ІВАНО́Ў (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 6.6.1952, Мінск),

бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1971). У 1971—92 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1992 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў, Дзярж. харэаграфічным каледжы. Выканальніцкую манеру вызначаюць шчырасць, натуральнасць, сцэн. абаяльнасць; яго танец пластычна выразны, драматычна асэнсаваны, псіхалагічна завостраны. Стварыў яркія вобразы ў нац. спектаклях: Тыль і Філіп, Князь і Машэка («Тыль Уленшпігель», «Курган» Я.​Глебава). Сярод інш. партый: Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.​Шастаковіча), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Спартак, Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Бог («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Зігфрыд і Ротбарт, Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Кавалер, Базіль (Вялікае класічнае па на муз. Л.​Мінкуса з балета «Пахіта» Э.​Дэльдэвеза, «Дон Кіхот» Мінкуса), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 136—140.

А.​І.​Калядэнка.

У.У.Іваноў.
У.Іваноў у ролі Тыля.

т. 7, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)