МА́РМУР (ад грэч. marmaros бліскучы камень, каменная глыба),
поўнакрышталічная метамарфічная карбанатная горная парода, якая ўтварылася ў выніку перакрышталізацыі вапняку або даламіту. Колер белы, шэры, ружовы, чорны і інш. ў залежнасці ад прымесей. Цв. 3—4. Шчыльн. 1,9—2,8 г/см³. Дробнакрышт. М. адрозніваецца найб. трываласцю і лепшай паліравальнасцю. Белы М. найб. каштоўны (статуарны, скульптурны). Цэніцца таксама М. з дэкаратыўнай структурай: слаістай, паласатай, брэкчыяпадобнай, кангламератавай, маляўнічай афарбоўкай. Выкарыстоўваецца як каштоўны дэкар. камень у буд-ве, дарожна-буд. і вырабны ў скульптурных работах. Здабываецца ў многіх краінах свету, найб. каштоўны для скульптуры ў Італіі (Карарскае радовішча), Грэцыі (Параскае). У буд-ве М. наз. таксама метамарфічныя пароды сярэдняй цвёрдасці, што добра паліруюцца: мармурызаваныя вапнякі, шчыльны даламіт, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, офікальцыт, часам змеявік.
т. 10, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)