фіз.-матэм. н. (1961). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па квантавай электрадынаміцы нуклонаў і класічнай тэорыі поля. Распрацаваў новы падыход да апісання палярызавальнасці элементарных часціц і ўвёў паняцце гірацыі. Адзін з ініцыятараў правядзення даследаванняў па эксперым. фізіцы высокіх энергій на Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Введение в теорию классических полей. Мн., 1968 (разам з А.А.Богушам);
Поляризуемость и гирация элементарных частиц (разам з М.В.Максіменкам) // Вопр. атомной науки и техники. Сер. Общая и ядерная физика. 1979. Вып. 4 (10).
т. 10, с. 123
МАРО́З (Міхаіл Іванавіч) (1895, г. Капыль Мінскай вобл. — 1947),
дзяржаўны дзеяч БССР. Пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі працаваў у вясковай школе. З 1916 у арміі. Удзельнік Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе. У 1918—19 супрацоўнік бежанскага аддзела Бел. нац. камісарыята, дэлегат Усерас. з’езда бежанцаў з Беларусі (ліп. 1918, Масква). З крас. 1919 выкладчык Камуніст. ун-та ў Гомелі, старшыня Мінскага акр. к-та КП(б)Б. З 1922 паўнамоцны прадстаўнік БССР у РСФСР, старшыня Цэнтр. бюро бел. пралет. студэнцкага зямляцтва, заг. бел. сектара Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага (у Маскве). У 1924 заг. Бел. дзярж. выд-ва ў Мінску. З 1926 кіраўнік спраў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульта па ахове помнікаў, чл. прэзідыума гіст.-археал. секцыі Інбелкульта. Пазней на інш. сав. і гасп. пасадах. Чл. ЦВК БССР у 1921—27 (у 1927—29 канд. у чл.). 3.11.1937 арыштаваны органамі НКУС БССР, 3.12.1940 прыгавораны да зняволення ў папраўча-працоўны лагер, дзе і памёр.
Э.А.Карніловіч.
т. 10, с. 123
МАРО́З (Уладзімір Вікенцьевіч) (н. 11.6.1953, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт, кінадраматург. Скончыў БПІ (1975), Літ. ін-т імя Горкага (1983). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1988 на кінастудыі «Летапіс» «Беларусьфільма». З 1998 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1978. У зб-ках «Голас», «Рэй» (абодва 1993) лірычны роздум пра бел. шлях, любоў да роднага краю, тэма кахання. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў пра гісторыю і культуру Беларусі «Кірыла Тураўскі» (1990), «Іван Насовіч» (1991), «Леў Сапега, канцлер», «Рэха збройнага чыну» (абодва 1992), «Браты Ермаловічы», «Успамін пра Міколу Равенскага» (абодва 1993, за апошні Дзярж. прэмія Беларусі 1994), «За брамай забытых мелодый», «Крыж ля дарогі» (абодва 1994), «Сымон Будны. Паэма» (1995), «Крэва» (1996), «Зорка Афанасія» (1997), «Згадкі страчанага раю» (1998) і інш. Адзін з укладальнікаў і аўтараў кн. «Памяць. Івацэвіцкі раён» (1997).
І.У.Саламевіч.
т. 10, с. 123