Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАКРЫ́ЦЫ (Oniscoidea),

падатрад раўнаногіх ракападобных. Каля 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. у стэпавай зоне. Большасць відаў жыве на сушы, пераважна ў месцах з павышанай вільготнасцю (адсюль назва), некат. — на марскіх берагах, у ручаях, крыніцах. Актыўныя ўначы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайная (Porcellio scaber), М. сценавая (Oniscus asellus).

Даўж. да 5 см. Цела пляскатае, канечнасцей 12 пар. Некат. дыхаюць з дапамогай шчэлепных лісткоў, у інш. ёсць прыстасаванні для дыхання атм. паветрам (трахеі). Амаль усе расліннаедныя. Раздзельнаполыя, развіццё без метамарфозу. Глебаўтваральнікі; некат. шкодзяць с.-г. культурам.

т. 9, с. 543

МАКРЭ́ДЗІ ((Macready) Уільям Чарлз) (3.3.1793, Лондан — 27.4.1873),

англійскі акцёр, рэжысёр. Дэбютаваў у 1810 у Бірмінгеме. З 1816 у Лондане ў т-рах «Ковент-Гардэн» (у 1837—39 кіраўнік), «Друры-Лейн» (у 1841—43 кіраўнік). Пастаноўшчык і выканаўца гал. роляў у п’есах: «Генрых V» У.Шэкспіра, «Два Фаскары» Дж.Байрана, «Страфард» Р.Браўнінга, «Ліёнская прыгажуня», «Рышэльё» Э.Дж.Булвер-Літана. Акцёр вял. драм. тэмпераменту. Яго мастацтву ўласціва яркая тэатральнасць, глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць вобраза. Адзін з першых адрадзіў на сцэне сапраўдныя шэкспіраўскія тэксты. Сярод роляў: кароль Лір, Гамлет, Макбет (аднайм. п’есы Шэкспіра).

т. 9, с. 543

МАКРЭ́ЛЬ,

рыба, гл. Скумбрыя.

т. 9, с. 543

МАКРЭ́НКА (Анатоль Юр’евіч) (н. 22.1. 1933, г.п. Цярны Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

украінскі спявак (барытон). Нар. арт. Украіны (1973). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1956), Кіеўскую кансерваторыю (1963). З 1968 саліст Укр. т-ра оперы і балета (Кіеў). Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. дараваннем. Сярод партый: Мікола, Астап («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.Лысенкі), Максім («Арсенал» Г.Майбарады), Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Жэрмон, граф ды Луна («Травіята», «Трубадур» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Эскамільё, Зурга («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Невер («Гугеноты» Дж.Меербера), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Мурман («Абесалом і Этэры» З.Паліяшвілі). Дзярж. прэмія Грузіі 1972. Дзярж. прэмія Украіны 1979.

т. 9, с. 543

МАКСА́КАВА (Марыя Пятроўна) (8.4.1902, г. Астрахань, Расія — 11.8.1974),

расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1971). Вучылася ў Астраханскім муз. вучылішчы, з 1921 у вак. педагога М.Максакава. У 1923—53 (з перапынкам) у Вял. т-ры ў Маскве. Валодала высокім, гнуткім голасам цёплага лірычнага тэмбру, яскравым тэмпераментам, майстэрствам фразіроўкі. Сярод партый: Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша, Ганна, Лель («Царская нявеста», «Майская ноч», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна («Аіда», «Трубадур» Дж.Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Кларычэ («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева), Алмаст («Алмаст» А.Спендыярава). Выступала таксама ў пастаноўках Дзярж. ансамбля оперы пад кіраўніцтвам І.Казлоўскага. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951.

Літ.:

М.П.Максакова: Воспоминания. Статьи. М. 1985.

М.П.Максакава.

т. 9, с. 543

МА́КСВЕЛ ((Maxwell) Джэймс Клерк) (13.6.1831, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 5.11.1879),

англійскі фізік, стваральнік класічнай электрадынамікі, адзін з заснавальнікаў статыстычнай фізікі. Чл. Эдынбургскага (1855) і Лонданскага (1860) каралеўскіх т-ваў. Вучыўся ў Эдынбургскім (1847—50) і Кембрыджскім (1850—54) ун-тах. Праф. Абердзінскага (1856—60), Лонданскага (1860—65), Кембрыджскага (з 1871) ун-таў. Арганізатар і першы дырэктар (з 1871) Кавендышскай лабараторыі. Навук. працы па электрадынаміцы, малекулярнай фізіцы, оптыцы, механіцы і тэорыі пругкасці, гісторыі фізікі і інш. Устанавіў статыстычны закон размеркавання малекул ідэальнага газу па скарасцях (1859; гл. Максвела размеркаванне), развіў тэорыю пераносу ў дастасаванні да працэсаў дыфузіі, цеплаправоднасці і ўнутр. трэння, увёў паняцце часу рэлаксацыі. Выявіў статыстычны характар другога закону тэрмадынамікі (1867) і ўвёў тэрмін «статыстычная механіка» (1868). Развіваючы ідэі М.Фарадэя, стварыў тэорыю эл.-магн. поля (гл. Максвела ўраўненні), увёў паняцце току зрушэння, прадказаў існаванне эл.-магн. хваль, выказаў ідэю аб эл.-магн. прыродзе святла, што дало магчымасць выявіць сувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі. Тэарэтычна вызначыў ціск святла (1873), устанавіў сувязь паміж асн. тэрмадынамічнымі параметрамі (суадносіны М.), развіў ідэю каляровага зроку, даследаваў устойлівасць кольцаў Сатурна. Апублікаваў рукапісы Г.Кавендыша па электрычнасці (1879).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. по теории алектромагнитного поля. М., 1954;

Статьи и речи. М., 1968.

