СІЛЬВІНІ́Т,

саляная асадкавая горная парода, якая ўяўляе сабой шчыльную агрэгатную сумесь крышталяў сільвіну (15—60%) і галіту (25—85%), а таксама растваральных карналіту (5—10% і болей), лангбейніту, кізерыту і інш. і нерастваральных — гліны, карбанатаў, ангідрыту і інш. прымесей. Афарбоўка чырвоная і стракатая. Чырванаколерныя С. маюць мікра-, дробна- і сярэднезярністую структуру, слаістую тэкстуру; страката-колерныя С. — сярэдне- і буйназярністую структуру, плямістую і масіўную тэкстуру і характэрныя для іх сінія крышталі галіту. Утвараецца пераважна хемагенным шляхам у выніку выпадзення хларыду калію (КСІ) і хларыду натрыю (NaCl) у асадак у басейнах павышанай салёнасці (прыбярэжнамарскога і лагуннага тыпу) ва ўмовах арыднага клімату пры выпарэнні або ахаладжэнні рапы. Радовішчы ў Канадзе, Расіі, Германіі, Казахстане, ЗША, на Украіне і інш. На Беларусі паклады С. ў Прыпяцкім саляносным басейне. Распрацоўваецца Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей, разведана Петрыкаўскае радовішча калійных солей.

Э.​А.​Высоцкі.

т. 14, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)