ДАДЫШКІЛІЯ́НІ Атар Міхайлавіч

(н. 21.8.1923, г. Новачаркаск, Расія),

балетмайстар і оперны рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1961). Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1955). З 1955 балетмайстар у розных т-рах Расіі. З 1965 гал. балетмайстар, у 1972—76 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 гал. рэжысёр Ніжагародскага т-ра оперы і балета. Д.-балетмайстру ўласцівы сцвярджэнне рэаліст. вобразнасці, пошукі ў галіне сцэн. формы. Актыўна супрацоўнічаў з бел. кампазітарамі. Першы пастаноўшчык балетаў «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1974) Я.Глебава, «Пасля балю» Г.Вагнера (1971). Сярод інш. пастановак на бел. сцэне: балеты «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга (1966), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1968), оперы «Хаваншчына» М.Мусаргскага (1970), «Пікавая дама» (1972) і «Іаланта» (1975) П.Чайкоўскага, «Дон Жуан» В.А.Моцарта (1973), «Русалка» А.Даргамыжскага (1974). У Ніжагародскім т-ры паставіў балет «Маленькі прынц» Глебава (1982).

А.І.Калядэнка.

А.М.Дадышкіліяні.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)