Літ.:

Кудрявцев П.С. Максвелл. М., 1976;

Максвелл и развитие физики XIX—XX вв.: [Сб. ст.]. М., 1985.

А.І.Балсун.

Дж.К.Максвел.

т. 9, с. 543

МА́КСВЕЛА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,

статыстычная заканамернасць, якая вызначае размеркаванне па скарасцях (або імпульсах) малекул сістэмы, што знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры ўмове, што паступальны рух малекул падпарадкоўваецца законам класічнай механікі). Выведзена Дж.К.Максвелам (1859) для аднаатамных газаў і пашырана на мнагаатамныя газы рас. вучоным М.М.Піраговым (1885).

М.р. па модулях скорасці малекул ідэальнага газу вызначаецца формулай dn = 4πh ( m / 2πkT ) 3/2 exp (− m v2 / 2kT ) v2 dv , дзе dn — сярэдняя колькасць малекул у адзінцы аб’ёму сістэмы, якія маюць модулі скорасці ў інтэрвале ад v да v+dv, n — поўная колькасць малекул у адзінцы аб’ёму сістэмы, m — маса адной малекулы, Tабс. т-ра, k = 1,38∙10​−23 Дж/К — пастаянная Больцмана. Паводле М.р. вызначаюцца сярэдняя арыфметычная < v > = 8kT πm , сярэдняя квадратычная < v > кв = 3kT m і найб. імаверная v ім = 2kT m скорасці малекул газу. М.р. атрымала эксперым. пацвярджэнне ў доследах з малекулярнымі пучкамі, з’яўляецца асновай класічнай статыстыкі (гл. Больцмана статыстыка). З дапамогай М.р. пабудаваны тэорыі вязкасці, цеплаправоднасці, электраправоднасці і інш. малекулярна-кінетычных з’яў.

А.І.Болсун.

Максвела размеркаванне.

т. 9, с. 544

МА́КСВЕЛА ЎРАЎНЕ́ННІ,

асноўныя ўраўненні класічнай макраскапічнай электрадынамікі, што апісваюць эл.-магн. з’явы ў адвольных асяроддзях і вакууме. Выведзены ў канцы 1860-х г. Дж.К.Максвелам на падставе абагульнення эмпірычных законаў эл. і магн. з’яў.

М.ў. звязваюць напружанасць эл. поля E, магн. індукцыю B, эл. індукцыі D і напружанасць магн. поля H з характарыстыкамі крыніц эл. і магн. палёў: шчыльнасцю эл. зарадаў і шчыльнасцю току праводнасці j. У дыферэнцыяльнай форме маюць выгляд: rotE = B t (1), rotH = j + D t (2), divD = ρ (3), divB = 0 (4), дзе D t — шчыльнасць току зрушэння. М.ў. дапаўняюцца матэрыяльнымі ўраўненнямі: D = ε0 ε E , B = μ0 μ H , j = γ E , дзе ε00) — эл. (магн.) пастаянная, ε(μ) — адносная дыэлектрычная (магн.) пранікальнасць і γ — эл. праводнасць асяроддзя. М.ў. (1) выяўляе непарыўную сувязь паміж эл. і магн. палямі і выражае закон электрамагнітнай індукцыі, (2) паказвае, што крыніцай магн. поля з’яўляюцца токі праводнасці і токі зрушэння (гл. Поўнага току закон), (3) устанаўлівае, што крыніцай эл. поля з’яўляюцца эл. зарады (гл. Гаўса тэарэма), (4) паказвае на адсутнасць адасобленых крыніцы магн. поля (магн. зарадаў). М.ў. дазваляюць вызначыць асн. характарыстыкі эл.-магн. поля E, D, B, H у кожным пункце прасторы і ў кожны момант часу, калі вядомыя Q, i, j як функцыі каардынат і часу. З М.ў. вынікае магчымасць існавання электрамагнітных хваль, якія распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла. М.ў. адлюстроўваюць глыбокую сувязь эл. і магн. з’яў і з’яўляюцца тэарэтычнай асновай класічнай і квантавай электрадынамікі, фіз. оптыкі, тэорыі распаўсюджання эл.-магн. хваль і інш. раздзелаў электрамагнетызму.

А.І.Болсун.

т. 9, с. 544

МА́КСІМ ((Maxim) Хайрэм Стывенс) (5.2.1840, Сангервіл, ЗША — 24.11.1916),

амерыканскі канструктар аўтам. зброі і прадпрымальнік. У 1883 стварыў станковы кулямёт («Максім»), аўтам. вінтоўку і гармату. У 1888 у Германіі засн. з-д скарастрэльных гармат і кулямётаў. У 1889—90 распрацаваў тэхналогію вытв-сці новых відаў бяздымнага пораху. Займаўся праблемамі авіяцыі.

т. 9, с. 544

МАКСІ́МАВА,

возера ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас. р. Росіца, за 23 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,4 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 600 м, даўж. берагавой лініі каля 3,5 км. Пл. вадазбору 2,71 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, параслі лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. У цэнтры востраў пл. 0,8 га. Выцякае ручай у р. Росіца.

т. 9, с. 544