СКІЛУ́Р (грэч. Skiluros),

скіфскі цар 2 ст. да н.э. Вядомы з твораў Страбона, Плутарха, з надпісаў на манетах г. Ольвія. Пры ім познаскіфскае царства (ахоплівала панізоўі Паўд. Буга, Дняпра, стэпавы Крым) дасягнула значнага росквіту: мела флот, у Ольвіі чаканіла манету, вяло гандаль. Каб пашырыць свае ўладанні і атрымаць выхад да мора, С. заключыў ваен. саюз з сармацкім племем раксаланаў і пачаў вайну. Аднак пантыйскі цар Мітрыдат VI Еўпатар узяў пад абарону Херсанес. У час вайны з Мітрыдатам С. памёр, а Скіфія каля 108—107 да н.э. пацярпела паражэнне. У сталіцы царства Неапалі скіфскім (цяпер на тэр. г. Сімферопаль, Украіна) выяўлены грэч. надпіс з імем цара С. і яго маўзалей.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)