МАЛІБДЭНІ́Т
(ад грэч. molybdos свінец, у сувязі з вонкавым падабенствам да свінцу),
малібдэнавы бляск, мінерал класа сульфідаў, сульфід малібдэну MoS2. Мае 60% малібдэну, 40% серы, часта прымесі талію, рэнію, селену, ніобію, ванадыю, мыш’яку. Крышталізуецца пераважна ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі гексаганальна-таблітчастыя, кароткапрызматычныя, трапляюцца ліставатыя і лускаватыя агрэгаты. Колер свінцова-шэры з блакітным адлівам. Бляск металічны. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 4,6—5 г/см3. М. — тыповы гідратэрмальны мінерал, генетычна звязаны з магматычнымі кіслымі горнымі пародамі (гранітамі, пегматытамі і інш.). Гал. мінерал малібдэнавых руд.
Малібдэніт.
т. 10, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)