ДАДЫШКІЛІЯ́НІ Натэла Атараўна
(н. 2.12.1960, г. Чэлябінск, Расія),
артыстка бел. балета. Засл. арт. Беларусі (1990). Дачка А.Дадышкіліяні. Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1979). З 1979 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Танцоўшчыца класічнага плана. Найб. блізкія ёй партыі ў пастаноўках В.Елізар’ева: Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага). Сярод інш. партый: Маша, Адэта—Адылія, фея Бэзу і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Сільфіда («Сільфіда» Х.Левенскольда), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Уладарка дрыяд («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Дзяўчына («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Магнолія («Чыпаліна» К.Хачатурана).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 151—156.
А.І.Калядэнка.
т. 6, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)