Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАДЫШКІЛІЯ́НІ Атар Міхайлавіч

(н. 21.8.1923, г. Новачаркаск, Расія),

балетмайстар і оперны рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1961). Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1955). З 1955 балетмайстар у розных т-рах Расіі. З 1965 гал. балетмайстар, у 1972—76 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 гал. рэжысёр Ніжагародскага т-ра оперы і балета. Д.-балетмайстру ўласцівы сцвярджэнне рэаліст. вобразнасці, пошукі ў галіне сцэн. формы. Актыўна супрацоўнічаў з бел. кампазітарамі. Першы пастаноўшчык балетаў «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1974) Я.Глебава, «Пасля балю» Г.Вагнера (1971). Сярод інш. пастановак на бел. сцэне: балеты «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга (1966), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1968), оперы «Хаваншчына» М.Мусаргскага (1970), «Пікавая дама» (1972) і «Іаланта» (1975) П.Чайкоўскага, «Дон Жуан» В.А.Моцарта (1973), «Русалка» А.Даргамыжскага (1974). У Ніжагародскім т-ры паставіў балет «Маленькі прынц» Глебава (1982).

А.І.Калядэнка.

А.М.Дадышкіліяні.

т. 6, с. 6

ДАДЫШКІЛІЯ́НІ Натэла Атараўна

(н. 2.12.1960, г. Чэлябінск, Расія),

артыстка бел. балета. Засл. арт. Беларусі (1990). Дачка А.Дадышкіліяні. Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1979). З 1979 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Танцоўшчыца класічнага плана. Найб. блізкія ёй партыі ў пастаноўках В.Елізар’ева: Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага). Сярод інш. партый: Маша, Адэта—Адылія, фея Бэзу і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Сільфіда («Сільфіда» Х.Левенскольда), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Уладарка дрыяд («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Дзяўчына («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Магнолія («Чыпаліна» К.Хачатурана).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 151—156.

А.І.Калядэнка.

т. 6, с. 6

ДАДЫЯ́НІ Шалва Мікалаевіч

(21.5.1874, г. Зестафоні, Грузія — 15.3.1959),

грузінскі пісьменнік і тэатр. дзеяч. Нар. арт. Грузіі (1923). У 1893—1923 акцёр і рэжысёр (з 1907) Кутаіскага груз. драм. т-ра. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (зб. «Іскра», 1892). Пісаў драм. творы, апавяданні. Сярод п’ес: «У падзямеллі» (1905), «Калі яны балявалі» (1907), «Гегечкоры» (1915), «Учарашнія» (1916). Аўтар першай у груз. л-ры сатыр. камедыі «У самае сэрца» (1928), аптыміст. трагедыі «Тэтнульд» (1931), гіст. раманаў «Юрый Багалюбскі» (1927), «Сям’я Гвіргвіліяні» (1945—54) і інш.

т. 6, с. 6

ДАДЭ́ (Daudet) Альфонс

(13.5.1840, г. Нім, Францыя — 16.12.1897),

французскі пісьменнік. Ураджэнец Праванса, ён ужо ў першых творах, якія зрабілі яго імя вядомым (зб. вершаў «Закаханыя», 1858; аўтабіягр. раман «Малы», 1868; зб. апавяданняў і нарысаў «Пісьмы з майго млына», 1869), з тонкім лірызмам і мяккім гумарам расказаў пра побыт, норавы, звычаі, паданні сваіх землякоў, з любоўю намаляваў вобраз «маленькага чалавека». На правансальскім матэрыяле напісана і вядомая сатыр. трылогія пра Тартарэна («Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона», 1872; «Тартарэн у Альпах», 1885; «Порт Тараскон», 1890). У вобразе гал. героя ён высмеяў дробнага буржуа, правінцыяльнага абывацеля, фразёра і хвалько. У сац. раманах 1870—80-х г. з гіст. і амаль дакументальнай канкрэтнасцю, паказаў сучасную яму Францыю, стварыў трапныя сатыр. вобразы драпежных дзялкоў і паліт. авантурыстаў («Фрамон малодшы і Рыслер старэйшы», 1874; «Набоб», 1877; «Каралі ў выгнанні», 1879), прадажных журналістаў і рэліг. фанатыкаў («Нума Руместан», 1881; «Евангелістыка», 1883), бяздарных артыстаў і лжэвучоных («Сафо», 1884; «Бессмяротны», 1885). Аўтар п’ес («Арлезіянка», 1872, і інш.), успамінаў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—7. М., 1965.

