ВЕРШ У ПРО́ЗЕ,
лірычны твор у празаічнай форме. У ім няма вершаванага рытму, метра, рыфмы, але ёсць многія прыкметы паэтычнага твора — у змесце (ідэі, матывы, вобразы), эмацыянальна-суб’ектыўнай танальнасці, у паэтычнай фактуры (канцэнтрацыя тропаў, павышаная асацыятыўнасць), сінтаксісе (паўторы, звароты, умоўчванні і г.д.), пабудове (невял. памер, падзел на абзацы). Упершыню тэрмін «верш у прозе» ўвёў Ш.Бадлер, у рус. л-ры вядомым аўтарам такіх вершаў стаў І.С.Тургенеў. У бел. л-ры ўзнік на пач. 20 ст. («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, «Васількі», «Раны» Ядвігіна Ш., «Стогны душы» М.Гарэцкага, «Пяюць начлежнікі» З.Бядулі і інш.).
В.П.Рагойша.
т. 4, с. 113
ВЕРЫ́ЗМ
(італьян. verismo ад vero праўдзівы),
рэалістычны кірунак у італьянскім мастацтве канца 19 ст., блізкі да натуралізму. Сфарміраваўся пад уздзеяннем тэорыі натуралізму Э.Заля і ідэй італьян. нар.-вызв. Руху. Для верызму характэрныя цікавасць да перажыванняў простага чалавека, вастрыня драм. калізій, увага да сац. праблематыкі. Найб. выявіўся ў л-ры (Дж.Верга, Л.Капуана, Г.Дэледа), оперы (П.Масканьі, Р.Леанкавала, Дж.Пучыні), выяўл. мастацтве (мастакі Ф.П.Мікеці, Дж.Пеліца да Вальпеда, скульптары В.Вела, В.Джэміта і інш.).
т. 4, с. 114
ВЕРЫКО́ЎСКІ Міхаіл Іванавіч
(20.11.1896, г. Крэменец, Украіна — 14.6.1962),
украінскі кампазітар, дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1944). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1923), выкладаў у ёй (з 1946 праф.). У 1926—35 працаваў дырыжорам у т-рах Кіева, Харкава і інш. Аўтар опер «Сотнік» (1939), «Наймічка» (1943, паводле Т.Шаўчэнкі), першага ўкр. балета «Пан Канёўскі» (1931), першых укр. араторый («Дума пра дзяўчыну-паланянку Марусю Багуслаўку», 1923), кантат, сімф. сюіт, а таксама песень, хароў, апрацовак нар. песень, музыкі да драм. Спектакляў.
т. 4, с. 114
ВЕ́РЫНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 20 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,47 км², даўж. 2,48 км, найб. шыр. 270 м, найб. глыб. 23,9 м, даўж. берагавой лініі каля 6 км. Пл. вадазбору 1,6 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м на Пн і 13—15 м на Пд, на З разараныя, на У пад лесам і хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно паўн. ч. катлавіны плоскае, на Пд мае варонкападобную форму. На Пн да глыб. 3м і на Пд да глыб. 6—8 м дно пясчанае, глыбей выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. На Пн выцякае ручай у р. Обаль.
т. 4, с. 114
ВЕРЫ́СІМУ
(Veríssimo) Эрыку Лопес (17.12.1905, г. Крус-Алта, Бразілія — 28.11.1975),
бразільскі пісьменнік. Творча асвоіўшы авангардысцкія і маст. набыткі паўн.-амер. прозы і драматургіі канца 19 — пач. 20 ст., магчымасці псіхааналізу, сканцэнтраваўся на гар. праблематыцы. У раманах «Кларыса» (1933), «Скрыжаваныя дарогі» (1935), «Месца пад сонцам» (1936), «Глядзіце на палявыя лілеі» (1938) адлюстраваў складаныя нац.-псіхал. калізіі сучаснасці. Антыфаш. барацьбе ў Іспаніі прысвяціў раман «Сага» (1940), жыццю паўд. штатаў Бразіліі — дылогію «Час і вецер» (1949—62). У раманах «Далей — маўчанне» (1943), «Ноч» (1954) імкнуўся раскрыць глыбінныя пласты чалавечай свядомасці і падсвядомасці. Разгляд актуальных праблем рэв.-вызв. рухаў праз унутр. свет іх удзельнікаў у раманах «Спадар пасол» (1965), «Палонны» (1967), «Здарэнне ў Антарэсе» (1971). Аўтар кніг нарысаў «Чорны кот на снежным полі» (1941), «Вяртанне Чорнага ката» (1946) і мемуараў «Сола на кларнеце» (1973—76), падарожных нататкаў і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Господин посол: Роман. М., 1969;
Пленник // Вериссимо Э. Пленник;
Вейга Ж. Тени бородатых королей: Повести. М., 1981.
І.Л.Лапін.
т. 4, с. 114
ВЕРЫФІКА́ЦЫЯ
(ад лац. verus сапраўдны + facio раблю),
праверка, эмпірычнае пацвярджэнне тэарэт. палажэнняў навукі праз супастаўленне іх з аб’ектамі, за якімі вядзецца назіранне, фактычнымі данымі, эксперыментам; прынцып вызначэння навук. асэнсаванасці і ісціннасці выказванняў. Вылучана прадстаўнікамі лагічнага пазітывізму, сфармулявана аўстр. філосафамі М.Шлікам у працы «Усеагульная тэорыя пазнання» (1918) і Л.Вітгенштэйнам у «Логіка-філасофскім трактаце» (1922); далей развіта ў працах Венскага гуртка. У аснове гэтага прынцыпу ляжыць тэзіс аб тым, што чалавечае пазнанне не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту, а ўсе веды можна звесці да «непасрэдна дадзенага» вяртання да нагляднага ўзроўню пазнавання і ігнаравання ідэальнага характару абстракцый. Усе навук. выказванні павінны задавальняць патрабаванне правяральнасці, або верыфіцыруемасці; любое меркаванне (гіпотэза) можа верыфіцыравацца, г.зн. яго ісціннасць можа быць даказана з дапамогай доследу або лагічнага доказу. У сучаснай л-ры верыфікацыя разглядаецца як вынік шматпланавых узаемаадносін паміж рознымі тэорыямі і данымі іх эксперыментальных праверак.
В.М.Пешкаў.
т. 4, с. 114