Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЯСНЫ́ ГАДАВА́ЛЬНІК,

гаспадарка, якая вырошчвае пасадачны матэрыял лясных парод для азелянення, стварэння лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў; таксама ўчастак зямлі, дзе гадуюць пасадачны матэрыял. Уваходзяць у лясгасы. Л.г. падзяляюць на малыя (да 5 га), сярэднія (5—15), вялікія (больш за 15) і базісныя (больш за 25 га); таксама часовыя (закладваюць паблізу будучай пасадкі на тэрмін да 5 гадоў), пастаянныя (для доўгатэрміновага выкарыстання). Пастаянныя маюць аддзяленні: чаранковых саджанцаў; пасяўное і школьнае для вырошчвання сеянцаў і саджанцаў; матачнае для атрымання матэрыялу для вегетатыўнага і насеннага размнажэння; дэндралагічнае. На Беларусі 207 Л.г. (у т.л. пастаянных 72) агульнай пл. 1405 га (1997). 3 іх найбуйнейшыя Глыбоцкі, Смаргонскі, Старобінскі, Мазырскі, Ваўкавыскі, Жлобінскі.

Г.В.Юзафовіч.

т. 9, с. 430

ЛЯСНЫ́ ЖА́ВАРАНАК,

гл. ў арг Жаваранкі.

т. 9, с. 430

ЛЯСНЫ́ КАДА́СТР,

сістэматызаваны звод асн. звестак пра лясныя аб’екты краіны. У ім даецца апісанне агульнай плошчы лясных аб’ектаў, месца знаходжання ўчасткаў, іх канфігурацыі, склад, іх якасць і інш., прыроднае, гасп. і прававое становішча лясоў. Парадак вядзення Л.к. Рэспублікі Беларусь рэгламентуецца нормамі зямельнага права. Гл. таксама Дясны кодэкс Рэспублікі Беларусь.

т. 9, с. 430

ЛЯСНЫ́ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе лясныя праваадносіны. Прыняты 21.6.1979. Уключае прэамбулу, 7 раздзелаў, 128 артыкулаў. 1-ы раздзел прысвечаны агульным пытанням: вызначае задачы ляснога заканадаўства, склад дзярж. ляснога фонду, замацоўвае дзярж. ўласнасць на лясы; 2-і раздзел прысвечаны пытанням лесакарыстання; 3-і — пытанням аднаўлення і павелічэння прадукцыйнасці лясоў; 4-ы ахове і абароне лясоў; 5-ы — дзярж. ўліку лясоў, дзярж. лясному кадастру і лесаўпарадкаванню; 6-ы прадугледжвае віды парушэнняў ляснога заканадаўства і адказнасць за іх; 7-ы прысвечаны міжнар. дагаворам у галіне лясных адносін.

т. 9, с. 430

ЛЯСНЫ́ КО́НІК,

птушка, гл. ў арт. Конікі.

т. 9, с. 430

ЛЯСНЫ́ ПО́ДСЦІЛ,

наглебавае ўтварэнне ляснога біяцэнозу. Фарміруецца ў выніку назапашвання і раскладання расліннага ападу. Характарызуецца магутнасцю, запасам, складам і будовай, на якія ўплываюць відавы склад, узрост і яруснасць лесу, самкнутасць ляснога полага, развіццё жывога наглебавага покрыва, водны рэжым глебы, актыўнасць фауны і інш. У залежнасці ад ступені раскладання арган. рэшткаў у Л.п. адрозніваюць падгарызонты: верхні (леташняга ападу), сярэдні (ферментацыі) і ніжні (гуміфікацыі). Месца існавання жывых арганізмаў; утварае гумус, ахоўвае глебу ад мех. ўшчыльнення і эрозіі, вызначае яе тэмпературны і водна-паветраны рэжым і лесараслінныя ўласцівасці, уплывае на аднаўленне лесу. На Беларусі магутнасць Л.п. 1—5 см, запас 3—30 т/га і больш.

Г.В.Юзафовіч.

т. 9, с. 430

ЛЯСНЫ́ ФОНД,

сукупнасць усіх лясоў краіны натуральнага і штучнага паходжання. Л.ф. Рэспублікі Беларусь складаецца з лясоў дзярж. значэння і калгасных. Паводле нар.-гасп. значэння і функцый падзяляецца на лясы 1-й і 2-й груп, што складае адпаведна 37 і 63% пл. Паводле зямельнага і ляснога заканадаўства да дзярж. Л.ф. адносяцца ўкрытыя лесам землі, а таксама не ўкрытыя, але прызначаныя для патрэб лясной гаспадаркі. У яго склад не ўваходзіць дрэвава-хмызняковая расліннасць, якая расце на землях с.-г. прызначэння, на палосах адводу чыгунак, аўтадарог і каналаў, у гарадах і інш. населеных пунктах, на прысядзібных, дачных і садовых участках. Агульная пл. зямель Л.ф. ў Беларусі (1998) каля 7 млн. га, або 33,9% тэр. рэспублікі.

т. 9, с. 430

ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 каля чыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канца жн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял. Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс. чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г. Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.

т. 9, с. 431

ЛЯСНЯ́НСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС.

Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогі рас. войск над шведскім корпусам ген. А.Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогі рус. войск (1906, скульпт. А.Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).

В.М.Чарнатаў.

Ляснянскі мемарыяльны комплекс.

т. 9, с. 431

ЛЯСУ́Н, лесавік,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вял. вачыма, у звярынай шкуры. Л. мог, нібыта, паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама наганяць на чалавека страху, прымусіць яго блукаць на адным месцы. Вобраз Л. страціў рэліг. значэнне ў пач. 20 ст.

М.Ф.Піліпенка.

т. 9, с. 431