Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІ́ЛІЧ (Уладзіслаў Іванавіч) (1906—43),

бел. шахматыст, першы на Беларусі майстар спорту СССР па шахматах (1929—35, 1939). Жыў у Віцебску. Пераможца чэмпіянатаў Беларусі (1928, 1934, 1937). Вядомы даследаваннямі ў шахматных дэбютах (сіцыліянская, франц. абароны). Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 379

СІЛО́,

1) у беларусаў самалоўнае прыстасаванне, дзеянне якога заснавана на зацягванні пятлі вакол лапы, шыі або тулава дзічыны. Выкарыстоўвалася з глыбокай старажытнасці для лоўлі баравых і балотных птушак, дробных і буйных звяроў. У залежнасці ад аб’екта, месца і часу палявання бытавалі ў некалькіх разнавіднасцях (кожнае мела сваё канкрэтнае прызначэнне і назву). Курапатак зімою, калі вял. маразы гналі іх да чалавечага жылля, лавілі на загуменні колам (ляшчынавы абруч, зацягнуты сеткай з тонкага моцнага шнура, да якой прывязвалі некалькі дзесяткаў петляў з конскага воласу). Пружкамі (невялічкае С. з петлямі на шнурку), прывязанымі пад гронкамі рабіны, сілілі рабчыкаў. Для лоўлі дупеляў ужывалі понажы — шматметровыя моцныя шнуры з мноствам валасяных петляў, прывязаных на адлегласці 15—20 см адна ад адной. Понажы падвешвалі на калках у 25—30 см ад зямлі і аблытвалі імі амаль усё такавішча. Шырока распаўсюджаны былі адзінарныя петлі з валасоў, шнуркоў і дроту. Імі лавілі птушак і звяроў. Устанаўлівалі петлі на звярыных пераходах, каля нор і на такавішчах двума спосабамі — «на зашморг» і «на падрыў». У першым выпадку звер сам зацягваў на сабе пятлю, якую прывязвалі да ўбітага ў зямлю калка або да галіны куста ці дрэва. Калі пятлю ставілі «на падрыў», яе прывязвалі да сагнутай і зашчэмленай вершаліны маладога дрэўца. Калі звер трапляў у пятлю, то выслабаняў вершаліну з-пад сучка, яна распрамлялася і падымала здабычу над зямлёю. На Палессі так лавілі вясною качараў, прывабліваючы іх манькутай (падсаднай качкай на драўляным крузе) або чучалам. У наш час лоўля ўсімі відамі С. забаронена і аднесена да браканьерства.

2) Пятля, традыц. рыбалоўная прылада, якой лавілі пераважна невялікіх шчупакоў, што ў летнюю спякоту стаяць каля паверхні вады. Да канца тонкай палкі прымацоўвалі лёску (з конскага воласу), завязаную пятлёй, апускалі яе ў ваду, падводзілі пад шчэлепы шчупака і, зацягнуўшы яе рэзкім рухам, выкідвалі рыбіну на бераг ці ў лодку. Лавілі С. звычайна дзеці і падлеткі. Вядома па ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім, С.​Ф.​Цярохін.

Да арт. Сіло. Сілкі: 1 — пружкі; 2 — понажы; 3 — пятля; 4 — трыгубіца.

т. 14, с. 379

СІЛУМІ́Н (ад лац. Silicium крэмній + Aluminium алюміній),

група лёгкіх ліцейных сплаваў алюмінію (аснова) з крэмніем (3—13%, да 26%) і некаторымі інш. элементамі (медзь, марганец, магній, цынк, тытан, берылій). Выкарыстоўваецца ў аўта-, авія- і суднабудаванні, а таксама для стварэння скульптуры.

т. 14, с. 379

СІЛУРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫЯД), сілур (ад назвы стараж. племя сілураў, што некалі жыло ва Уэльсе, Вялікабрытанія),

трэцяя сістэма палеазойскай эратэмы (эры), якая адпавядае трэцяму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі ардовікскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду). Пачалася 440 млн. г. назад, доўжылася 30 млн. г. Вылучана ў 1835 англ. геолагам Р.​І.​Мурчысанам. Падзяляецца на ніжні і верхні аддзелы. Ніжні ўключае ландаверыйскі і уэнлокскі ярусы, якія падзяляюцца на 5 пад’ярусаў; верхні — лудлаўскі (2 пад’ярусы) і пржыдольскі. Для сілуру існуе адзіная шкала грапталітавых зон, складзеная паводле класічных разрэзаў у Вялікабрытаніі і Чэхіі.