Літ.:

История всемирной литературы. Т. 7. М., 1990.

Т.У.Кавалёва.

т. 6, с. 6

ДАДЭКАНЕ́С,

астравы ў Эгейскім м., гл. Спарады Паўднёвыя.

т. 6, с. 7

ДАДЭКАФО́НІЯ

(ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),

адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл. Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.М.Гаўэра, А.Габы, Э.Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т.л. бел. В.Войцік, Г.Гарэлава, А.Гураў, У.Дарохін, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, С.Картэс, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.

Літ.:

Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;

Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;

Яго ж. Гармония. М., 1988.

Т.Г.Мдывані.

т. 6, с. 7

ДАДЭКА́ЭДР (ад грэч. dōdeka дванаццаць + hedra грань), адзін з пяці тыпаў правільных шматграннікаў. Мае 12 граней (пяцівугольных), 30 рэбраў, 20 вяршынь (у кожнай вяршыні сыходзяцца 3 рабры). Калі a — даўжыня рабра Д., тады яго аб’ём v = a3 4 ( 15 + 75 ) 7,6631   a3 . Упершыню Д. пабудаваў Тэатэт (4 ст. да н.э.).

Дадэкаэдр.

т. 6, с. 7

ДАЕ́ННЕ,

працэс атрымання малака ад с.-г. жывёл (кароў, коз, авечак, кабыл і інш.). Малако ў вымі лактуючай жывёлы ўтвараецца бесперапынна і да пачатку чарговага Д. запаўняе альвеалярны і цыстэрнавы аддзелы, адкуль яго атрымліваюць дзякуючы рэфлексу малакааддачы, які стымулюецца абмываннем, выціраннем, масажам вымя. Дояць кароў машынным (гл. Даільная ўстаноўка, Даільны апарат) або ручным спосабам. Найб. спрыяльныя ўмовы для выдалення малака з вымя стварае машыннае Д.: адначасова выдойваюцца 4 долі вымя, павышаецца прадукцыйнасць працы, малако не забруджваецца. Звычайна карову дояць 2—3 разы на дзень. Ручным спосабам дояць авечак (1—2 разы ў суткі), коз малочных парод (2 разы).

т. 6, с. 7

ДАЁНКА,

у беларусаў бандарная пасудзіна на 6—10 л, крыху расшыраная ў верхняй частцы. Выкарыстоўвалася для даення кароў. Рабілі Д. з хваёвых, радзей з дубовых ці кляновых клёпак. Адна падоўжаная клёпка ўтварала ручку, у клёпцы насупраць рабілі літок (рыльца). Для даення кароў у полі выкарыстоўвалі Д. з почапкай.

Даёнка.

т. 6, с. 7

ДАЖБО́Г,

язычніцкае бажаство ўсх. славян, бог сонца і агню; пазней бог земляробства, урадлівасці, дабрабыту. Сын Сварога. У Кіеўскай Русі Д. пакланяліся (яго ідал быў пастаўлены побач з Перуном і інш. багамі на капішчы за церамным дваром у Кіеве). Як сімвалічны вобраз трапляецца ў стараж.-рус. л-ры (першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980). У «Слове аб палку Ігаравым» Д. выступае як продак і апякун Русі і стараж.-рус. народа.

т. 6, с. 7