Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІВАНО́Ў (Мікалай Львовіч) (н. 30.12.1948, г. Брэст),

бел. і польскі гісторык. Канд. гіст. н. (Мінск, 1977), доктар габілітаваны (Вроцлаў, 1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1971). З 1973 працаваў у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1985 дацэнт Вроцлаўскага, з 1991 праф. Іерусалімскага ун-таў. З 1992 супрацоўнік радыё «Свабода» (Прага). Даследуе нац. палітыку ў БССР і СССР, развіццё сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў міжваен. перыяд, праблему ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у 1939, гісторыю яўрэяў у Беларусі. Аўтар кніг «Палякі ў Савецкім Саюзе ў 1921—1939 гг.» (Вроцлаў, 1990), «Першы пакараны народ. Палякі ў Савецкім Саюзе, 1921—1939» (Варшава; Вроцлаў, 1991), «Першы пакараны народ. Сталінізм і ягоны стасунак да польскага насельніцтва на крэсах (1921—1938)» (Варшава, 1991).

Тв.:

Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921—1937 гг.). Мн., 1980.

Л.П.Мірачыцкі.

т. 7, с. 153

ІВАНО́Ў (Міхаіл Аляксеевіч) (12.11.1904, С.-Пецярбург — 1955),

бел. кампазітар. Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1931). У 1931—38 заг. муз. часткі Бел. трама, адказны сакратар аргкамітэта Саюза кампазітараў БССР. У 1941—42 артыст аркестра Мінскага гар. т-ра. У 1944 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1988. Працаваў пераважна ў жанры песні, раманса (пісаў на вершы Я.Купалы, М.Багдановіча). Аўтар аперэты «Зарэчны барок» на лібр. А.Жаўрука і А.Ушакова (з С.Палонскім, паст. 1940, Т-р муз. камедыі БССР), дзіцячай оперы «Мухамор» на лібрэта В.Таўлая паводле аднайм. казкі М.Танка (1943), музыкі да спектакляў «Новы горад» І.Гурскага (1932) у Бел. траме і «Шлях далёкі» М.Шастакова (1934) у Т-ры юнага гледача БССР.

Р.М.Аладава.

т. 7, с. 153

ІВАНО́Ў (Павел Іванавіч) (12.7.1909, г. Саратаў, Расія — 1989),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1928). З 1929 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1945 у Бел. т-ры імя Я.Купалы, у 1964—69 кіраўнік нар. т-ра Палаца культуры і тэхнікі Мінскага аўтазавода. Выканаўца характарных і камедыйных роляў, якія вылучаліся яскравым малюнкам, псіхал. паглыбленасцю: Шаранговіч («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Энгстранд («Здані» Г.Ібсена), Пікалаў («Любоў Яравая» К.Транёва), фон Штубэ («Разлом» Б.Лаўранёва) і інш. ў т-ры імя Я.Коласа; Нейгаўз («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Печкуроў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Джэралд («Ён прыйшоў» Дж.Прыстлі) і інш. ў т-ры імя Я.Купалы.

т. 7, с. 153

ІВАНО́Ў Сцяпан, гл. Палубес.

т. 7, с. 153

ІВАНО́Ў Сямён, майстар разьбяной і сталярнай справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля У 1683—85 у складзе арцелі бел. разьбяроў і цесляроў удзельнічаў у аздабленні і ўстаноўцы іканастаса царквы Данскога манастыра ў Маскве (1683), рабіў для царскіх харомаў крэслы, сталы, куфэркі і інш.

т. 7, с. 153

ІВАНО́Ў (Сямён Варфаламеевіч) (27.4.1880, в. Мамкіна Смаленскай вобл., Расія — 8.6.1955),

дзяржаўны дзеяч БССР. У 1918 нам. старшыні, старшыня выканкома Зах. вобласці (камуны). Пры абвяшчэнні БССР увайшоў у склад Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі (камісар унутр. спраў), разам з інш. членамі ўрада падпісаў Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. У 1919 чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР. Са жн. 1919 на парт., сав. і гасп. рабоце ў РСФСР.

