ДАЕ́ННЕ,
працэс атрымання малака ад с.-г. жывёл (кароў, коз, авечак, кабыл і інш.). Малако ў вымі лактуючай жывёлы ўтвараецца бесперапынна і да пачатку чарговага Д. запаўняе альвеалярны і цыстэрнавы аддзелы, адкуль яго атрымліваюць дзякуючы рэфлексу малакааддачы, які стымулюецца абмываннем, выціраннем, масажам вымя. Дояць кароў машынным (гл. Даільная ўстаноўка, Даільны апарат) або ручным спосабам. Найб. спрыяльныя ўмовы для выдалення малака з вымя стварае машыннае Д.: адначасова выдойваюцца 4 долі вымя, павышаецца прадукцыйнасць працы, малако не забруджваецца. Звычайна карову дояць 2—3 разы на дзень. Ручным спосабам дояць авечак (1—2 разы ў суткі), коз малочных парод (2 разы).
т. 6, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)