Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛІБДЭНАВЫЯ СІ́НІ,

гл. ў арт. Малібдаты.

т. 10, с. 31

МАЛІБДЭ́НАВЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове малібдэну з дабаўкамі вальфраму, рэнію, цырконію, тытану, ніобію, вугляроду і інш. элементаў; канстр. гарачатрывалыя матэрыялы ў ракетнай тэхніцы, авіяцыі, ядз. энергетыцы. Дэталі з М.с. працуюць у вакууме пры т-рах да 1800 °C. У акісляльным асяроддзі М.с. маюць нізкую гарачаўстойлівасць, у такіх умовах выкарыстоўваюць ахоўныя пакрыцці (напр., на аснове дысіліцыду малібдэну MoSi2 3 дабаўкамі хрому, бору, алюмінію), якія забяспечваюць працаздольнасць сплаваў пры т-рах да 2000 °C.

т. 10, с. 31

МАЛІБДЭ́НАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя рэчывы, якія маюць малібдэн у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінным арганізме малібдэн стымулюе біясінтэз нуклеінавых кіслот і бялкоў, павышае колькасць хларафілу і вітамінаў. Пры яго недахопе расліны хварэюць на асаблівы від плямістасці, не пладаносяць і гінуць. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца малібдат амонію (NH4)2MoO4 — белая крышт. соль (мае 52% Мо), якая добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць на кіслых дзярнова-падзолістых глебах пераважна пад бабовыя (канюшыну, люцэрну), зернебабовыя (гарох, віку, боб) і тэхн. (цукр. буракі, лён) культуры, пад гародніну (капусту, салату, памідоры), а таксама для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.

Р.У.Васілюк.

т. 10, с. 31

МАЛІБДЭ́НАВЫ БЛЯСК,

мінерал, тое, што малібдэніт.

т. 10, с. 31

МАЛІБДЭНІ́Т (ад грэч. molybdos свінец, у сувязі з вонкавым падабенствам да свінцу),

малібдэнавы бляск, мінерал класа сульфідаў, сульфід малібдэну MoS2. Мае 60% малібдэну, 40% серы, часта прымесі талію, рэнію, селену, ніобію, ванадыю, мыш’яку. Крышталізуецца пераважна ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі гексаганальна-таблітчастыя, кароткапрызматычныя, трапляюцца ліставатыя і лускаватыя агрэгаты. Колер свінцова-шэры з блакітным адлівам. Бляск металічны. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 4,6—5 г/см³. М. — тыповы гідратэрмальны мінерал, генетычна звязаны з магматычнымі кіслымі горнымі пародамі (гранітамі, пегматытамі і інш.). Гал. мінерал малібдэнавых руд.

Малібдэніт.

т. 10, с. 32

МАЛІБДЭ́НУ ДЫСУЛЬФІ́Д,

хімічнае злучэнне малібдэну з серай, MoS2. Шэрыя крышталі з вельмі нізкім каэф. трэння. Не раствараецца ў вадзе, салянай і разбаўленай сернай к-тах. Пры награванні ў паветры вышэй за 350 °C акісляецца. У прыродзе — мінерал малібдэніт. Атрымліваюць уздзеяннем пары серы або серавадароду на малібдэн ці яго трыаксід MoO3 пры т-ры 600—800°C. Выкарыстоўваюць як цвёрдую змазку і каталізатар у арган. сінтэзе.

т. 10, с. 32

МАЛІБРА́Н ((Malibran) Марыя Фелісіта) (24.3.1808, Парыж — 23.9.1836),

французская спявачка (каларатурнае мецца-сапрана); адна з буйнейшых спявачак 1-й пал. 19 ст. Сястра П. Віярдо-Гарсія. З 1816 вучылася пад кіраўніцтвам бацькі — вак. педагога М.Гарсіі. З 1825 выступала на оперных сцэнах Лондана, Парыжа, гарадоў Італіі. Гастраліравала разам з мужам — Ш. Берыо. Валодала голасам вял. дыяпазону, асабліва выразным і прыгожым у ніжнім рэгістры. Яе выкананне вылучалася імправізацыйнай свабодай, артыстызмам, тэхн. дасканаласцю. Сярод лепшых партый: Норма, Аміна («Норма», «Самнамбула» В.Беліні), Леанора («Фідэліо» Л.Бетховена), Джульета («Рамэо і Джульета» Н.Цынгарэлі), Дэздэмона, Разіна («Атэла», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Аўтар накцюрнаў для фп., рамансаў і інш. Ёй прысвечана опера амер. кампазітара Р.Р.Бенета «Марыя Малібран» (1935).

