СКІН-ЭФЕ́КТ (ад англ. skin скура, абалонка + эфект),

паверхневы эфект, затуханне электрамагнітных хваль па меры іх пранікнення ў праводнае асяроддзе. У выніку пераменны ток размяркоўваецца пераважна ў паверхневым слоі (скін-слоі) правадніка, пераменны магн. паток — у паверхневым слоі магнітаправода.

С.-э. тлумачыцца тым, што пад дзеяннем знешняга пераменнага поля свабодныя электроны правадніка ствараюць віхравыя токі, поле якіх кампенсуе знешняе поле ў аб’ёме правадніка. У выніку частка эл.-магн. энергіі пераўтвараецца ў цеплавую, што і вядзе да затухання хваль. Праяўленне С.-э. тым большае, чым большая частата току або магн. патоку, плошча сячэння проваду або магнітаправода, праводнасць і магн. пранікальнасць матэрыялу. С.-э. вядзе да павелічэння эл. супраціўлення проваду пераменнаму току ў параўнанні з супраціўленнем пастаяннаму току і да размагнічвання магнітаправода віхравымі токамі. На С.-э. заснаваны дзеянне эл.-магн. экранаў, высокачастотная паверхневая загартоўка стальных вырабаў і інш.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)