Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГМАТЫ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, вывергнутыя горныя пароды,

горныя пароды, якія ўтварыліся з расплаўленай магмы пры яе зацвярдзенні і крышталізацыі. Складаюць (паводле Ф.Кларка) 95% аб’ёму зямной кары. У залежнасці ад умоў зацвярдзення магмы ў нетрах Зямлі або на яе паверхні адрозніваюць інтрузіўныя горныя пароды і эфузіўныя горныя пароды. М.г.п. звычайна складзены з сілікатаў. Па колькасці крэменязёму (SiO2) падзяляюцца на групы: ультраасноўныя (SiO2 < 40%, дуніты, алівініты, перыдатыты і інш.), асноўныя (40—55%, піраксеніты, габра, базальты і інш.), сярэднія (55—65%, гранадыярыты, дыярыты, андэзіты і інш.) і кіслыя (SiO2 > 65%, граніты, рыяліты, дацыты і інш.). Па колькасці шчолачаў у кожнай групе вылучаюць нармальны, субшчолачны і шчолачны рады. Спалучэнні групы і рада вызначаюць сем’і гэтых парод. М.г.п. развіты ў складкавых абласцях, фундаменце і чахле платформ, на шчытах, у сучасным акіяне. З імі звязаны карысныя выкапні, напр., з кіслымі М.г.п. — волава, вальфрам, золата, з асноўнымі — тытанамагнетыт, медзь, з ультраасноўнымі — хром, плаціна, нікель, са шчолачнымі — тытан, фосфар, апатыт, цырконій, рэдкія землі. М.г.п. выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял (лабрадарыты, туфы і інш.), абразіўны і цеплаізаляцыйны (пемза, перліт), як сыравіна для вылучэння каштоўных кампанентаў (напр., алюмінію з нефелінавых сіенітаў) і інш.

У.Я.Бардон.

т. 9, с. 475

МАГНА́Т (ад сярэднелац. magnatus багаты, знатны чалавек),

у феадальную эпоху буйны землеўладальнік, прадстаўнік радавітай знаці ў некаторых краінах Еўропы, асабліва ў Польшчы, ВКЛ і Венгрыі. У ВКЛ М. валодалі вял. зямельнымі латыфундыямі з гарадамі, мястэчкамі і тысячамі прыгонных сялян. Некаторыя з іх (напр., Радзівілы, Сапегі) мелі ўласныя войскі і крэпасці.

Выкарыстоўваючы свой уплыў і багацце, М. Рэчы Паспалітай займалі ў ёй вышэйшыя дзярж. пасады і фактычна кіравалі дзяржавай. У 1567 на Беларусі было 29 М., кожны з якіх меў больш за 1000 сял. «дымоў» (гаспадарак). У пераносным сэнсе слова «М.» выкарыстоўваецца ў дачыненні да буйных прадстаўнікоў прамысл. і фін. капіталу.

т. 9, с. 475

МАГНЕЗІ́Т (ад новалац. magnesia магнезія),

мінерал класа карбанатаў, карбанат магнію MgCO3. Мае ў сабе MgO 47,82%, CO2 52,18%. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя або няправільна выцягнутыя. Пашыраны фарфорападобныя ад груба- да схаванакрышт. зярністыя масы. Колер белы, жаўтавата-шэры, ружовы. Чыстыя крышталі празрыстыя. Бляск шкляны. Цв. 3,75—4,25. Крохкі. Шчыльн. 2,9—3,1 г/см​3. Прамысл. радовішчы звязаны з метамарфізаваным даламітам, трапляецца таксама ў саляносных пародах. Руда для вытв-сці каўстычнай і паленай магнезіі. Таксама М. наз. горная парода, якая складзена поўнасцю з М. Гэта белыя, шэрыя, афарбаваныя арган. рэчывам тонказярністыя, крышт., аднароднай тэкстуры пласты і лінзы. Утвараюць даламітава-магнезітавую фармацыю (напр., рыфей Башкірскага антыклінорыя, г. Сатка).

С.М.Абравец, У.Я.Бардон.

т. 9, с. 475

МАГНЕ́ЗІЯ ПА́ЛЕНАЯ,

тое, што магнію аксід.

т. 9, с. 475

МАГНЕ́ТА (франц. magéto ад грэч. magnetis магніт),

магнітаэлектрычны генератар пераменнага току. Стварае эл. разрады паміж электродамі свечак запальвання, ад якіх узгараецца рабочая сумесь у цыліндрах рухавіка ўнутр. згарання. Выкарыстоўваліся ў авіяц., трактарных, аўтамаб., матацыклетных і інш. рухавіках. З 1960-х г. заменены батарэйнымі і інш. сістэмамі запальвання.

Схема магнета: 1 — вярчальны магніт; 2 — магнітаправод; 3, 4 — другасная і першасная абмоткі трансфарматара; 5 — перарывальнік; 6 — кулачок; 7 — размеркавальнік; Ф — магнітны паток.

т. 9, с. 475

МАГНЕТАКАЛАРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

змена тэмпературы магнетыка пры адыябатным (цеплаізаляваным) змяненні напружанасці H магнітнага поля, у якім знаходзіцца магнетык. Пры адыябатным размагнічванні (памяншэнні H) т-ра зніжаецца, пры адыябатным намагнічванні (павелічэнні H) — павышаецца. М.э. асабліва значны ў фера- і парамагнетыкаў (гл. Магнітнае ахаладжэнне).