М.Малібран у касцюме Дэздэмоны. Партрэт работы мастака Л.Педрацы. 1834.

т. 10, с. 32

МАЛІ́ЗЕ (Molise),

вобласць у Паўд. Італіі, на Апенінскім паўвостраве. Пл. 4,4 тыс. км2. Нас. 331 тыс. ж. (1991). Адм. цэнтр — г. Кампабаса. Уключае правінцыі Кампабаса і Ізернія. На ПнУ, уздоўж узбярэжжа Адрыятычнага м. — узгоркаватая раўніна. У цэнтр. ч. М. пласкагор’е Малізе. На Пд Апенінскі хрыбет Матэсе выш. да 2050 м (г. Мілета). Аснова эканомікі вобласці — сельская гаспадарка. Вырошчваюць пшаніцу, бабовыя і інш. У перадгорнай зоне і на спадзістых схілах ніжняга пояса гор — вінаградарства і вырошчванне аліў. У гарах пашавая жывёлагадоўля, пераважна авечкагадоўля. Прам-сць па апрацоўцы с.-г. прадукцыі. Саматужныя промыслы. Буйны турыстычны комплекс.

т. 10, с. 32

МА́ЛІКАЎ (Кубанычбек Іманаліевіч) (16.9.1911, в. Уч-Эмчэк Канцкага р-на Чуйскай вобл., Кыргызстан — 9.12. 1978),

кіргізскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Кіргізіі (1947). Нар. паэт Кіргізіі (1969). Скончыў 1-ы Кіргізскі пед. тэхнікум (1931). Друкаваўся з 1928. Першая кн. «Вершы Кубанычбека» (1933) — водгук на тагачасныя падзеі. У зб-ках вершаў і паэм «Агні ў гарах» (1957), «Думы пра будучае» (1964), «Голас са скалы» (1966), «Ленін і Ісык-Куль» (1974) і інш. паэтызацыя жыцця і працы сучаснікаў, асэнсаванне маральна-этычных праблем. П’есы «На высокай зямлі» (паст. 1956), «Сэрца б’ецца» (паст. 1957), «Дзяўчаты з адной вуліцы» (1960), «Асманкул» (1970) і інш. адыгралі важную ролю ў станаўленні нац. драматургіі і т-ра. Адзін са складальнікаў зводнага варыянта эпасу «Манас». Сааўтар лібрэта опер «Айчурэк» (паст. 1939), «Манас» (паст. 1946), «Тактагул» (паст. 1958). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Р.Барадулін, М.Федзюковіч.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1983.

К.І.Малікаў.

т. 10, с. 32

МА́ЛІКЕН ((Mulliken) Роберт Сандэрсан) (7.6.1896, г. Ньюберыпарт, ЗША — 31.10.1986),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1936), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1965). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т у Кембрыджы (1917) і Чыкагскі ун-т (1921 д-р філасофіі), дзе і працаваў да 1923 і з 1928 (з 1931 праф.). У 1964-71 праф. ун-та штата Фларыда ў Маямі. Навук. працы пераважна па квантавай хіміі. Распрацаваў асновы метаду малекулярных арбіталей (адначасова з англ. хімікам Дж.Ленард-Джонсам і ням. фізікам Ф.Гундам; 1928—32). З дапамогай гэтага метаду вызначыў электронныя структуры шматлікіх складаных малекул. Нобелеўская прэмія 1966.

Р.Малікен.

т. 10, с. 32