Адклады гэтай сістэмы прадстаўлены мелкаводнымі шэльфавымі, пераважна карбанатнымі тоўшчамі з бентаснай фаунай і арганагеннымі пабудовамі (пашыраны на Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформах, у Цэнтр. і Паўд. Кітаі, на паўн.-амер. Мідкантыненце, у Паўн. Афрыцы) і глыбакаводнымі тэрыгеннымі асадкамі з планктоннай фаунай. Найб. кантынентам у сілуры была Гандвана, больш дробныя масівы сушы — Лаўрэнція, Балта-Сарматыя, Ангарыда і інш. Сілурыйскаму перыяду папярэднічалі глабальнае покрыўнае зледзяненне, максімум рэгрэсіі і перарывы ў платформавым асадканамнажэнні. Пачатак сілуру адзначаны магутнай ландаверыйскай трансгрэсіяй, якая максімальна праявілася на Гандване, Паўн.-Амерыканскай і Сібірскай платформах. У канцы ранняга уэнлоку адзначаецца рэгрэсія, якая працягвалася да сярэдзіны ранняга дэвону. Геасінклінальныя зоны характарызуюцца дыферэнцыраванымі тэктанічнымі рухамі, праяўленнем падводнага вулканізму і стракатасцю асадкаў. У канцы сілурыйскага перыяду закончылася каледонская складкавасць. Нешматлікія літалагічныя індыкатары палеаклімату сведчаць пра гумідныя ўмовы ў ландаверыйскім веку, паступовым пацяпленні і арыдызацыі клімату ў уэнлоку і познім сілуры. У арганічным свеце да пач. сілуру сфарміраваны асн. класы беспазваночных арганізмаў і з’явіліся пазваночныя. Для мелкаводных зон характэрна ракушачна-каралавая фауна, у т. л. гідроідныя паліпы (табуляты, ругозы, строматапараты). Донная фауна прадстаўлена брахіяподамі і малюскамі (гастраподы, двухстворкавыя, тантакуліты), у лагунах і на адкрытым шэльфе — астракодамі, трылабітамі і ракаскарпіёнамі; вядомы бяссківічныя. У канцы сілуру з’явіліся рыбы — акантоды. Пелагіяль насялялі грапталіты, наўцілаідэі і канадонты. З расл. арганізмаў характэрны водарасці, з наземных — рэшткі псілафітаў. З карысных выкапняў да адкладаў сілуру прымеркаваны запасы нафты, буйныя радовішчы жал. руд, меднага калчадану, марганцу, фасфарытаў, гіпсу, каменнай солі і інш.

На Беларусі сілурыйскія адклады магутнасцю да 630 м пашыраны на ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна) і да 76 м на ПнЗ (схіл Бел. антэклізы). Яны складзены з вапнякова-мергельных парод са шматлікай выкапнёвай фаунай (грапталіты, брахіяподы, гастраподы, імшанкі, каралы і інш.) і акрытархамі. У гэты перыяд пераважала суша. Марскі басейн, што наступаў з З у выглядзе 2 заліваў — Балтыйскага і Падляска-Брэсцкага, найб. плошчу заняў у канцы ландаверыйскага веку.

т. 14, с. 380

СІЛУЭ́Т [франц. silhouette ад імя франц. міністра 18 ст. Э. дэ Сілуэта (E. de Silhouette), на якога была зроблена карыкатура ў выглядзе ценявога профілю],

1) характэрны абрыс прадметаў, бачны як адзіная плоская пляма без дэталей унутры контуру. Выразнасць С. звязана з характарам контуру і залежыць ад формы, месцазнаходжання і асветленасці аб’екта.

2) Від маст. тэхнікі: плоскасная аднатонная выява фігур і прадметаў, якая ўтварае суцэльную, абмежаваную контурам пляму на кантрастным фоне. Мастацтва С. вядома са старажытнасці ў Кітаі, Японіі (асабліва ў тэатры ценяў) і інш. краінах Азіі; у Еўропе пашырана з 18 ст. У тэхніцы С. (пераважна ў графіцы) выконваюць профільныя партрэты, быт. сцэнкі, ілюстрацыі, нацюрморты. Вял. ролю адыгрывае С. у плакаце. Сярод майстроў С. — Ф.​Антынг, Ф.​О.​Рунге (Германія), А.​Бенуа, М.​Дабужынскі, У.​Маякоўскі, К.​Сомаў, Ф.​Талстой (Расія), М.​Селяшчук (Беларусь) і інш. Своеасаблівая разнавіднасць С. — выцінанка.

3) Контурная выява фігуры (пераважна ў натуральны памер), прызначаная для стварэння ілюзіі прысутнасці жывога чалавека. Выразаныя з дошкі і размаляваныя С. ўзніклі ў 1-й пал. 17 ст. ў Галандыі, пазней пашырыліся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Выкарыстоўваліся як экран для камінаў, для імітацыі варты, падтрымкі расчыненых дзвярэй і інш. З 19 ст. выкарыстоўваецца як рэкламны сродак (фігуры ля ўваходаў у рэстараны, у вітрынах магазінаў і інш.), у наш час вырабляецца пераважна як наклееная на кардон фотавыява.

С.​У.​Пешын.