т. 9, с. 475

МАГНЕТАХІ́МІЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае залежнасць паміж магн. ўласцівасцямі рэчываў і іх будовай.

Асн. ўласцівасць, якая вымяраецца ў М. — магнітная ўспрыімлівасць. Звычайна яе вызначаюць па змене вагі ўзору рэчыва ў магн. полі, пры гэтым карыстаюцца метадамі, прапанаванымі англ. вучоным М.Фарадэем і швейц. хімікам Ф.Гюі. Для дыямагнітных рэчываў, пераважна арган. злучэнняў, элементы будовы малекул выводзяцца, зыходзячы з адытыўнай схемы франц. фізікахіміка П.Паскаля (1910), згодна з якой малекулярная магн. ўспрыімлівасць роўная суме ўспрыімлівасцей асобных атамаў, што ўваходзяць у састаў малекулы, з папраўкай на характар хім. сувязі паміж імі. Пры даследаванні парамагн. рэчываў (напр., комплексаў пераходных металаў, атамных кластараў) супастаўляюць эксперым. і тэарэт. значэнні магнітных момантаў ці аналізуюць іх залежнасць ад т-ры, што дазваляе меркаваць аб ступені акіслення металу, прыродзе ўзаемадзеянняў унутры комплексу і комплексу з часціцамі, якія яго акружаюць, аб прасторавай структуры і сіметрыі крышт. поля, наяўнасці фера- і антыферамагн. узаемадзеянняў у шмат’ядз. утварэннях. У М. класічныя метады даследаванняў спалучаюцца з магнітарэзананснымі метадамі (гл. Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс). Новы кірунак у М. — вывучэнне непасрэднага ўплыву магн. поля на хім. раўнавагу, кінетыку і механізм хім, рэакцый. Метады М. выкарыстоўваюцца ў аналіт. практыцы, напр., для выяўлення прымесей ферамагн. рэчываў у колькасцях, недаступных для вызначэння інш. метадамі.

Літ.:

Калинников В.Т. Ракитин Ю.В. Введение в магнетохимию. М., 1980;

Карлин Р.Л. Магнетохимия: Пер. с англ. М., 1989.

В.Н.Макатун.

т. 9, с. 476

МАГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

узнікненне намагнічанасці ў крышталях пры змяшчэнні іх у эл. поле. Вызначаецца формулай I = aE, дзе I — намагнічанасць, E — напружанасць эл. поля, α — каэфіцыент прапарцыянальнасці. Прадказаны Л.Д.Ландау і Я.М.Ліфшыцам (1957), эксперыментальна адкрыты ў 1960. Назіраецца ў магнітаўпарадкаваных крышталях (антыфера-, феры- і ферамагнетыках). Макс. значэнне каэфіцыента α для аксіду хрому Cr2O3 каля 2∙10​−6 A/B. Існуе і адваротны эфект — узнікненне эл. палярызацыі пры змяшчэнні крышталя ў магн. поле.

т. 9, с. 476

МАГНЕТО́Н,

адзінка вымярэння магнітнага моманту ў фізіцы атама, атамнага ядра і элементарных часціц. Магн. момант атамных сістэм у асн. абумоўлены арбітальным рухам электронаў і іх спінам і вымяраецца ў М.Бора: μБ = eh_ / 2mec = 9,274110−24 Дж/Тл, дзе h_ = h/2π , h — пастаянная Планка, e — элементарны эл. зарад, me — маса электрона, c — скорасць святла ў вакууме; спінавы магн. момант электрона таксама роўны М.Бора. Магн. момант нуклонаў і атамных ядраў вымяраецца ў ядз. М.: μя = eh_ / 2mpc = 5,050810−27 Дж/Тл, дзе mp — маса пратона.

т. 9, с. 476

МАГНЕТРО́Н [ад грэч. magnētis магніт + (элек)трон],

электравакуумная прылада для генерыравання звышвысокачастотных ваганняў, у якой электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях.

Найб. пашыраны шматрэзанансныя М., з дапамогай якіх атрымліваюць вял. магутнасці ЗВЧ ваганняў. Яны маюць высокі ккдз і даволі простую канструкцыю. Магутнасць М. ў бесперапынным рэжыме складае дзесяткі кілават у дэцыметровым і дзесяткі ват у міліметровым дыяпазонах; у імпульсным рэжыме магутнасць М. дасягае 5 МВт у дзесяцісантыметровым дыяпазоне. Ккдз М. найб. высокі сярод ЗВЧ прылад і дасягае 83% у дэцыметровым дыяпазоне. Шырока выкарыстоўваецца ў радыётэхн. і прамысл. устаноўках (напр., у перадатчыках радыёлакацыйных станцый, генератарах ЗВЧ награвання). Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.

А.А.Кураеў.

Многарэзанатарны магнетрон: 1 — анодны блок з рэзанатарамі 2 тыпу «шчыліна—адтуліна»; 3 — вывады падагравальніка катода 4; 5 — прыстасаванне вываду ЗВЧ-энергіі.

т. 9, с. 476