Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАПІ́ЧНЫЯ ДАЖДЖЫ́,

тое, што зенітальныя дажджы.

т. 15, с. 516

ТРАПІ́ЧНЫЯ ЛЯСЫ́.

Пашыраны ў экватарыяльным, субэкватарыяльных і трапічных паясах паміж 25° паўн. ш. і 30° паўд. ш. У залежнасці ад ступені ўвільгатнення, выражанасці і працягласці сухога сезона адрозніваюць Т.Л.: вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы; паўвечназялёныя або паўлістападныя сухія (да 40 м вышыня дрэвастою, багаты фларыстычны склад, у т. л. ліяны і эпіфіты, часам з выражаным лістападам і ўзнаўленнем лісця; у тропіках Азіі наз. мусоннымі лясамі); лістападныя светлыя ў трапічных раёнах Індакітая з выражаным сухім сезонам (дыптэракарп бугрысты, пентакмэ сіямская, тэрміналія лямцавая, на бедных глебах хваёвыя лясы); горныя — на схілах гор вышэй за 800 м у паласе кандэнсацыі туманаў — нефелагілеі (вечназялёныя з дрэвападобнымі папарацямі, некат. хвойнымі і араўкарыямі), вышэй за 2000 м — імшыстыя і нізкарослыя з сям. лаўровых, букавых, верасковых (у лясах Гімалаяў і Кітая шмат дрэвападобных рададэндранаў, эпіфітных імхоў). З-за падабенства да лясоў умераных шырот горныя Т.л. наз. субтрапічнымі. Т.л. даюць шмат каштоўнай прадукцыі і драўніны (каўчуканосы, гваздзіковае, цікавае, салавае дрэвы і інш.).

т. 15, с. 516

ТРАПІ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́,

прыродныя геагр. паясы Паўн. і Паўд. паўшар’яў, размешчаныя паміж субтрапічнымі паясамі і субэкватарыяльнымі паясамі, паміж 20° і 30° паўн. ш. і паўд. ш. Гарачы і сухі трапічны клімат вызначаюць антыцыкланальная цыркуляцыя атмасферы і пасаты. Т-ра зімой вышэй за 10 °C, летам вышэй за 30—35 °C. У Т.п. назіраюцца самыя высокія на зямным шары т-ры паветра (гл. Полюсы цяпла). Ападкаў 50—200 мм, на У пераважае вільготнае акіянскае паветра (мусонная цыркуляцыя) — ападкаў да 1000—2000 мм і больш за год. На сушы ландшафты пустынь і паўпустынь, якія займаюць вял. тэрыторыі ў цэнтр. і зах. ч. мацерыкоў (асабліва ў Афрыцы і Азіі). Значная ч. прасторы не мае паверхневага сцёку. Рэкі транзітныя, многія перасыхаюць. Глебавае покрыва мяняецца з 3 на У ад шкілетных або шэра-жоўтых глеб трапічных пустынь праз шэра-карычневыя глебы паўпустынь і чырвона-карычневыя глебы рэдкалессяў да чырв. латэрытных глеб пераменна-вільготных лясоў. Усх. ўскраіны мацерыкоў (Паўд. і Усх. Азія, Цэнтр. Амерыка) маюць больш высокую вільготнасць, паўнаводныя рэкі, мяшаныя лістападна-вечназялёныя лясы, мусонныя лістападныя лясы, рэдкалессі або саванны і хмызнякі, часта моцна змененыя ў выніку высечак і выпальвання. У горных раёнах выражаны леса-лугавы (на У), рэдкалесна-стэпавы і пустынна-стэпавы (у цэнтр. ч. і на 3) спектры вышыннай пояснасці. Жывёльны свет прадстаўлены капытнымі (антылопы, вярблюды і інш.), некат. драпежнымі (гіены, лісы і інш.), птушкамі, грызунамі і інш. Акіян у Т.п. адрозніваецца высокімі т-рамі паверхневых вод, значным іх выпарэннем, высокай салёнасцю (37%0) шчыльнасцю і недахопам кіслароду. У зах. і цэнтр. ч. мацерыкоў развіта пашавая жывёлагадоўля, арашальнае земляробства, ва ўсх. ч. — арашальнае і багарнае земляробства, плантацыйная гаспадарка (рыс, батат, цытрусавыя, фінікі, ананасы, бананы і інш.).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 517

ТРАПІ́ЧНЫ ГОД,

гл. ў арт. Год.