т. 7, с. 153

ІВАНО́Ў (Сяргей Несцеравіч) (20.3.1909, в. Валынцава Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 22.7.1994),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Чл.-кар. АН Беларусі (1961), Акадэміі с.-г. нав. БССР (1959—61), д-р с.-г. н., праф. (1958). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Скончыў БСГА (1932). У 1938—41 дырэктар, з 1945 заг. лабараторыі Ін-та сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН БССР. З 1958 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (у 1962—70 дырэктар, з 1958 і ў 1970—82 заг. лабараторыі). Навук. працы па даследаванні абменных рэакцый катыёнаў і аніёнаў у глебе, вызначэнні адноснай ролі вокіслаў жалеза і алюмінію ў сорбцыі фасфат-іонаў глебамі, глінамі і торфам радыехраматаграфічным вадкасным метадам, вывучэнні калійнага жыўлення раслін метадам выкарыстання радыеактыўнага і стабільнага рубідыю для мечання калію. Распрацаваў біял. метад вызначэння патрэбы раслін ва ўгнаеннях у залежнасці ад наяўнасці пажыўных рэчываў у глебах. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Физико-химический режим фосфатов торфов и дерново-подзолистых почв. Мн., 1962;

Способ определения емкости поглощения фосфора и калйя дерново-подзолистыми и торфяно-болотными почвами. Мн., 1982 (разам з В.В.Лапай).

С.Н.Іваноў.

т. 7, с. 153

ІВАНО́Ў (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 6.6.1952, Мінск),

бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1971). У 1971—92 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1992 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў, Дзярж. харэаграфічным каледжы. Выканальніцкую манеру вызначаюць шчырасць, натуральнасць, сцэн. абаяльнасць; яго танец пластычна выразны, драматычна асэнсаваны, псіхалагічна завостраны. Стварыў яркія вобразы ў нац. спектаклях: Тыль і Філіп, Князь і Машэка («Тыль Уленшпігель», «Курган» Я.Глебава). Сярод інш. партый: Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Спартак, Крас («Спартак» А.Хачатурана), Бог («Стварэнне свету» А.Пятрова), Зігфрыд і Ротбарт, Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Кавалер, Базіль (Вялікае класічнае па на муз. Л.Мінкуса з балета «Пахіта» Э.Дэльдэвеза, «Дон Кіхот» Мінкуса), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 136—140.

А.І.Калядэнка.

У.У.Іваноў.
У.Іваноў у ролі Тыля.

т. 7, с. 153

ІВАНО́Ў (Уладзімір Усцінавіч) (н. 25.4.1949, в. Мурожніца Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. акварэліст, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Разнастайныя па пластычнай манеры творы аб’ядноўвае мяккасць жывапісных рашэнняў і стрыманасць колеру. Сярод твораў: пейзажы «Месяц над возерам» (1985), «Край блакітных азёр» (1986), цыкл «Далёкі ўсход» (1990), «Раніца» (1995), «Браслаўшчына» і «Сведка стагоддзяў» (1996); нацюрморты «Вярба» (1986), «Нацюрморт з трубой, ракушкамі і марскімі вожыкамі» і «Кета» (абодва 1990), тэматычныя кампазіцыі «Сталі на смерць» і «Памяць» (абедзве 1985). Яго творам уласцівы адметная логіка пабудовы маст. вобраза, спалучэнне канкрэтыкі вобразных вырашэнняў з узнёсла рамантычнымі і сімвалічнымі прыёмамі яе інтэрпрэтацыі.

М.Л.Цыбульскі.

У.Іваноў. Вярба. 1986.

т. 7, с. 154

ІВАНО́Ў (Фёдар Мікалаевіч) (н. 20.9.1929, в. Гірсаўка Прыазоўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1954). Працуе ў Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных, камедыйных роляў: Трахім («Прымакі» Я.Купалы), Зайчык («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Стары («Ладдзя роспачы» У.Караткевіча), Белагубаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Настаўнік танцаў («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Цыба («Змова Фіеска ў Генуі» Ф.Шылера). Яго мастацтва вызначаецца мяккім лірызмам, дасціпнасцю, народнасцю і псіхалагізмам.

т. 7, с. 154