«ТРАПЯТУ́ХА»,
бел. нар. танец, разнавіднасць полькі. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца парамі, якія кружацца то ўправа, то ўлева вальсападобнай полькай з прытупам. Пасля выкрыку «крут» выканаўцы мяняюцца парамі — дзяўчына пераходзіць «пляцёнкай» да юнака, які стаіць побач. Партнёры кланяюцца адзін аднаму і падаюць руку. Пасля таго, як юнак перакруціць дзяўчыну, яны становяцца тварам адзін да аднаго і дробна патрэсваюць плячыма, рукамі і нагамі. Потым фігуры паўтараюцца. Танец суправаджаецца прыпеўкамі. Зафіксаваны ў Чэрвеньскім і Бярэзінскім р-нах.
Л.К.Алексютовіч.
т. 15, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)