СІЛУЭ́Т [франц. silhouette ад імя франц. міністра 18 ст. Э. дэ Сілуэта (E. de Silhouette), на якога была зроблена карыкатура ў выглядзе ценявога профілю],

1) характэрны абрыс прадметаў, бачны як адзіная плоская пляма без дэталей унутры контуру. Выразнасць С. звязана з характарам контуру і залежыць ад формы, месцазнаходжання і асветленасці аб’екта.

2) Від маст. тэхнікі: плоскасная аднатонная выява фігур і прадметаў, якая ўтварае суцэльную, абмежаваную контурам пляму на кантрастным фоне. Мастацтва С. вядома са старажытнасці ў Кітаі, Японіі (асабліва ў тэатры ценяў) і інш. краінах Азіі; у Еўропе пашырана з 18 ст. У тэхніцы С. (пераважна ў графіцы) выконваюць профільныя партрэты, быт. сцэнкі, ілюстрацыі, нацюрморты. Вял. ролю адыгрывае С. у плакаце. Сярод майстроў С. — Ф.​Антынг, Ф.​О.​Рунге (Германія), А.​Бенуа, М.​Дабужынскі, У.​Маякоўскі, К.​Сомаў, Ф.​Талстой (Расія), М.​Селяшчук (Беларусь) і інш. Своеасаблівая разнавіднасць С. — выцінанка.

3) Контурная выява фігуры (пераважна ў натуральны памер), прызначаная для стварэння ілюзіі прысутнасці жывога чалавека. Выразаныя з дошкі і размаляваныя С. ўзніклі ў 1-й пал. 17 ст. ў Галандыі, пазней пашырыліся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Выкарыстоўваліся як экран для камінаў, для імітацыі варты, падтрымкі расчыненых дзвярэй і інш. З 19 ст. выкарыстоўваецца як рэкламны сродак (фігуры ля ўваходаў у рэстараны, у вітрынах магазінаў і інш.), у наш час вырабляецца пераважна як наклееная на кардон фотавыява.

С.​У.​Пешын.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)