ВЕ́ЛКАМ
(Welkom),
горад у цэнтр. ч. ПАР, у правінцыі Аранжавая Рэспубліка. Каля 200 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр золата- і ураназдабыўнога раёна, з асваеннем якога пасля 2-й сусв. вайны звязана ўзнікненне горада. Хім. прам-сць. Тэхнал. ін-т і каледж.
т. 4, с. 69
ВЕ́ЛЛЕ,
возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 16 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 0,9 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі 5,25 км. Пл. вадазбору 3,75 км². Схілы катлавіны пад лесам, месцамі разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, параслі хмызняком, на У і Пд забалочаныя.
т. 4, с. 69
ВЕ́ЛЛЕ,
возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вельніца (выцякае з возера), за 7 км на З ад г.п. Расоны. Пл. 0,55 км², даўж. 0,93 км, найб. шыр. 840 м, найб. глыб. 4,6 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,7 км².
Схілы катлавіны нізкія, на Пд выш. да 3 м, разараныя, месцамі пад лесам. Берагі на Пн і У нізкія, пясчаныя, на Пд і З затарфаваныя, парослыя хмызняком.
т. 4, с. 69
ВЕЛУ́РУ,
горад у Індыі, у штаце Тамілнад, на р. Палар. Каля 300 тыс. ж. (1990). Гандлёва-трансп. цэнтр с.-г. раёна (збожжа). Перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Папяровая ф-ка.
т. 4, с. 69
ВЕЛУТА́,
вадасховішча ў Беларусі, у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. За 26 км на Пн ад г. Лунінец, за 3 км на ПнЗ ад в. Велута. Створана ў 1976. Пл. 7,6 км², даўж. 3,4 км, шыр. 2,8 км, сярэдняя глыб. 3,4 м. Аб’ём вады 31 млн. м³. Берагі спадзістыя, пясчаныя, параслі хмызняком. Наліўное, напаўняецца са Стрыжэўскага канала і р. Цна пры дапамозе помпавай станцыі. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.
т. 4, с. 69
ВЕ́ЛЬБАРСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія з сярэдзіны 1 ст. насялялі тэр. паўн.-ўсх. Польшчы. Назва ад могільніка каля мяст. Мальбарк-Вельбарк у Ніжнім Павісленні. Мае 2 стадыі развіцця: вельбарска-любавідскую (1—2 ст.) і вельбарска-цэцэльскую (2—4 ст.), у час якой пачалося прасоўванне плямён Вельбарскай культуры на ПдУ, таму ў 2 ст. яны займалі тэр. ад правабярэжжа Зах. Буга да р. Гарынь. Насельніцтва жыло на адкрытых селішчах па берагах рэк, у 2-камерных жытлах глінабітна-каркаснай канструкцыі. Выраблялі ляпныя прысадзістыя шыракагорлыя гаршкі, арнаментаваныя рэльефнымі геам. ўзорамі, нешматлікую ганчарную кераміку. Пахавальныя абрады — трупапалажэнне і трупаспаленне на бескурганных могільніках; пахавальны інвентар найчасцей складаўся з глінянага гаршка, бронзавай фібулы і касцянога грэбеня. На фарміраванне Вельбарскай культуры, на думку многіх даследчыкаў, паўплывалі ўсх.-герм. плямёны готаў і гепідаў. На тэр. Беларусі вядомы толькі могільнікі Вельбарскай культуры з абрадам трупаспалення: Брэсцкі бескурганны могільнік, Дружба (Брэсцкі р-н), Вялічкавічы (Камянецкі р-н) і інш.
В.С.Вяргей.
т. 4, с. 69
ВЕЛЬБО́Т
(ад англ. whale-boat кітабойная шлюпка),
быстраходная 4—8-вёславая мараходная шлюпка з вострымі носам і кармой. Весляры размяшчаюцца па аднаму на банцы (сядзенні), кожны вяслуе адным двухлопасцевым вяслом. Вельботы бываюць раз’язныя і выратавальныя. Як кітабойныя вельботы зараз не выкарыстоўваюцца.
т. 4, с. 69
ВЕЛЬВЕ́Т
(ад англ. velvet аксаміт),
вельвецін, шчыльная баваўняная ці сінт. тканіна, якая мае на добрым баку падоўжныя рубчыкі з уточнага ворсу. Вельвет-корд мае шырокія, вельвет-рубчык — вузкія рубчыкі. З вельвету шыюць курткі, касцюмы і інш.
т. 4, с. 69
ВЕЛЬВЕТО́Н,
гладкаафарбаваная шчыльная тканіна з кароткім густым начасаным ворсам на добрым баку. Выкарыстоўваюць у асноўным для пашыву спарт. касцюмаў.
т. 4, с. 69
ВЕЛЬГА́ЎЗЕН
(Wellhausen) Юліус (17.5.1844, г. Гамельн, Германія — 7.1.1918),
нямецкі ўсходазнавец. Праф. тэалогіі ў Грайфсвальдзе (1872—82), усходазнаўства ў Гале (1882—85), Марбургу (1885—92) і Гётынгене (з 1892). Даследчык стараж. гісторыі іудаізму, ранняга перыяду гісторыі ісламу, раннехрысц. літ. помнікаў. Гал. працы: «Уводзіны ў Стары Запавет» і «Гісторыя Ізраіля» (абедзве 1878), «Гісторыя Ізраіля і Іудзеі» (1894). Паводле Вельгаўзена гал. частка т.зв. Майсеевага закону (ён назваў яго Жрэцкім кодэксам) напісана не легендарным Майсеем у 15—13 ст. да н.э., як сцвярджае іудзейска-хрысц. традыцыя, а групай жрацоў у 6 ці 5 ст. да н.э.
т. 4, с. 69