т. 15, с. 516

ТРАПІ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,

клімат трапічных шырот у Паўн. і Паўд. паўшар’ях Зямлі, як правіла, сухі і гарачы. Фарміруецца на працягу года пад уплывам абласцей павышанага ціску субтрапічных паясоў, пасатнай цыркуляцыі над акіянамі і дэпрэсіямі тэрмічнага паходжання над мацерыкамі. Адрозніваецца ўстойлівай перавагай малавоблачнага надвор’я, малой колькасцю ападкаў (звычайна менш за 200 мм за год), высокімі т-рамі паветра (ад 10 °C зімой да 35 °C летам). Тут знаходзяцца полюсы цяпла. Пераважаюць ландшафты пустынь і паўпустынь. У некат. класіфікацыях да Т.к. адносяць таксама клімат саваннаў (з рэзка выяўленым сухім зімовым і вільготным летнім сезонамі). Гл. таксама Пасатны клімат.

т. 15, с. 516

ТРАПІ́ЧНЫ ФРОНТ,

атмасферны фронт паміж трапічнымі і экватарыяльнымі паветранымі масамі; часта атаясамліваецца з унутрытрапічнай зонай канвергенцыі. З Т.ф. звязана выпадзенне вял. колькасці ападкаў.

т. 15, с. 516

ТРАПІ́ЧНЫ ЦЫКЛО́Н, трапічны ўраган,

магутны атмасферны віхор у трапічных шыротах. Узнікае паміж 5—20° паўн. і паўд. шырот і рухаецца ў пасатным патоку на З (ПнЗ у Паўн. і ПдЗ у Паўд. паўшар’ях). У параўнанні з цыклонамі ўмераных шырот адрозніваецца меншымі памерамі (да 300—400 км) і значна большымі барычнымі градыентамі, выключна моцнымі вятрамі (да 70 м/с, у парывах больш за 100 м/с). Суправаджаецца катастрафічнымі ліўневымі ападкамі і навальніцамі, выклікае моцнае хваляванне на моры і разбурэнні ў прыбярэжных раёнах. Унутр. ч. Т.ц. называюць вокам буры. Штогод на Зямлі адзначаюць 70—80 Т.ц. Каля берагоў Усх. Азіі наз. тайфунамі.

т. 15, с. 516

ТРА́ПКІН Мікалай Іванавіч (5.12.1918, в. Сабліна Старыцкага р-на Цвярской вобл., Расія — 20.2.1999),

рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім гіст.-архіўным ін-це (1939—41), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Друкаваўся з 1945. Яго паэзія адметная спалучэннем фальклорна-песеннай і кніжнай традыцый, напеўнасцю, разнастайнасцю форм. Аўтар паэт. зб-каў «Першая баразна» (1953), «Белая ноч» (1956), «Краснаполле» (1962), «Гняздо маіх бацькоў» (1967), «Гусі-лебедзі» (1971), «Вячэрні звон» (1975), «Запаведзь» (1976), «Скрып маёй калыскі» (1978), «Вогненныя яслі» (1985) і інш.; паэм («Сярод лясоў і палёў», 1964). У некат. яго вершах бел. тэма. Дзярж. прэмія Расіі 1992.

Тв.:

Стихотворения, 1940—1982. М., 1983;

Излуки. М., 1987.

т. 15, с. 517

ТРАПЛО́, трапушка,

прылада для ачышчэння (трапання) ільнянога ці канаплянага валакна ад кастрыцы. Уяўляе сабой тонкую дошчачку шыр. 6—8 см, даўж. 40—45 см. На тэр. ўсх. славян Т. вядома з 7 ст. На Беларусі бытавалі 2 асн. тыпы Т. — мечападобнае (пашырана на ПдЗ і ў цэнтр. раёнах) і лапатападобнае (на Пн і У).

Трапло: мечападобнае (уверсе) і лапатападобнае.

т. 15, с. 517

«ТРАПЯТУ́ХА»,

бел. нар. танец, разнавіднасць полькі. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца парамі, якія кружацца то ўправа, то ўлева вальсападобнай полькай з прытупам. Пасля выкрыку «крут» выканаўцы мяняюцца парамі — дзяўчына пераходзіць «пляцёнкай» да юнака, які стаіць побач. Партнёры кланяюцца адзін аднаму і падаюць руку. Пасля таго, як юнак перакруціць дзяўчыну, яны становяцца тварам адзін да аднаго і дробна патрэсваюць плячыма, рукамі і нагамі. Потым фігуры паўтараюцца. Танец суправаджаецца прыпеўкамі. Зафіксаваны ў Чэрвеньскім і Бярэзінскім р-нах.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 15, с. 517