Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКІ́ДЗЕЛЬСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва сярэдзіны 19 ст. ў г. Скідзель Гродзенскага р-на. Парк мяшанага пейзажна-рэгулярнага тыпу. Пл. 4,8 га. На тэрыторыі парку 2 каналы. У ніжняй ч. парку захаваліся рэшткі старых прысад з ліпы, конскага каштана звычайнага, грабавыя шпалеры; у яе кампазіцыі творы архітэктуры малых форм: капліца, уязная брама ў выглядзе 2 круглых мураваных вежачак з конусападобнымі дахамі. Верхняя ч. парку больш багатая паводле дэндралагічнага складу. Растуць экзоты: хвоя веймутава, ліпа амер., арэх шэры, акацыя белая, ясень звычайны (форма ніцая) і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

Скідзельскі парк. Схема планіроўкі.

т. 14, с. 455

СКІ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у Беластоцкай вобл. Цэнтр — г.п. Скідзель. 12.10.1940 падзелены на 11 сельсаветаў. З 20.9.1944 у Гродзенскай вобл. 25.12.1962 раён скасаваны, сельсаветы перададзены Гродзенскаму раёну.

т. 14, с. 455

СКІ́ДЗЕЛЬСКІ ЦУКРО́ВЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў 1947 у г. Скідзель Гродзенскага р-на як Бел. цукровы камбінат на базе Скідзельскага буракасаўгаса, Гродзенскай буракабазы і Бел. цукровага з-да (будаваўся ў 1946—51). Прадукцыю выпускае з 1951. У 1961 уведзены ў дзеянне цэх па вытв-сці лімоннай кіслаты з патакі. У 1993 здадзены ў эксплуатацыю тэхналагічны корпус з вытворчай магутнасцю 3 тыс. т цукру за суткі. З 1997 — адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (2001): цукар-пясок, лімонная кіслата, вапна таварная, патака.

т. 14, с. 455

СКІ́КДА,

горад на ПнУ Алжыра. Адм. ц. аднайм. вілайі. Вядомы са стараж. часоў. Каля 200 тыс. ж. (2001). Вузел аўтадарог, марскі порт (экспарт нафты і звадкаванага газу), канцавы пункт нафта- і газаправодаў з Сахары. Аэрапорт. Прам-сць: нафтахім., нафтаперапр., харч. (аліўкавы алей, садавінныя і рыбныя кансервы). Вытв-сць пластмас. Апрацоўка кары коркавага дуба. Музей (у т. л. карфагенскія і рым. зборы). Руіны рым. амфітэатра.

т. 14, с. 455

СКІЛУ́Р (грэч. Skiluros),

скіфскі цар 2 ст. да н.э. Вядомы з твораў Страбона, Плутарха, з надпісаў на манетах г. Ольвія. Пры ім познаскіфскае царства (ахоплівала панізоўі Паўд. Буга, Дняпра, стэпавы Крым) дасягнула значнага росквіту: мела флот, у Ольвіі чаканіла манету, вяло гандаль. Каб пашырыць свае ўладанні і атрымаць выхад да мора, С. заключыў ваен. саюз з сармацкім племем раксаланаў і пачаў вайну. Аднак пантыйскі цар Мітрыдат VI Еўпатар узяў пад абарону Херсанес. У час вайны з Мітрыдатам С. памёр, а Скіфія каля 108—107 да н.э. пацярпела паражэнне. У сталіцы царства Неапалі скіфскім (цяпер на тэр. г. Сімферопаль, Украіна) выяўлены грэч. надпіс з імем цара С. і яго маўзалей.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 455

СКІ́НДАЧКА,

у беларусаў дзявочы галаўны ўбор. Называлі таксама апаяска, завязка, шырынка. Кроілі ў выглядзе ручніка з даматканага кужэльнага палатна рознай танальнай адбелкі, радзей з белага паркалю або з бела-чырвонай у бела-блакітныя папярочныя паскі баваўнянай даматканкі (шыр. 10—30, даўж. 70—140 см). Завязвалі на патыліцы так, каб не закрывала макаўку галавы, а свабодныя канцы звісалі на спіну ці грудзі. Шылі С. з 3 частак — вузкай, сярэдняй і шырокіх бакавых. Шырокія С. складвалі па даўжыні ў 2—4 столкі; у тую частку, што абвязвала галаву, устаўлялі паперу, кардон, луб або падшывалі палатно. Святочныя С. аздаблялі вышыўкай (крыжыкам, процягам, мярэжкай, гафтам), узорыстым натыканнем, карункамі, мохрыкамі, аплікацыяй і інш. Часцей выкарыстоўвалі геам. арнамент: па канцах С. размяшчалі шырокі ўзорысты шляк, адзін або два падоўжныя бакі аздаблялі вузкімі ўзорыстымі паскамі. Каларыт арнаменту чырвона-малінавы з чорнымі і блакітнымі ўкрапінамі, радзей белы з чырвоным. У вясельным касцюме С. дапаўняў вянок з кветак. Шырока бытавала да канца 19 ст. амаль па ўсёй Беларусі, у 1-й пал. 20 ст. захавалася ў калінкавіцкім строі.

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчына ў скіндачцы. Светлагорскі раён Гомельскай вобл. Пачатак 20 ст.