т. 14, с. 380

СІ́ЛЫ ХУ́ТКАГА РАЗГО́РТВАННЯ, сілы хуткага рэагавання,

спец. падрыхтаваныя фарміраванні ў шэрагу нац. і аб’яднаных узбр. сіл, прызначаныя для экстраннага выкарыстання ў стратэг. важных рэгіёнах пры ўзнікненні там крызісных сітуацый. У ЗША створаны ў канцы 1970-х г., у Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — у пач. 1980-х г., у аб’яднаных узбр. сілах НАТО і арміях шэрагу інш. краін — у 1990-я г. Аснову аб’яднаных С.х.р. НАТО складае «Еўракорпус». у які ўваходзяць некалькі дывізій рознай нац. прыналежнасці, а таксама інш. спец. фарміраванні. У некат. дзяржавах СНД, у т. л. Расіі, Беларусі, ролю С.х.р. выконваюць паветрана-дэсантныя войскі (гл. раздз. Узброеныя сілы ў арт. Расія), мабільныя сілы і інш. спец. ўзбр. фарміраванні Для С.х.р. характэрны высокая боегатоўнасць, стратэг. і аператыўная мабільнасць, падрыхтаванасць для вядзення баявых дзеянняў у складаных фізіка-геагр умовах. С.х.р. ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі і інш. неаднаразова выкарыстоўваліся ў правядзенні ваен. і міратворчых аперацый.

т. 14, с. 380

СІЛЬ,

тое, што сель.

т. 14, с. 381

СІЛЬВІ́Н (ад Sylvius — лацініз. імя галанд. ўрача і хіміка Ф.​Боэ),

мінерал класа хларыдаў, хларыд калію, KCl. Мае калію да 52,5%, хлору да 47,5%, прымесі натрыю і аміяку. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае шчыльныя зярністыя масы, шаставатыя і валакністыя агрэгаты, радзей кубічныя і кубаактаэдрычныя крышталі і інш. Бясколерны або малочна-белы, з прымесямі гематыту — жоўта-чырвона-ружаватых адценняў. Часта празрысты. Бляск шкляны. Цв. 2. Шчыльн. 2 г/см³. Крохкі. Характэрны горка-салёны смак, лёгкая растваральнасць у вадзе, моцная гіграскапічнасць. Разам з галітам, карналітам і інш. ўтварае сільвініт. Гал. радовішчы хемагенна-асадачнага генезісу. Пашыраны ў выкапнёвых марскіх саляносных фармацыях і кантынент. эвапарытавых. Трапляецца ў вулканічных узгонах, сучасных азёрах, экзагенных выцвітах. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці калійных угнаенняў і хім. прам-сці. З празрыстых крышталяў вырабляюць прызмы для інфрачырвонай спектраскапіі. Прамысл. радовішчы на Беларусі, Украіне, у Расіі, Германіі, ЗША і інш.

Э.​А.​Высоцкі.

Сільвін.

т. 14, с. 381

СІЛЬВІНІ́Т,

саляная асадкавая горная парода, якая ўяўляе сабой шчыльную агрэгатную сумесь крышталяў сільвіну (15—60%) і галіту (25—85%), а таксама растваральных карналіту (5—10% і болей), лангбейніту, кізерыту і інш. і нерастваральных — гліны, карбанатаў, ангідрыту і інш. прымесей. Афарбоўка чырвоная і стракатая. Чырванаколерныя С. маюць мікра-, дробна- і сярэднезярністую структуру, слаістую тэкстуру; страката-колерныя С. — сярэдне- і буйназярністую структуру, плямістую і масіўную тэкстуру і характэрныя для іх сінія крышталі галіту. Утвараецца пераважна хемагенным шляхам у выніку выпадзення хларыду калію (КСІ) і хларыду натрыю (NaCl) у асадак у басейнах павышанай салёнасці (прыбярэжнамарскога і лагуннага тыпу) ва ўмовах арыднага клімату пры выпарэнні або ахаладжэнні рапы. Радовішчы ў Канадзе, Расіі, Германіі, Казахстане, ЗША, на Украіне і інш. На Беларусі паклады С. ў Прыпяцкім саляносным басейне. Распрацоўваецца Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей, разведана Петрыкаўскае радовішча калійных солей.

Э.​А.​Высоцкі.

т. 14, с. 381

СІЛЬВЯСТРО́ВІЧ (Станіслаў) (31.1.1833, Гродзенская губ.? — 1910),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Дэрпцкі ун-т (1855). Быў блізкі да рэв. арг-цыі К.​Каліноўскага і В.​Урублеўскага. З 2-й пал. 1862 як акруговы начальнік кіраваў падрыхтоўкай паўстання ў паўн. частцы Гродзенскага пав. З вясны 1863 паўстанцкі цывільны начальнік Гродзенскага пав., з чэрв. — начальнік ваяводства. 30.7.1863 арыштаваны, 8 месяцаў яго трымалі ў гродзенскай, з крас. 1864 дамініканскай турме ў Вільні. Пры допытах Асобай следчай камісіяй даў падрабязныя паказанні, якія сёння з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі паўстання на Гродзеншчыне. Асуджаны на 8 гадоў катаргі ў Сібіры.

Літ.:

Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг. М., 1964.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 14, с. 381