МАГНА́Т

(ад сярэднелац. magnatus багаты, знатны чалавек),

у феадальную эпоху буйны землеўладальнік, прадстаўнік радавітай знаці ў некаторых краінах Еўропы, асабліва ў Польшчы, ВКЛ і Венгрыі. У ВКЛ М. валодалі вял. зямельнымі латыфундыямі з гарадамі, мястэчкамі і тысячамі прыгонных сялян. Некаторыя з іх (напр., Радзівілы, Сапегі) мелі ўласныя войскі і крэпасці.

Выкарыстоўваючы свой уплыў і багацце, М. Рэчы Паспалітай займалі ў ёй вышэйшыя дзярж. пасады і фактычна кіравалі дзяржавай. У 1567 на Беларусі было 29 М., кожны з якіх меў больш за 1000 сял. «дымоў» (гаспадарак). У пераносным сэнсе слова «М.» выкарыстоўваецца ў дачыненні да буйных прадстаўнікоў прамысл. і фін. капіталу.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)