т. 14, с. 455

СКІ́НЕР ((Skinner) Берэс Фрэдэрык) (20.3.1904, г. Саскуэхана, ЗША — 18.8.1990),

амерыканскі псіхолаг і філосаф; прадстаўнік біхевіярызму. Чл. Нац. АН ЗША Д-р філасофіі (1931), праф. (1948). Скончыў Гамільтонскі каледж (1926). На аснове даследаванняў паводзін жывёл распрацаваў канцэпцыю аперантнага (ад «аперацыя») абумоўлівання, якое прынцыпова адрозніваў ад умоўна-рэфлекторнага. Сцвярджаў, што прынятая прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму (Дж.​Уотсан і інш.) і неабіхевіярызму (Э.​Толмен, К.​Хал) схема «стымул—рэакцыя» не ўлічвае ўплыву рэакцыі на паводзіны («Паводзіны арганізмаў», 1938). Лічыў, што арганізм набывае новыя рэакцыі, таму што сам заахвочвае (падмацоўвае) іх, і толькі пасля гэтага знешні стымул выклікае рэакцыю. Кожная рэакцыя, на яго думку, заснавана на папярэднім вопыце і генетычным кодзе, а ўсе паводзіны можна расцэньваць як абумоўленае спалучэнне пазітыўных і негатыўных стымулаў (напр., ежа, увага, голад, боль, пахвала, прыніжэнне). Паводле С., у грамадстве не можа быць незалежнага «аўтаномнага чалавека», бо паводзіны індывіда абумоўлівае і кантралюе сац. асяроддзе праз сац. ін-ты, звычаі, мову, сродкі камунікацыі і г.д. Альтэрнатывай такому ўздзеянню лічыў сац. формы супольнасцей, члены якіх павінны быць інтэграваны ў сістэму пазітыўнага псіхал. падмацавання (узаемавыгадныя, справядлівыя адносіны індывідаў адзін да аднаго ў працэсе зносін), у выніку чаго адпадае неабходнасць у рэпрэсіўных ін-тах («Па той бок свабоды і годнасці», 1971). Гэтая канцэпцыя атрымала назву сац. біхевіярызму. Працы С. заклалі псіхал. і метадалагічныя асновы сучаснага праграмаванага навучання, якое ён разглядаў як «паслядоўнае навядзенне» на патрэбную рэакцыю («Тэхналогія навучання», 1968). Аўтар прац «Навука і паводзіны чалавека» (1953), «Пра біхевіярызм» (1974), «Аўтабіяграфіі» (т. 1—2, 1976), рамана-утопіі «Уолдэн-2» (1948) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Наука об учении и искусство обучения // Программированное обучение за рубежом. М., 1968;

Оперантное поведение // История зарубежной психологии, 30—60-е гг. XX в.: Тексты. М., 1986.

Літ.:

Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. М., 1971;

Кондрашенк о В.Т., Донской Д.И. Общая психотерапия. 2 изд. Мн., 1997;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ.-Мн., 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 14, с. 455

СКІН-ЭФЕ́КТ (ад англ. skin скура, абалонка + эфект),

паверхневы эфект, затуханне электрамагнітных хваль па меры іх пранікнення ў праводнае асяроддзе. У выніку пераменны ток размяркоўваецца пераважна ў паверхневым слоі (скін-слоі) правадніка, пераменны магн. паток — у паверхневым слоі магнітаправода.

С.-э. тлумачыцца тым, што пад дзеяннем знешняга пераменнага поля свабодныя электроны правадніка ствараюць віхравыя токі, поле якіх кампенсуе знешняе поле ў аб’ёме правадніка. У выніку частка эл.-магн. энергіі пераўтвараецца ў цеплавую, што і вядзе да затухання хваль. Праяўленне С.-э. тым большае, чым большая частата току або магн. патоку, плошча сячэння проваду або магнітаправода, праводнасць і магн. пранікальнасць матэрыялу. С.-э. вядзе да павелічэння эл. супраціўлення проваду пераменнаму току ў параўнанні з супраціўленнем пастаяннаму току і да размагнічвання магнітаправода віхравымі токамі. На С.-э. заснаваны дзеянне эл.-магн. экранаў, высокачастотная паверхневая загартоўка стальных вырабаў і інш.

т. 14, с. 456

СКІ́ПА ((Schipa) Ціта) (2.1.1889, г. Лечэ, Італія — 16.12.1965),

італьянскі спявак (лірычны тэнар). Вучыўся ў А.​Джэрунды ў Лечэ і ў Э.​Пікалі ў Мілане. У 1910—55 выступаў на сцэне італьян. і інш. оперных т-раў Еўропы і Амерыкі, у т. л. Чыкагскага, «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». З 1946 выступаў і як канцэртны выканаўца. Адзін з буйн. італьян. оперных спевакоў 20 ст. Майстар бельканта. Яго голас вылучаўся багаццем адценняў. пластычнасцю, пяшчотнасцю і мяккасцю гучання. Сярод лепшых партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Немарына, Эрнеста («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Вертэр («Вертэр» Ж.​Маснэ). Спяваў у спектаклях з Ф.​Шаляпіным. Здымаўся ў муз. кінафільмах, у т. л. «Любімыя арыі». Аўтар аперэты «Прынцэса Ліяна» (паст. 1935), хар. і фп. твораў, песень.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал Л., 1972.

т. 14, с. 456

СКІ́ПАВЫ ПАД’ЁМНІК,

устаноўка для транспартавання сыпкіх грузаў з дапамогай аўтаматычна разгружальных карабоў (скіпаў). Складаецца з рэйкавых (з вуглом пад’ёму да 45°) і інш. жорсткіх накіравальных, скіпаў (падвешваюцца да цягавых канатаў, разгружаюцца перакульваннем або праз адкідное дно), пад’ёмнай машыны (лябёдкі), капра, перагрузачных прыстасаванняў. Выкарыстоўваюцца для пад’ёму карысных выкапняў і пароды па шахтавых ствалах, для загрузкі шыхты ў доменныя печы, вагранкі, падачы вугалю ў кацельні і інш.

Скіпавы пад’ёмнік: 1 — шахтавы; 2 — загрузачны (да вібрапрасавальнай машыны).

т. 14, с. 456